Сем адметных мясцін Шчучына, або Чым можа зацікавіць наш горад турыстаў

Манастыр, калегіум піяраў і аптэка.  Манахі каталіцкага ордэна піяраў з’явіліся ў Шчучыне ў 1718 годзе. Іх запрасіў уладальнік Шчучына Ежы Юзафовіч-Глябіцкі. Яны размясціліся пры парафіяльным касцёле і адразу адкрылі школу. Шчучынскі калегіум піяраў, куды ўваходзілі школа і семінарыя, вельмі хутка стаў адным з буйнейшых на тэрыторыі Беларусі. Тут працавала бібліятэка, якая па колькасці кніг саступала толькі падобным установам Гродна і Вільні. У калегіуме вывучалі некалькі замежных моў, сярод якіх былі і ўсходнія.
У шчучынскай рэзідэнцыі піяраў былі свае медыцынскія ўстановы. А ў 1773 годзе ў нашым горадзе адчыніла дзверы першая аптэка. Аптэкарам стаў ксёндз Л. Брэнэт. Ён гатаваў лекі, вывучаў асаблівасці іх уздзеяння, а свае назіранні запісваў. Памяшканне шчучынскай аптэкі ўражвала раскошаю і абсталяваннем. Вядома, што толькі шклянога посуду рознага прызначэння тут налічвалася каля 9 тысяч адзінак. А ў яе бібліятэцы знаходзілася каля 60 рэдкіх кніг па медыцыне і фармацыі.

Касцёл святой Тэрэзы Авільскай. Будынак касцёла з’яўляецца прыкладам правінцыяльна-класічнай архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя. Касцёл узведзены на ўзвышэнні, і яго купал быццам лунае ў небе. Раней недалёка ад гэтага месца стаяў драўляны касцёл. Цагляны быў пабудаваны ў 1826–1829 гг. на сродкі князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага ў гонар святой Тэрэзы. 
У інтэр’еры касцёла сем алтароў, яшчэ два алтары знаходзяцца ў капліцах. У левым крыле касцёла на ўзроўні фундамента знаходзіцца рашотка, за якою – уваход у невялікі склеп, які быў прызначаны для пахавання фундатараў гэтага касцёла. 

Батанічны сад. Батанічны сад, які існаваў у Шчучыне, лічыўся адным з лепшых у Беларусі. Шчучынскі батанічны сад быў закладзены адным з першых, пасля заснаванага Ж. Жыліберам  гродзенскага. Частка калекцыі раслін з Гродна была перададзена ў наш горад. У шчучынскім батанічным садзе налічвалася не менш за 500 відаў раслін. Ёсць меркаванні, што яго рэшткі засталіся ў горадзе да гэтай пары. Напрыклад, каля касцёла святой Тэрэзы Авільскай і сёння расце дуб, якому больш за 200 год. Ёсць мноства рэдкіх і нават экзатычных раслін: шаўкоўніца, ліпа буйналістая, лістоўніца еўрапейская, сібірскі кедр. Побач з Гандлёвым домам расце маньчжурскі арэх, а іншыя яго сабраты – непадалёку ад перакрыжавання дарогі Шчучын-Астрына-Мінск-Гродна. Шчучын упрыгожваюць чатыры віды клёна, тры віды дуба, два віды бярозы. Яшчэ адна іншаземка, якая прапісалася ў Шчучыне, – сасна Веймутава, палюбавацца на якую можна за царквою Міхаіла Архангела і каля рэстарана “Шчучын”. 

Аэрадром. Аэрадром у Шчучыне пабудавалі яшчэ ў канцы 30-ых гадоў мінулага стагоддзя. У савецкі час Шчучын быў цэнтрам ваеннай авіяцыі. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны фашысты бамбілі горад і аэрадром. З распадам Савецкага Саюза гэты аб’ект аказаўся закінутым. Аднак у апошнія гады традыцыі, звязаныя з авіяцыйным мінулым горада, пачалі адраджацца. Была адноўлена ўзлётна-пасадачная паласа. Цяпер аэрадром – пастаяннае месца правядзення авіяцыйных святаў, якія становяцца традыцыйнымі для нашага горада. 

Палац Друцкіх-ЛюбецкіхПомнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму пабудаваны на беразе гарадскога возера яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён нагадвае Малы Трыанон на тэрыторыі Версаля – рэзідэнцыю французскіх каралёў. Спецыяльна для дастаўкі будаўнічага матэрыялу ад станцыі Ражанка да месца закладкі сядзібы была пракладзена вузкакалейка. 
Да верасня 1939 года палац быў уласнасцю княжацкай сям’і Друцкіх-Любецкіх, якая выкарыстоўвала яго ў якасці летняга доміка. Палац быў абсталяваны па апошнім слове тэхнікі і моды таго часу: тут былі ванная, сістэма каналізацыі і нават тэлефонная лінія, якая злучала некалькі княжацкіх сядзіб. У пакоях была старажытная мэбля, а на сценах – цэлая партрэтная галерэя. Каля сядзібы быў разбіты маляўнічы парк, а каля лесу ў вальерах жылі розныя экзатычныя жывёлы. 
У савецкія часы ў палацы размяшчаўся гарнізонны Дом афіцэраў, затым будынак пуставаў. Сёння там знаходзіцца Палац творчасці дзяцей і моладзі і музейны пакой. 

Свята-Міхайлаўская царква. У сярэдзіне XIX стагоддзя намаганнямі святара Мікалая Тэадаровіча на месцы капліцы пачалося будаўніцтва новай царквы, якую ўзвялі з цэглы і асвяцілі ў гонар Міхаіла Архангела ў 1865 г. С цягам часу пры царкве з’явіліся дзве царкоўна-прыходскія школы – асобныя для хлопчыкаў і дзяўчынак. Прычым для кожнай быў пабудаваны асобны будынак. Пры царкве дзейнічаў хор, які ў 1887 годзе быў адзначаны тагачасным ковенскім епіскапам Антоніем.
Царква ў Шчучыне – помнік мураванай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. З часу яго асвячэння знаходзіцца ў храме абраз “Маці Божая Хуткапаслушніца”. 

Гандлёвыя рады XIX стагоддзя і “Біг Бэн”. Калісь у Шчучыне жыло шмат яўрэяў. Гандаль у мястэчку ішоў вельмі бойка. Таму ў цэнтры былі пабудаваны двухпавярховыя гандлёвыя рады – так званыя шчучынскія сукенніцы. На рынку прадавалася сукно і сельгаспрадукцыя. На першых паверхах размяшчаліся гандлёвыя лаўкі, на другіх – жылі гандляры з сем’ямі. Былі тут і карчма, і заезныя дамы. Будынкі тых радоў у цэнтры горада захаваліся да нашых дзён.
Новая вежа з гадзіннікам была пабудавана ў Шчучыне амаль на тым жа месцы, дзе некалі ўзвышалася каменная вежа, узведзеная яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Старажытная вежа з’яўлялася для горада своеасаблівым абярэгам ад пажараў. 

Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

Средняя: 5 (3 оценки)

Комментарии

Аватар пользователя София Савелова

замечательная информация, спасибо автору. Но очень жаль, что среди таких объектов пока не нашлось место супер глубокому по содержанию и подходу музею образования Щучинщины, который создан и успешно работает в гимназии г. Щучина. А там точно есть и что посмотреть, и о чем подумать, и что из много понять (в том числе и про себя)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)