“Дзянніца” – назва з якой крыніцы?

Пастаянныя чытачы ўжо даўно прывыклі да арыгінальнай назвы нашай раённай газеты. Большасць з іх дакладна ведае, што слова “дзянніца” абазначае – “ранішняя зорка”, “пачатак дня”. А вось госці Шчучыншчыны, асабліва калі яны з блізкага ці далёкага замежжа, часцяком здзіўляюцца і просяць патлумачыць, адкуль узялася такая нетрывіяльная і не зусім зразумелая для іх назва. Тады хто-небудзь з нашых супрацоўнікаў абавязкова пажартуе, маўляў, у англічан ёсць свая знакамітая “Morning star”, а ў нас, беларусаў і шчучынцаў у прыватнасці, – “Дзянніца”. Сутнасць, між іншым, у гэтых назвах адна і тая ж!

Гэта сёння мы так успрымаем “Дзянніцу”. Аднак людзі старэйшага пакалення памятаюць Шчучынскую “раёнку” як “Савецкую вёску”. Пад такой назвай яна выходзіла на працягу трох дзесяцігоддзяў – з 1961 па 1991 год. А першы студзеньскі нумар 1992-га – больш чым чвэрць стагоддзя назад! – пабачыў свет пад новым іменем – “Дзянніца”. 
Чаму тагачасны калектыў газеты абраў для свайго выдання менавіта такую назву? Успомніце, гэта былі часы бурлівых перамен, часы адраджэння, абуджэння нацыянальнай самасвядомасці. Ці варта было кагосьці пераконваць у тым, што рэгіянальная газета ўжо даўно перарасла вузка акрэсленую назвай тэматыку савецкай вёскі? Так, мы аграрны раён, але супярэчлівыя сацыяльныя працэсы ў грамадстве, суверэнітэт краіны, адраджэнне нацыянальнай культуры і мовы – усё гэта глыбока хвалявала і нас, журналістаў, і нашых чытачоў. Былая назва газеты стала для выдання, нібыта цесная вопратка для ўзмужнелага чалавека. 
– Згодзен, трэба змяніць назву “Савецкай вёскі”, – падтрымаў ініцыятыву маладых журналістаў тагачасны рэдактар Канстанцін Аляксандравіч Клебан. – Якія будуць прапановы?
Менш за ўсё хацелася мяняць шыла на мыла і стаць у разрад шматлікіх рэгіянальных “веснікаў”, “навін” і іншага роду “газет”. Ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць калег з суседніх раёнаў, але калі прыкладна ў тыя ж часы былі перайменаваны і зараз выходзяць “Лідская газета”, “Воранаўская газета”, “Свіслацкая газета”, “Бераставіцкая газета” з назвамі, нібы клішэ, то, пагадзіцеся, “Дзянніца” і сёння, і на ўсе часы гучыць самабытна, прыгожа, небанальна. Нашу назву вельмі цэняць творчая інтэлігенцыя, пісьменнікі, паэты, мастакі, філолагі, усе гурманы слова.
Сёння ўжо цяжка ўзгадаць, хто з кагорты маладых журналістаў у тыя далёкія-блізкія 90-я мінулага стагоддзя першым вымавіў гэта чароўнае, паэтычнае, старабеларускае і паўзабытае на той час: “Дзянніца!” У гэтым спаконвечным слове роднай мовы былі і свежасць світанку, і сакавітасць фарбаў новага дня, і дух адраджэння гістарычнай спадчыны. Дакладна памятаю: мы не спрачаліся, мы былі аднадумцамі і ўсёй душой прынялі і гэту назву, і ўсё тое, да чаго яна абавязвае – шанаваць сваю мову і культуру, абуджаць у землякоў нацыянальную свядомасць, заўжды быць першымі і ўсюдыіснымі, як ранішнія праменьчыкі сонца, дапамагаць людзям, абаграваць сваім святлом душы, неабыякавасцю, дасціпнасцю і даступнасцю. Так з патэнцыяльнай назвы нібыта сама па сабе вынікала і канцэпцыя новай газеты. Але… 
Былі яшчэ і заснавальнікі выдання. Па-рознаму аднесліся яны да ініцыятывы рэдакцыйнай каманды. “Ну, што гэта за слова такое – “дзянніца”? Хто ведае, што яно абазначае? Назва газеты павінна быць канкрэтнай і зразумелай усім,” – лічылі адны. “Ды цудоўная, прыгожая назва! Незацёртая. Своеасаблівая. Тое, што трэба!” – спрачаліся другія. Зацвердзіць ці не новую назву “раёнкі” канчаткова вырашалі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Тое галасаванне атрымалася далёка не аднагалосным. І ўсё ж большасцю галасоў “Дзянніцы” было наканавана быць! Кіраўніцтва падтрымала прапанову маладых журналістаў, засяродзіўшы ўвагу на тым, што газеце сапраўды патрэбны абнаўленне, павышэнне якасці зместу, актуалізацыя тэм, больш сучасная падача матэрыялаў. Зрэшты, гэтыя патрабаванні застаюцца ў сіле і сёння. Як вядома, сама па сабе замена назвы, шыльдачкі ці імені нічога не значыць, калі не падмацаваць прыгожае слова насамрэч дастойнымі справамі. У нашым выпадку – журналісцкім майстэрствам, выбарам злабадзённых тэм, выкарыстаннем шырокай палітры інфармацыйных і аналітычных жанраў, прафесійным дызайнам палос. У наш час газета павінна быць якасным і канкурэнтаздольным інфармацыйным прадуктам, запатрабаваным у чытача. Менавіта такую газету мы, сённяшні рэдакцыйны калектыў, імкнёмся ствараць для вас.
“Дзянніца” па-ранейшаму з’яўляецца носьбітам беларускага слова, захавальніцай лепшых народных традыцый і добрай сяброўкай, суразмоўцай ды памочніцай для сваіх чытачоў, кола якіх пашыраецца. 
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 

НАША ДАВЕДКА
Шчучынская раённая газета з верасня 1939 па чэрвень 1941 года выходзіла пад назвай “Сцяг працы”.
З мая 1943 па 1961 год мела назву “Чырвоны сцяг”, а з 1961 па 1991 год – “Савецкая вёска”. 1 студзеня 1992 года ў свет выйшаў першы нумар “Дзянніцы”. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.