“Я нарадзіўся з беларускай душой”

Так гаворыць Аляксандр Пятровіч Васько, адзін з былых кіраўнікоў раёна, які сёння адзначае свой слаўны 70-гадовы юбілей

Аляксандра Пятровіча ведаю даўно як цудоўнага, творчага чалавека, цікавага суразмоўцу, таленавітага грамадскага лідара. Два скліканні, з 2003 па 2010 год, ён узначальваў Шчучынскі раённы Савет дэпутатаў. Стыль ягонай работы на той час вызначаўся нейкім, я б сказала, наватарскім, а яшчэ – нефармальным і крэатыўным почыркам. Пэўна, давала свой адгалосак тое, што А.П. Васько на працягу шэрагу гадоў узначальваў сферу культуры раёна, стаяў ля вытокаў так званых брэндавых фестываляў рэгіёна, прызваных прыцягваць люд з усяго свету, раскручваць турыстычны патэнцыял мясцовасці, паказваць ўсё лепшае і ўнікальнае, што ёсць у нас на Шчучыншчыне. Але найлепш раскажа пра сябе сам юбіляр, якога мы запрасілі на інтэрв’ю з нагоды...

– Аляксандр Пятровіч, Вас заўсёды вызначала і вызначае прыгожая і выключна правільная беларуская мова. Гэта нейкі жыццёвы прынцып?
– Ды не, я належным чынам валодаю і рускай мовай, але выхоўваўся ў сялянскай сям’і, вучыўся ў беларускамоўнай школе, зрэшты, адчуваю сябе беларусам да карэньчыкаў валасоў і думаю выключна па-беларуску. Перакананы, родная мова павінна быць нормай у грамадстве і, што называецца, паказваю ўласны прыклад. Унукам, праўда, яшчэ не перадаў гэты духоўны скарб: яны ў мяне пакуль маленькія. А вось сыны і дачка са мной размаўляюць па-беларуску. Вельмі радуе, што малодшая з маіх дзяцей – Наталля, будучы супрацоўнікам Нацыянальнага банка Беларусі, свабодна і на прафесійным узроўні валодае англійскай і нямецкай мовамі. 
– Кажуць, у жыцці для сапраўднага мужчыны надзвычай важна выхаваць сына, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва…
– Сынамі – Уладзімірам і Максімам – я толькі ганаруся. Старэйшы пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта жыве ў Гродне, узначальвае аддзел менеджмента ў сістэме электрасетак. А Максім – інжынер-энергетык, па спецыяльнасці працуе ў Мінску. 
Давялося мне і дом будаваць, праўда, не для сябе, а для дарослых дзяцей. А што тычыцца дрэў, то за сваё жыццё не адзін сад пасадзіў. 
Так, у 2004 годзе з нагоды адкрыцця ў Шчучыне дзяржаўнай гімназіі мы заклалі цэлы батанічны садок, звязаўшы гэты пачын з нашай гісторыяй і слаўным іменем рэктара колішняга калегіума манахаў-піяраў, знакамітага навукоўца-батаніка Станіслава Баніфацыя Юндзіла, які заклаў батанічныя сады па ўсёй Еўропе, але найпершы з іх – у нас у Шчучыне. 
У тыя ж гады мы з дэпутатамі аб’явілі акцыю “Падары гораду прыгажосць”, падчас якой сем’і гараджан куплялі і высаджвалі ў горадзе экзатычныя расліны і дрэўцы. Некалькі год назад у знак маёй павагі да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны я асабіста адгукнуўся на рэспубліканскую акцыю “Пасадзі яблыньку ветэрану” і заклаў маладыя садочкі на многіх сядзібах нашых ветэранаў Шчучыншчыны. Садзячы дрэвы для іншых, атрымліваеш асаблівае задавальненне. Я ж зараз не на жарт захапіўся прышчэпкай дрэў! Маю свой маленькі гадавальнік, шмат эксперыментую. Мару прывіць бэз так, каб на адным кусце красаваліся белыя, ліловыя, ружовыя гронкі розных сартоў і адценняў. Каб гэта здзіўляла і радавала людзей. 
– Аляксандр Пятровіч, што асабліва ўзгадваецца з тых часоў, калі займалі адказныя пасады?
– Яркай старонкай была работа ў культуры, калі з пасады дырэктара Красулёўскай школы я прыйшоў з мноствам ідэй і ініцыятыў, каб узначаліць аддзел культуры райвыканкама. Так, быў у гэтай сферы не прафесіяналам, але вучыўся ў апантаных і творчых людзей. Асабліва запомніліся астрынчане, дзе заўжды жылі моцныя тэатральныя традыцыі. Тагачасны дырэктар ГДК Барыс Антонавіч Дула, загадчыца бібліятэкі Марыя Аляксандраўна Маркевіч, многія іншыя энтузіясты былі маімі дарадчыкамі. 
А якія самабытныя мастацкія калектывы прадстаўлялі ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя нашу культурную сферу! Сямейны ансамбль “Рута” з вёскі Гернікі, народны мужчынскі хор саўгаса “Васілішкі”, многія іншыя… Гэта была моц, прыгажосць, самабытнасць!
Мы адрадзілі ў раёне свята “Провадаў зімы” з тэатралізаваным шэсцем казачных герояў, у якім былі задзейнічаны амаль усе арганізацыі. І на той час усё гэта было навінкай, неверагоднай інавацыяй, якая здзіўляла людзей, радавала, “выцягвала” з кватэр на святочныя вуліцы!
На ўвесь свет “прагучала” з душой і вельмі арыгінальна падрыхтаванае свята да 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, якое прайшло на Шчучыншчыне. Пра яго напісалі нават у … Амерыцы – у беларускамоўным часопісе “Роднае слова”. Памятаю, як мяне ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР за адраджэнне нацыянальных народных святаў. Вядома, такое прызнанне натхняла.
І ўжо потым, значна пазней, калі я ўзначальваў раённы Савет дэпутатаў, хацелася паўтарыць штосьці падобнае. Так узнікла ідэя праводзіць у Шчучыне напрыканцы жніўня свята кветак. Яно мела вялікі рэзананс у рэспубліцы, з усёй Беларусі з’язджаліся госці, прадстаўнікі мас-медыя. Зараз гэты фестываль памяняў прапіску, перамясціўся ў Жалудок. Але ён жыве, і гэта вельмі радуе!
Я шмат працаваў з маладымі дэпутатамі, на старонках раённай газеты з’явіўся “Дэпутацкі сайт”, дзе народныя абраннікі трымалі справаздачы перад чытачом, абменьваліся вопытам работы, было шырока прадстаўлена мясцовае самакіраванне. Дарэчы, у маю бытнасць старшынёй райсавета былі ўведзены Ганаровыя граматы Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў, і наш орган кіравання стаў заахвочваць і ўшаноўваць лепшых з лепшых – ініцыятыўных, працавітых, паспяховых землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашай роднай старонкі. 
– А ці памятаеце, як і ў якім узросце зарабілі свой першы рубель?
– 17 жніўня 1964 года мяне, 17-гадовага ўчарашняга школьніка, назначылі настаўнікам фізічнай культуры ў Сарокінскую школу. Тады і атрымаў сваю першую “дарослую” зарплату, але першы рубель надарыўся яшчэ раней. У 60-м упершыню ў нашай мясцовасці з’явіўся, ліха на яго, каларадскі жук. За знаходку гэтага “экзота” плацілі неблагія для дзятвы грошы. Вось мы, хлопцы-шасцікласнікі, і адшукалі пару-тройку рэдкіх экзэмпляраў. А яшчэ ля нашай найпрыгажэйшай на зямлі прынёманскай вёсачкі Галубы ягадныя і грыбныя мясціны. Змалку мы хадзілі ў лес, здавалі дары прыроды і такім чынам самі сябе матэрыяльна рыхтавалі да школы. Нас у бацькоў было шасцёра, і хацелася неяк дапамагчы сям’і, дзе ніколі не было раскошы, але ўладарыла нейкая незвычайная дабрыня і сардэчнасць. 
– Ці верыце Вы ў лёс?
– Мы часта любім паўтараць: што ж паробіш – такі лёс выпаў. Але вельмі многае залежыць ад самога чалавека, я гэта ведаю па сабе. Некалі мама скептычна гаварыла: “Палезеш у ваду не знаючы броду, і насамрэч утопішся, і будзе табе “лёс”. А калі чалавек паставіць перад сабой высокія мэты, калі мае перад сабой добры прыклад, імкнецца да свайго ідэалу, то абавязкова чагосьці даб’ецца ў гэтым жыцці. Я меў такія яскравыя, але ўпаўне рэальныя прыклады – мае бацькі, старэйшы брат, на якога хацелася быць падобным нават знешне. Усе ў сям’і шмат працавалі, сёстры самааддана вучыліся… Ці мог я стаць гультаём? Праз усё жыццё пранёс сілу бацькоўскага аўтарытэту, і сам для сваіх дзяцей заўжды імкнуўся служыць прыкладам. 
– Аляксандр Пятровіч, сёння ў Вас асаблівы дзень, як яго будзеце адзначаць?
– Абавязкова схаджу ў царкву, сустрэнуся з калегамі, сябрамі. А саму юбілейную імпрэзу мне вырашылі падарыць мае дарослыя дзеці, заказаўшы на выхадныя цэлую праграму ў знакамітай турыстычнай сядзібе “Каробчыцы”.
– Цудоўны падарунак! Мы таксама далучаемся да ўсіх віншаванняў і зычым Вам здароўя і дабрабыту, новых задумак і іх ажыццяўлення, усяго таго, што ўключае ў сябе ёмістае слова – шчасце.
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Ганны ВІЛЕНЦЭВІЧ.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)