Ураджайнасцю “царыцы” можна ганарыцца

Як толькі ўзыходзіць сонца, камбайнеры ААТ “Дэмбрава” В.С. Богдан і Ю.У. Грыб выходзяць у поле ўбіраць кукурузу на сілас. Каля кормаўборачных камбайнаў пастаянна дзяжураць восем трактароў з прычэпамі, якія аператыўна дастаўляюць зялёную масу да сіласных траншэй.

– Я спецыялізуюся на нарыхтоўцы кармоў, – гаворыць Вацлаў Станіслававіч Богдан. – Пакуль іншыя камбайнеры былі заняты на жніве, правёў тры ўкосу шматгадовых траў. Пасля ўбіраў сянаж, а цяпер вось узяўся за “царыцу палёў”. У дзень на камбайне “Палессе” намалочваю каля 500 тон кукурузы. Ураджайнасць радуе: з кожнага гектара атрымліваем не менш за 500 цэнтнераў зялёнай масы.
Усяго ў гаспадарцы пад гэтую культуру адведзена 1350 гектараў, з якіх 1000 гектараў будзе ўбрана на сілас, а астатнія – на зерне. 
– Пры закладцы “кармавой” кукурузы выкарыстоўвалі сарты ўкраінскай і польскай селекцыі, якія выдатна зарэкамендавалі сябе, – тлумачыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Аднак сёлета вясна ўступіла ў свае паўнамоцтвы даволі позна, і некаторыя пасевы пацярпелі ад замаразкаў. Аднак дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій, унясенню ў поўнай меры арганічных і мінеральных угнаенняў і правядзенню неабходнай колькасці хімпраполак нам удалося вырасціць дастойны ўраджай. Упэўнены, сёлета нарыхтуем не менш за 48 тысяч тон сіласу і каля 3000 тон зерня кукурузы.


Зялёную масу дэм­б­раў­скія аграрыі адвозяць на комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына”, дзе яе трамбуюць у сіласныя траншэі два магутныя трактары “К-701”. Закладка кармоў працягваецца ўвесь светлавы дзень і спыняецца толькі з заходам сонца.
– Нягледзячы на тое, што трактар, на якім працую, сышоў з канвеера ў 1979 годзе, ён выдатна дагледжаны і ў рабоце не падводзіць, – зазначае механізатар Аляксандр Пятровіч Ляцінскі. – Важыць ён 12 тон і з лёгкасцю цягае за сабой амаль 4-х тонныя каткі. Раўнамерна размеркаваць зялёную масу па сіласнай траншэі дапамагае механізатар Уладзімір Станіслававіч Краўчук, які кіруе аналагічным “К-701” з прычэпленым каўшом. За працоўную змену мы ўтрамбоўваем да 1200 тон сіласу.
Акрамя нарыхтоўкі кармоў, дэмбраўскія аграрыі актыўна ўбіраюць цукровыя буракі. Кожныя два дні згодна з вызначанай квотай яны адвозяць на перапрацоўку на Скідзельскі цукровы завод 300 тон салодкіх караняплодаў. Да ўсяго тут заканчваюць сяўбу азімых культур пад будучы ўраджай.

Чытайце таксама: 
Яблочко к заготовителю катится
Картофель – хлебу подспорье
Чым вышэй цукрыстасць – тым большы прыбытак
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!