Чым вышэй цукрыстасць – тым большы прыбытак

Падчас жніва механізатар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Сяргей Уладзіміравіч Палубятка на камбайне “КЗС-1218” намалаціў 1230 тон зерня, а зараз перасеў на энерганасычаны камбайн “Holmer”, на якім штодзень выходзіць у поле на ўборку цукровых буракоў. 

– Нягледзячы на дажджлівае надвор’е тэхніка працуе без збояў і выдатна спраўляецца з пастаўленай задачай, – зазначае Сяргей Уладзіміравіч. – За адзін праход па полі ўбіраю шэсць радкоў цукровых буракоў. Салодкі груз па транспарцёры трапляе ў бункер камбайна агульнай змяшчальнасцю прыкладна 22 тоны. Потым я высыпаю яго ў бурты. Бартавы камп’ютар сочыць за работай усіх вытворчых вузлоў і пры неабходнасці аптымізуе іх настройкі і параметры. 


Спецыяльны пагрузчык “Kleine” прама ў полі загружае караняплоды ў грузавікі, і тыя аператыўна дастаўляюць салодкі груз на Скідзельскі цукровы завод. Дарэчы, адвозіць сабраны ўраджай у пункт прыёму мясцовым аграрыям дапамагаюць вадзіцелі аўтапарка №12 і ААТ “Аграхімсэрвіс”.
– Усяго ў гаспадарцы пад цукровыя буракі сёлета адведзена 550 гектараў, з якіх ужо 40 убраны, – гаворыць аграном Дзяніс Валянцінавіч Кароль. – Згодна з распрацаваным планам пры сярэдняй ураджайнасці 550 цэнтнераў з гектара штодзень здаём на Скідзельскі цукровы завод 230 тон салодкага грузу, але калі нам павысяць сутачную квоту прыёму, гатовы павялічыць тэмпы ўборкі. Цукрыстасць караняплодаў складае 14,6%. Менавіта ад гэтага паказчыка ў асноўным залежыць кошт прадукту пасля перапрацоўкі. Упэўнены, у гэтым сезоне атрымаем каля 27 тысяч тон цукровых буракоў. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)