Заслужаныя ўзнагароды ўручылі перадавым сейбітам, якія вызначыліся працай падчас пасяўной кампаніі

Днямі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха сумесна з галоўным спецыялістам аддзела раслінаводства і механізацыі райсельгасхарчу Ірынай Казіміраўнай Назаравай аб’ехалі гаспадаркі раёна, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды перадавым сейбітам, якія вызначыліся працай падчас пасяўной кампаніі.

На рахунку трактарыста ААТ “Орля” І.І. Дзятчыка 509 засеяных гектараў зямлі – гэта самы высокі паказчык сярод механізатараў, якія праводзілі сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур пры дапа­мо­зе навясных агрэ­га­таў. За працавітасць і прафе­сіяналізм Іван Іванавіч быў адзначаны Пісьмом-падзя­кай і грашовай прэміяй.


– Такой высокай узнагароды ўдастоены ўпершыню, хоць і працую ў гаспадарцы ўжо 28 год, – прызнаецца перадавік. – Вельмі прыемна, што мае намаганні заўважылі. Між тым, я не ставіў перад сабой задачу перамагчы ў раённым спаборніцтве, проста добрасумленна і якасна выконваў свае абавязкі. Пры дапамозе навясной шасціметровай сеялкі на трактары МТЗ-1221 засяваў да 35 гектараў у дзень. У полі праводзіў увесь светлавы дзень, і толькі калі сонейка хавалася за гарызонт – вяртаўся дадому. Пасля кароткай вячэры адразу клаўся ў ложак, каб выспацца, бо пад’ём – на досвітку. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Уладзіміравіч Козіч паклапаціўся, каб у нас было якаснае насенне і яго падвозілі своечасова. Ды і палеткі пад сяўбу былі падрыхтаваны выдатна. Таму пасяўную кампанію завяршылі ў тэрмін.
Сярод тых, хто ў той дзень прымаў узнагароды, і перадавы механізатар ААТ “Шчучынаграпрадукт” С.У. Палубятка.
– Сёлета сеяў яравы ячмень, пшаніцу, бабовыя культуры і нават травы, – зазначае Сяргей Уладзіміравіч. – А калі прыйдзе час і хлебная ніва пакліча ў поле – перасяду на зернеўборачны камбайн “Палессе” і пачну жніво. Ужо тры гады запар я станаўлюся прызёрам раённага спаборніцтва на сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур. Як бачыце, заўсёды працую на сумленне!
Генрых Феліксавіч Шандроха і Ірына Казіміраўна Назарава наведалі і іншыя гаспадаркі раёна і ўручылі заслужаныя ўзнагароды перадавым механізатарам Станіславу Вацлававічу Тумаху (ААТ “АграГЖС”), Валерыю Мікалаевічу Жураўскаму (ААТ “Дэмбрава”), Юрыю Мар’янавічу Пазняку (саўгас “Вялікае Мажэйкава”) і Уладзіміру Валер’евічу Паўлюкевічу (ААТ “Васілішкі”).
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.