Сюды на працягу 55 гадоў паштальён прыносіць нашу раёнку. Даведаліся, хто жыве ў доме з аканіцамі

 

Калі я вам скажу, што ў доме па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне жыве былы … прэзідэнт, вы, канешне, не паверыце. А вось тое, што гэта адзіны на ўвесь Шчучын дамок з аканіцамі (па-руску – “ставнями”), гучыць куды больш пераканаўча. Тым не менш, абодва сцвярджэнні – чыстая праўда!

 

Асабіста мяне здавён заінтрыгавалі гэтыя самыя аканічкі. Адкуль яны ўзяліся, ці карысталіся імі калі-небудзь жыльцы і хто ўвогуле гаспадарыць у незвычайным доме? Нядаўна журналісцкая сцяжынка нечакана-негадана прывяла і на гэты падворак. Цікавай жыццёвай гісторыяй шчучынцаў Талалуевых, якія, дарэчы, адданыя падпісчыкі нашай газеты, спяшаюся падзяліцца з вамі.

 

 Гаспадыню дома Соф’ю Мікалаеўну ведае ўвесь горад. Лічы, усё жыццё яна прапрацавала ў Доме гандлю, загадвала аддзелам, была настаўнікам для вельмі многіх маладых спецыялістаў, якія сталі вопытнымі прафесіяналамі і, дарэчы, не забываюць яе і сёння: тэлефануюць, абавязкова віншуюць з днём нараджэння, прыходзяць у госці.

 

– У гэты дом мы з мужам Леанідам Рыгоравічам пераехалі ў 1966 годзе, – акунаецца ва ўспаміны Соф’я Мікалаеўна. – Абое закончылі гандлёва-кааператыўную школу, муж яшчэ на студэнцкай практыцы аблюбаваў Шчучын. Адказны і адданы справе, ён хутка падымаўся па службовай лесвіцы, дарос да загадчыка па гандлёвай частцы райспажыўсаюза. А калі старшыню Вальковіча перавялі ў Гродна, мы засяліліся ў гэты дом, дзе былі па-сапраўднаму шчаслівымі, выгадавалі дзетак, дачакаліся ўнукаў. На вялікі жаль, ужо сем год, як не стала Леаніда Рыгоравіча…

 

Каб матуля не адчувала сябе адзінокай, вярнулася ў бацькоўскі дом дачка. Дарэчы, Людміла Леанідаўна і ёсць былы … прэзідэнт! Так-так, актывістка па жыцці, яна ў свой час была прэзідэнтам КІДа – Клуба інтэрнацыянальнай дружбы ў першай гарадской школе: разам з сябрамі-аднадумцамі падтрымлівала шырокія міжнародныя сувязі і вяла перапіску з замежнымі равеснікамі, давала інтэрв’ю карэспандэнтам рэспубліканскіх газет і сама актыўна друкавалася ў СМІ, уключаючы нашу раёнку. Ну, а тое, што “Дзянніца” даўно прапісалася па гэтым адрасе, прыйшоўшы на змену “Савецкай вёсцы”, выклікае павагу.

 

– У нас вельмі чытаючая сям’я, – гаворыць Людміла Леанідаўна. – Бацькі не проста сабралі цудоўную бібліятэку, а і перачыталі ўсе кнігі! У гэтым доме ніколі не гналіся за матэрыяльнымі дабротамі, а вось кнігу лічылі каштоўнасцю, сачылі за перыёдыкай, мясцовымі навінамі і культурным жыццём. Нам з мужам на вяселле мае мама і тата падарылі што б вы думалі? 200 тамоў унікальнага кнігазбору “Бібліятэка сусветнай літаратуры”! Гэтыя кнігі мне як гісторыку заўжды дапамагалі ў рабоце, на іх выхоўваліся мае сыны.

 

Прыемна было даведацца, што Соф’я Мікалаеўна Талалуева ў свае 86 год і зараз уважліва знаёміцца з кожным нумарам нашай “Дзянніцы”, з’яўляецца актыўным чытачом раённай бібліятэкі імя Цёткі. Пранесла яна па жыцці і яшчэ адно не менш моцнае захапленне – кветкаводства. Увесь падворак ля доміка з аканіцамі патанае ў прыгожых раслінах. Аказваецца, жанчына заўжды выпісвала элітнае насенне кветак і ў свой час сабрала багатую калекцыю гладыёлусаў – больш за сотню сартоў!

 

 Па-сапраўднаму захоплены чалавек і дачка Людміла. Яна не прывыкла да ролі хатняй гаспадыні (хоць і з гэтымі абавязкамі спраўляецца цудоўна!), доўгі час працавала намеснікам дырэктара Гродзенскага медыцынскага каледжа, а зараз і ў Шчучыне знайшла справу для душы. Яе веды, эрудыцыя, актыўная жыццёвая пазіцыя запатрабаваны ў сферы культуры. Людміла Жук (Талалуева) працуе ў музейным пакоі эпохі СССР, што дзейнічае пры раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Разам з аднадумцамі – членамі савета музея – у іх мноства ідэй і цікавых праектаў, аб якіх мая суразмоўца расказвае з іскрынкамі ў вачах. Людміла Леанідаўна натхнёна паказвае новыя музейныя экспазіцыі, фотаздымкі, дакументы, знаёміць з куточкам, прысвечаным Шчучынскай раённай газеце.

 

 

Вяртаючыся да гісторыі доміка, дзе жывуць такія цудоўныя і незаспакоеныя людзі, запытваю, ці карысталіся тут калі-небудзь аканіцамі? Так, калісь яны дапамагалі ўтварыць халадок у летнюю спёку або цемру сярод белага дня, каб укласці паспаць малечу. Дарэчы, у бліжэйшыя выхадныя да бабулечкі Соні прыедзе з Мінска ўнук Ромка з дачушкай Марышай. Хто ведае, мо зноў зарыпяць старэнькія аканіцы, расказваючы аб былым?

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!