Захапляешся спортам? Адпачывай у “Алімпіі”!

Больш за 100 юных спартсменаў адпачываюць у лагеры “Алімпія”, які сёлета зноў сабраў рабят на базе Васілішкаўскай СШ.

– Наша змена будзе доўжыцца з 11 па 28 чэрвеня, – расказвае дырэктар лагера Віктар Юзэфавіч Шымановіч. – Працягваць займацца спортам і ўмацаваць сваё здароўе вырашылі 31 дзяўчынка і 70 хлопчыкаў. Усе яны выхаванцы Шчучынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Адпачынак у лагеры – гэта  адначасова і працяг вучэбна-трэніровачнага працэсу, таму два разы на дзень для рабят праводзяцца трэніроўкі.
Як лічыць Віктар Юзэфавіч, лепшага месца для таго, каб юным аматарам спорту з карысцю бавіць вольны час, у нашым раёне проста не знайсці. У Васілішкаўскай школе выдатная спартыўная база: вялікі стадыён, спартыўная зала, басейн, абсталяваныя вулічныя пляцоўкі, лёгкаатлетычныя сектары, а ў цэнтры аграгарадка – міні-пляцоўка для гульні ў футбол і валейбол. 


Адпачываюць у лагеры дзеці самага рознага ўзросту: ад васьмі год і вышэй. Атрады сфарміраваны па відах спорту, якімі займаюцца школьнікі. Гандбалісты, лёгкаатлеты і футбалісты ўдасканальваюць сваё майстэрства пад кіраўніцтвам трэнераў. У басейне рабяты займаюцца разам з інструктарамі па плаванні. І трэба сказаць, даволі паспяхова! У мінулым годзе многія ад’язджалі дамоў, умеючы не проста ўпэўнена трымацца на вадзе, а і добра плыць. 


– Сёлета  ў лагеры створаны выдатныя бытавыя ўмовы, – гаворыць Віктар Юзэфавіч. – Для рабят былі набыты новыя ложкі, тумбачкі, пасцельная бялізна. Дзеці вельмі задаволены! На вышэйшым узроўні арганізавана харчаванне. Брыгада повараў пад кіраўніцтвам шэф-повара Таццяны Мікалаеўны Пракаповіч стараецца ўлічыць усе пажаданні рабят. Для гэтага нават было праведзена анкетаванне. Дарэчы, харчуюцца дзеці шэсць разоў на дзень – спартсмены трацяць многа сіл, таму арганізму патрэбна добрая харчовая падтрымка. А да гэтага яшчэ фрукты і вітамінізацыя. 
Мы трапілі ў лагер якраз у той час, калі рабяты былі на трэніроўках. Спартыўныя эстафеты праходзілі ў спартыўнай зале і на стадыёне, футбалісты ганялі мяч, нежартоўныя страсці разгарэліся на валейбольнай пляцоўцы.
– Я адпачываю ў лагеры ў Васілішках другі раз, – расказвае Дар’я Васільчык, якая займаецца лёгкай атлетыкай. – Мне тут падабаецца ўсё: і харчаванне, і дыскатэкі, і розныя мерапрыемствы. У нашым пакоі дзевяць дзяўчынак. І мы ўсе пасябравалі і жывём дружна і весела. Кожны вечар мы чакаем з нецярпеннем –  класна займацца плаваннем у басейне! Цікава прымаць удзел і ў творчых мерапрыемствах, якія для нас праводзяцца. 


Марыя Куцэйка  ў спартыўнай школе займалася толькі год – ёй падабаецца гандбол. Як гаворыць дзяўчынка, у лагер вырашыла паехаць, паслухаўшы расказы сяброў, якія адпачывалі ў «Алімпіі» летась. Усе былі проста ў захапленні!
– І мне тут здорава! – радуецца Маша. – Я ўжо знайшла новых сяброў. І пагода класная!
Згодны з дзяўчатамі і Ягор Саковіч, які прыехаў адпачываць з Астрыны. 
– Я люблю спорт, займаюся лёгкай атлетыкай, хутка бегаю, – гаворыць Ягор. – Ужо паказваў нядрэнныя вынікі на спаборніцтвах. Тут у лагеры можна і адпачыць, і трэніроўкі не спыняць. Мне ўсё падабаецца!
Тое, што ў лагеры сабраліся ўсе спартсмены, зусім не значыць, што яны людзі не творчыя. Напрыклад, Глеб Шыман займаецца лёгкай атлетыкай і выдатна іграе на гітары! Сваё майстэрства ён прадэманстраваў падчас канцэрта на адкрыцці лагернай змены і заслужыў буру апладысментаў!
– Мы распрацавалі праграму, згодна з якою для рабят будуць праводзіцца забаўляльныя мерапрыемствы, – гаворыць педагог-арганізатар Анастасія Віктараўна Патапчык. – Многія з іх, канечне, спартыўныя. Напрыклад, першынство па футболе, па гандболе, дартс. Аднак, разам з тым мы правядзём «Багатырскі турнір» сярод хлопчыкаў, конкурсы плакатаў і малюнкаў, забаўляльную праграму «Алё, мы шукаем таленты!» і многія іншыя, накіруемся на экскурсіі, пабываем у музеі Чэслава Немэна. Адпачынак рабятам абавязкова спадабаецца!
А інакш і быць не можа! Канікулы – час радасці, весялосці і прыгод!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!