ПершамайскіЯ

Як сцвярджаюць гараскопы, мужчыны і жанчыны, народжаныя 1 мая, “знаходзяць сапраўднае задавальненне ў працы”. Астролагі запэўніваюць: гэтыя людзі “не любяць ленавацца і ляжаць на канапе, яны пастаянна заняты справай”. Прачытанае навяло на думку напярэдадні 1 Мая, абвешчанага ў нашай краіне святам працы, пагутарыць з жыхарамі раёна, чыё нараджэнне прыпадае менавіта на першы дзень самага квяцістага месяца вясны. Каб даведацца, наколькі астралагічныя прагнозы адпавядаюць рэальнасці. Зрэшты, каб проста пагаварыць з добрымі людзьмі...

У пошуках субяседнікаў кінулася ў адзін бок раёна, у другі... І, ведаеце, ўсюды знайшла «першамайцаў». Ды такімі гаваркімі і цікавымі аказаліся гэтыя людзі, што не раз пашкадавала, што заявіла на рэдакцыйнай «лятучцы» такі кароткі фармат публікацыі. Дарэчы, толькі ў «імянным» Першамайскім сельсавеце 1 мая будуць прымаць віншаванні з нагоды народзінаў ажно 11 чалавек! Маімі субяседнікамі сталі:

Вячаслаў Мацвеевіч СІДЛЯРЭВІЧ, жыхар вёскі Замасцяны:
– Сам я чалавек мясцовы. Нарадзіўся 1 мая 1944 года. Скажу так: да працы быў прывучаны змалку, яна ішла побач са мной усё жыццё. Да арміі вывучыўся на шафёра, а калі адслужыў, уладкаваўся на работу ў калгас. Маю 40 год працоўнага стажу. Спачатку руліў на старэнькіх «газіках», а потым прыгнаў з Саранска новую «пяцьдзясяттройку»... Колькі кіламетраў накруціў па дарогах гаспадаркі, колькі грузаў перавёз – і не злічыць. Бывала, з ранку да позняга вечара праводзіў у кабіне. А падчас уборачнай увогуле суткамі дзяжурыў на зерняскладзе... Ленавацца – не ў маёй натуры, ды і дазволіць гэта сабе не мог, бо ў хаце падрасталі пяцёра дзетак. З жонкай Ефрасінняй Іосіфаўнай з дзяцінства прывучалі сыноў і дачку да працы, выгадавалі, вывучылі. Усе пяцёра атрымалі вышэйшую адукацыю, у дваіх – па два дыпломы. Ганарымся, што нашы дзеці таксама знайшлі сабе справу па душы. Радуемся, калі прыязджаюць у родны дом ужо са сваімі дзецьмі – нашымі ўнукамі. Цяпер я на пенсіі. З любімага занятку – схадзіць па грыбы і ягады, ці які кошык сплесці. Люблю пажартаваць, не крыўдую, калі і ў мой бок хтосьці жарт адпусціць.


Леакадзія Міхайлаўна МАКАРА, жыхарка хутара Мілеўцы:
– Кажаце, народжаныя 1 мая знаходзяцца пад заступніцтвам Зямлі? А так і ёсць! Я вельмі люблю людзей і не менш – працу на зямлі. У мінулым годзе, адзначыўшы сваё 75-годдзе, я 10 сотак... уручную ўскапала і пасадзіла бульбачку. Добрая ўрадзіла. І сёлета ўжо насенне ў зямлю паклала. Скажу больш: штогод атрымліваю на сваім прысядзібным участку па два ўраджаі клубняў. У кастрычніку, ці паверыце, у мяне зноў маладая бульбачка на стале. З задавальненнем частую сваіх дочак, зяцёў і ўнукаў. Я ж у мінулым аграном, а ўвогуле за жыццё набыла чатыры спецыяльнасці, шмат што ўмею. І цяпер з задавальненнем завіхаюся па гаспадарцы: ёсць у мяне і кабылка, і авечка, і куры, і чатырохлапыя сябры. Кот, праўда, на гулянку сышоў (смяецца). А яшчэ я люблю падарожнічаць: шмат у якіх краінах і гарадах пабывала. І калі цёплым дзяньком на дарозе ў напрамку ад Мілеўцаў да Шчучына сустрэнеце жанчынку на веласіпедзе, то, напэўна, гэта буду я. Кручу педалі даўно. Што тут нейкія 14 кіламетраў... Малодшай была – і не на такія адлегласці адважвалася. Прыязджайце, раскажу пра агратэхніку, падзялюся, як не паддавацца старасці і радавацца жыццю.


Юрый Пятровіч САКОВІЧ, работнік РУП ЖКГ:
– Дзень 1 мая маімі роднымі ўспрымаецца і як сямейнае свята, і як грамадскае. Так, гэта дзень майго нараджэння, а яшчэ – Дзень працы ў роднай Беларусі і Міжнародны дзень салідарнасці працоўных ва ўсім свеце. Канешне, здорава адчуваць сябе імяніннікам і прымаць віншаванні ад блізкіх людзей і калег. Прыемна ўсведамляць, што ніколі не быў гультаём, не сядзеў без справы і за плячамі ўжо 25 год працоўнага стажу. Ганаруся я і тым, што маёй жонцы даверана быць абаронцай правоў і інтарэсаў працоўных, яна – прафсаюзны лідар на заводзе «Аўтапровад». Між іншым, Святлана Яраславаўна таксама з’явілася на свет у вялікае свята – 9 мая. Першыя крокі ў прафесіі ўжо робіць і наша дачка, якая працуе выкладчыцай англійскай мовы ў гімназіі. Дарэчы, ёй – маладому спецыялісту – дзяржава гарантавала права на першае рабочае месца. Жывём ва ўласным доме ў Тапілішках, абуладкаваннем якога займаюся ў вольны ад работы час. Ад таго і адчуваю задавальненне, калі ў свой дзень нараджэння падсумоўваю пражытае за яшчэ адзін год.


Ірына Казіміраўна ГАРКАЛАВА, загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Жалудоцкі Дом культуры»:
– Планета-апякун для народжаных 1 мая – Венера. Лічыцца, менавіта яна спрыяе людзям прыгожым, творчым, не абдзеленым талентам. Як тут не паверыць, калі і мой лёс цесна пераплецены з народнай культурай, танцам і песняй. Яшчэ ў дзіцячым садку захапілася танцамі, а падросшы, падчас першамайскіх дэманстрацый у родным Гродне ўдзельнічала ў яркіх пастаноўках, імправізаванай сцэнай для якіх станавіўся кузаў аўтамашыны. Ды і словы-сімвалы «Мір. Праца. Май» для нашай сям’і блізкія: калі 1 мая выпадаў цёплы дзянёк, дарослым і дзецям знаходзілася работа на дачы. Не збочыла я, так бы мовіць, з культурнай дарогі і пазней. Скончыла школу з музычна-харавым ухілам па класе фартэпіяна, выступала ў складзе ўзорнага хору «Світанак». Адточвала майстэрства ў Гродзенскім вучылішчы культуры. І вось ужо 25 год разам з калегамі радую добрай песняй жыхароў жалудоцкага рэгіёна. Наш ансамбль «Сябрына» вяскоўцы прымаюць вельмі цёпла. Часта выступаю на сцэне менавіта 1 мая – у свой дзень нараджэння. Бо такая ў мяне работа.
 Распытвала Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота Ганны КАСПЕР.

Ад рэдакцыі
Працавітыя, шчырыя і адкрытыя, таленавітыя і настойлівыя, з вялікім пачуццём гумару і жывым інтарэсам да таго, што адбываецца навокал... Менавіта такія яны – нашы землякі, народжаныя ў першы дзень мая. Лічба 1 надзяліла «першамайцаў» энтузіязмам і энергіяй, а планета-заступнік Венера паспрыяла развіццю ў гэтых людзей творчых здольнасцей. Нашым новым знаёмцам і ўсім імяніннікам гэтага вясновага дня – самыя шчырыя пажаданні бадзёрасці, здароўя і зямных даброт!

Средняя: 5 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)