Першыя перамогі Вікторыі Герасімчык

Напачатку цяпер ужо далёкага 2000 года, 2 студзеня, у Шчучынскім раддоме на свет з’явілася дзяўчынка, якую назвалі Вікторыяй. Цікава, што нараджэнне немаўляткі не засталося незаўважаным і ў горадзе. Мясцовая ўлада тады ахвотна падключылася да акцыі, якая, дарэчы, душэўнай хваляй накрыла ўсю краіну: ад сталіцы да райцэнтраў віталі маленькіх беларусаў, якія абвясцілі аб сабе гучным кугаканнем у першыя хвіліны, гадзіны і дні новага, пазначанага прыгожымі лічбамі года, да таго ж года 2000-годдзя Хрысціянства. 

Прывітаць гараджанку ў пялёнках у бальніцу завітала сур’ёзная дэлегацыя прадстаўнікоў улады і медыцыны на чале з І.Ю. Сакалоўскім. “Быць вашай Вікторыі вялікай!”, – “нашаманіў” Іван Юльянавіч, гледзячы на гераіню дня і з намёкам на значэнне імені дзяўчынкі – “перамога”.
Тады, павіншаваўшы парадзіху і падараваўшы сям’і нованароджанай “зорачкі двухтысячнага”, як назвала яе адна з медсясцёр, тэлевізар, візіцёры, у ліку якіх была і аўтар гэтых радкоў, сышлі, пакінуўшы віноўніцу ўрачыстасці пасопваючы на руках у яе шчаслівай і крыху ўсхваляванай ад увагі матулі.


Сямнаццаць год праляцелі, як адно імгненне. Напярэдадні юбілею горада захацелася даведацца, дзе ж цяпер наша тады маленькая, а цяпер вялікая Вікторыя? Адказ на пытанне знайшла хутка дзякуючы дастойнаму павагі пастаянству яе матулі: Святлана Іванаўна Герасімчык па-ранейшаму працуе ў Шчучыне паштальёнам. Жанчына, дзякуй ёй, ахвотна адгукнулася на просьбу аб сустрэчы з яе “знакамітай” дачкой.
І вось ужо сімпатычная і стройная, як бярозка, Вікторыя пераступіла парог рэдакцыйнага кабінета. Дзяўчына, здавалася, свяцілася знутры. Аказалася, ёсць на тое падстава: Віка стала студэнткай факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Будзе вучыцца на бюджэце, у будучым стане дыпламаваным інструктарам лячэбнай фізкультуры.
У той дзень спіскі залічаных на факультэт фізкультуры з’явіліся прыкладна ў сем гадзін вечара, і сям’і прыйшлося пахвалявацца. Затое потым усіх Герасімчыкаў накрыў феерверк эмоцый. Іскрынкі той радасці і цяпер у прыгожых, блакітных, як у мамы, вачах самой Вікторыі. Яе добры настрой перадаецца і мне. Слухаючы аповед аб тым, як станавілася на ногі “гераіня 2000-га года”, чым захаплялася і як вызначалася з выбарам прафесіі, шчыра радуюся: вырасла добрая, сімпатычная, рознабакова развітая і мэтанакіраваная дзяўчына.
Яшчэ нядаўна 17-гадовая Вікторыя Герасімчык са сваімі дружнымі аднакласнікамі з СШ №1 г. Шчучына і класным кіраўніком В.Ч. Чашчэвік прысутнічала на ўрачыстасці на плошчы Свабоды, трымала ў руках свой амаль дзевяцібальны атэстат сталасці, кружылася ў развітальным школьным вальсе і сустракала світанак дарослага жыцця. А сёння яна ўжо разважае, як спецыялістам прыйдзе ва ўрачэбную ўстанову – кажа, хацела б працаваць менавіта там, каб дапамагаць людзям, а калі атрымаецца, то і магістратуру скончыць. “Атрымаецца!”, – пераканана яе мама. Ведае: дачка ставіць мэту і дасягае яе. Расказвае, што тая напачатку выношвала мару стаць курсантам сілавой ВНУ, насіць форму з пагонамі, а потым скіравала позірк на цывільную прафесію. З дзяцінства расла спартыўнай, у школе сур’ёзна займалася лёгкай атлетыкай. Гэта вельмі дапамагло пры паступленні ва ўніверсітэт: дзяўчына годна справілася з экзаменацыйнымі заданнямі – бегам на 30 метраў, скачкамі ў даўжыню, плаваннем і інш. Да таго ж без адрыву ад вучнёўскай парты скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе цымбалаў.
– Напачатку аддала яе вучыцца ігры на баяне, – успамінае мама Святлана Іванаўна. – Але дачцэ цяжка было ўпраўляцца з важкім інструментам. Педагог І.Я. Кажухоўская, навучыўшы Віку азам музыкі, перадала яе педагогу па класе цымбалаў А.Т. Русак. Да таго ж хапала ў Вікі часу і на заняткі ў гуртку мяккай цацкі пры цэнтры творчасці.
Як і яе равеснікі, Віка любіць “завісаць” ў сеціве. Пры гэтым не забывае дапамагчы маме па доме, пасакрэтнічаць з старэйшай сястрычкай Веранікай. Дзяўчына цэніць дружбу і вельмі рада, што з сяброўкай Сашай Гедрэвіч будзе вучыцца ў адным горадзе.
– Люблю свой родны Шчучын, – дзеліцца Вікторыя. – Такі ціхі, спакойны, з размераным жыццём гарадок. Калі ад’едуся куды, вельмі сумую...
Што ж, добрую заяўку на жыццёвыя перамогі ў будучым зрабіла Вікторыя Герасімчык – тая маленькая дзяўчынка-сімвал з 2000-га. І сёння ў нашай зямлячкі застаюцца ўсе шанцы спраўдзіць той даўні наказ – быць вялікай. Зрэшты, хай проста пашчасціць табе ў жыцці, Вікторыя!
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!