Маладых спецыялістаў сустрэлі па-бацькоўску

Падумаць толькі, Міхаіл Барэйша за паўгода работы ў аграпрадпрыемстве ўжо паспеў зрабіць першы крок па кар’ернай лесвіцы! Адразу пасля абароны дыплома ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, што ў Горках, ён прыехаў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Маладога спецыяліста прынялі на працу ў якасці тэхніка-будаўніка, але ўжо некалькі тыдняў, як ён займае пасаду інжынера. 

 

– Мэтавае размеркаванне атрымаў у Гродзенскую вобласць і вельмі ўзрадаваўся, бо сам родам з Воранава, – гаворыць Міхаіл. – Набытая спецыяльнасць – “сельскае будаўніцтва і абуладкаванне тэрыторый” – надзвычай запатрабаваная, і мне на выбар прапанавалі адразу некалькі гаспадарак у Ваўкавыскім, Зэльвенскім і Шчучынскім раёнах. Самыя прывабныя ўмовы, дзе абяцалі жыллё, прыстойную зарплату і досыць важкі сацыяльны пакет, былі ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Трэба сказаць, што тут умеюць трымаць слова, і сёння я ніколькі не шкадую, што працую менавіта ў гэтай гаспадарцы.

 

Першыя рабочыя дні Міхаіла Барэйшы супалі з пераездам адміністрацыі акцыянернага таварыства з Янчукоў у адрамантаваны офіс у аграгарадку Ражанка, дзе створаны па-сапраўднаму дастойныя ўмовы працы.

 

Малады спецыяліст, акінуўшы прафесійным поглядам навакольную тэрыторыю, прапанаваў падрыхтаваць уласны праект па добраўпарадкаванні. Дырэктар Вольга Браніславаўна Патапчык толькі вітае ініцыятыву маладых ды крэатыўных. Сёння задумка з поспехам рэалізавана, вакол адміністрацыйнага будынка ўтульна і стыльна: тратуарная плітка, дарожкі, газоны, дэкаратыўныя насаджэнні, лавачкі з элементамі кавальскай работы… Урэшце вырысоўваецца адзін з самых прыгожых куточкаў Ражанкі.

 

У курс усіх вытворчых спраў М.М. Барэйшу ўвёў старшы майстар Г.С. Галянеўскі – чалавек кампетэнтны і вопытны, сапраўдны настаўнік моладзі. Дый вучань, трэба сказаць, трапіўся яму талковы ды адказны. А камунікабельнасць і добразычлівасць Міхаіла, яго прынцып з павагай адносіцца да людзей, што закладзены яшчэ ў сям’і, дапамаглі наладзіць кантакт з членамі будаўнічай брыгады.

 

 – Вытворчае жыццё ў нашым сельгаспрадпрыемстве проста віруе: распачалі шэраг капітальных рамонтаў на зернескладах, фермах, мехмайстэрнях. Перакрываем дахі, тынкуем сцены, фарбуем даільныя залы, – дзеліцца інжынер-будаўнік. – Тэрыторыя гаспадаркі вялікая, а кожны аб’ект патрабуе ўвагі і кантролю. Здараецца, за дзень намотваеш 300-400 кіламетраў. У дадатак выконваем мноства дробных рамонтаў, майструем домікі для цялят, самі ж на дзялянках нарыхтоўваем драўніну. У нас ёсць свой дрэваапрацоўчы цэх. Да ўсяго пастаўлена задача правесці дэмантаж пяці старых лазняў. Вельмі шырокае поле дзейнасці. З асабістым часам лічыцца не прыходзіцца.

 

І ўсё ж Міхаіл Барэйша знаходзіць сілы на ранішнія прабежкі і трэніроўкі, бо ў акадэміі досыць сур’ёзна займаўся лёгкай атлетыкай і вольнай барацьбой, цікавіцца славутасцямі і гісторыяй старажытнай Ражанкі, куды прывёў прафесійны шлях, не забывае пра роднае Воранава, каб наведаць матулю, што чакае ад сына дапамогі і ўвагі.

 

Нядаўна ў Міхаіла з’явіліся новыя сябры. Гэта студэнты-практыканты Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Яраслаў Чуклай, Паліна Лузіна і Вікторыя Матвяйкова, якія засяліліся па суседстве.

 

 – Мы прыемна ўражаны такім цёплым прыёмам у гэтай перадавой ва ўсіх адносінах сельгасарганізацыі, – гавораць будучыя ветурачы. – Па-першае, нас прынялі на работу, а зарплата для студэнта не бывае лішняй. Па-другое, гэта здорава стымулюе: хочацца, каб твае веды саслужылі добрую службу. І на МТК “777” у Скоржыках, і на свінагадоўчым комплексе ў Ельні, дзе мы працуем, нас сустрэлі як родных. Тут арганізаваны падвазныя абеды, кошт якіх датуе гаспадарка. А ў кватэры, дзе жывём, ёсць усё неабходнае для быту.

 

 

Як патлумачыла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Георгіеўна Слушко, нядаўна двухпакаёвую ведамасную кватэру перапрафілявалі ў інтэрнат для маладых спецыялістаў, набылі сюды тэлевізар, халадзільнік, пральную машыну-аўтамат, мэблю і нават посуд. 

 

– Усё новенькае, прыгожае, нам не было патрэбы штосьці везці сюды з дома. Пакоі адрамантаваны, і зроблена гэта якасна і з густам, – даюць сваю ацэнку дзяўчаты.

 

Вячэрняе чаяванне на ўтульнай кухні ў гэтай дружнай “камуне” не зацягваецца. Заўтра ўсім раненька на работу. Маладыя людзі прызналіся, што пасля заканчэння вучобы хацелі б тут застацца працаваць, як Міхаіл Барэйша.

 

 – Бяру на заметку! – ловіць на слове галоўны ветурач Юрый Антонавіч Тарамына, і ўжо звяртаючыся да нас, зазначае, – з добрай падрыхтоўкай і якаснымі ведамі прыехалі на практыку гэтыя рабяты. Такія кадры нам патрэбны.

 

Дарэчы, каб замацаваць маладых спецыялістаў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”, калектыўны дагавор гарантуе сур’ёзныя сацыяльныя льготы. Да прыкладу, матэрыяльная дапамога ў памеры 20 базавых велічынь выдзяляецца пры ўступленні ў шлюб, такая ж сума выплачваецца бацькам пры нараджэнні дзіцяці, маладым спецыялістам кампенсуецца аплата за здымнае жыллё, прадугледжана выплата на аздараўленне да працоўнага водпуску ў памеры аклада. 

 

– Пры такіх умовах працы сорамна не апраўдаць аказаны давер. Да таго ж гэта проста цікава – расці прафесійна, кожны свой дзень напаўняць рэальнымі справамі, рэалізоўваць усё новыя і новыя праекты, – без усялякага пафасу гаворыць малады інжынер-будаўнік Міхаіл Барэйша і спяшаецца да сваіх непасрэдных абавязкаў. Работы ў сельскага будаўніка заўжды багата.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!