На платнай стаянцы Шчучынскага філіяла ТАА “Гроднааграспецаўтатранс” колькасць пакінутых машын пераваліла за сто

У добрага гаспадара машына заўсёды як след дагледжана і абслужана. Але ёсць і тыя, хто ў сілу пэўных жыццёвых абставін наўмысна “забываюць” пра сваіх “жалезных коней” і пакідаюць іх на волю лёсу. “Асірацелыя” аўтамабілі работнікі ДАІ пры дапамозе спецыяльнага эвакуатара транспартуюць на платную стаянку Шчучынскага філіяла ТАА “Гроднааграспецаўтатранс”. Ды толькі далёка не заўсёды аўтаўладальнікі спяшаюцца вярнуць свае машыны.

– На нашай платнай стаянцы плошчай 60 сотак вядзецца кругласутачнае відэа­назіранне, перыметр надзейна ахоўваюць чатыры вартаўнікі, – зазначае начальнік Шчучынскага філіяла ТАА “Гродна­агра­спец­аўтатранс” Часлаў Часлававіч Серахан. – Да нас часта прыязджаюць вадзіцелі-міжнароднікі, якія пакідаюць тут свае фуры ў перапынках паміж рэйсамі. Але абсалютную большасць тэрыторыі аўтастаянкі займаюць пакінутыя аўтамабілі: за апошнія некалькі гадоў іх колькасць пераваліла за сто. У большасці сваёй гэта старыя машыны, якія даўно пара здаць на металалом. Але зрабіць мы гэта не можам, паколькі ў тэхнікі ёсць гаспадары. 


Ды толькі назваць такіх людзей гаспадарамі цяжка... Іначай, як можна апраўдаць настолькі абыякавыя адносіны да сваёй маёмасці? Між іншым, суткі прастою на штрафстаянцы каштуюць 2 рублі 20 капеек. Улічваючы, што некаторыя “жалезныя коні” знаходзяцца тут ужо не адзін год, сума набягае немалая. 
– 90% усіх пакінутых у нас машын – гэта так званыя транзітныя аўтамабілі, чые ўладальнікі пражываюць па-за межамі нашага раёна, – працягвае Ч.Ч. Серахан. – Таму і прыцягнуць іх да адказнасці няпроста. Часцей за ўсё такія гора-гаспадары забіраць свае аўтамабілі ўвогуле не збіраюцца, некаторыя нават адкрыта выступаюць за іх утылізацыю. Ды толькі з пункту гледжання закону мы не маем права распараджацца лёсам гэтых машын. Разам з тым і пакідаць іх іржавець таксама няправільна! 
Жадаючы вырашыць гэту праблему, Часлаў Часлававіч ужо кансультаваўся з юрыстамі і супрацоўнікамі ДАІ. Ды толькі сітуацыя пакуль застаецца нязменнай.
– Часцей за ўсё мы транспартуем на штрафстаянку машыны, якія пабывалі ў дарожна-транспартных здарэннях, або іх гаспадары былі затрыманы за рулём без правоў ці ў стане алкагольнага ап’янення, – канстатуе сумную статыстыку начальнік аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Уладзімір Іванавіч Хільмончык. – Каб вярнуць сваіх “жалезных коней”, правапарушальнікам неабходна заплаціць штраф. Але не кожны з іх на гэта гатовы… Разам з тым бяспечныя аўтаўладальнікі павінны памятаць, што іх усё роўна прымусяць пагасіць запазычанасць перад дзяржавай у судовым парадку.
– Безумоўна, жыццёвыя абставіны бываюць розныя, – дапускае Часлаў Часлававіч Серахан. – Некаторым патрэбны час, каб знайсці неабходную суму грошай. Але варта абмежаваць гэты тэрмін да 2 гадоў. Пасля пакінутыя машыны трэба канфіскоўваць і адпраўляць на продаж або пераплаўку. Тады і аўтаўладальнікі будуць больш адказнымі, і парадак на сваёй аўтастаянцы мы хутка навядзём!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!