Кожны дзень два мінулыя тыдні спецыяльна створаныя групы выязджалі ў населеныя пункты раёна ў вячэрні час, каб наведаць асоб, якія знаходзяцца ў групе рызыкі

Кожны дзень два мінулыя тыдні спецыяльна створаныя групы ў складзе работнікаў Шчучынскага РАНС, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, старшыняў сельвыканкамаў выязджалі ў населеныя пункты раёна ў вячэрні час, каб наведаць асоб, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, інакш кажучы, злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Гэтая крайняя мера была выклікана крытычнай сітуацыяй, якая склалася на Шчучыншчыне: сёлета агонь забраў восем чалавечых жыццяў. Практычна ўсе загінуўшыя на пажарах знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
У мінулы панядзелак мы разам з першым намеснікам начальніка Шчучынскага РАНС С.В. Якімовічам накіраваліся ў Мажэйкаўскі сельсавет, дзе нас ужо чакалі старшыня сельвыканкама А.Я. Жэшка і ўчастковы інспектар А.У. Арцюх. Пабываць вырашылі ў вёсках Забалаць і Тумашаўцы. Толькі вось адразу адправіцца ў гэтыя населеныя пункты не атрымалася. “Сюрпрыз” чакаў па дарозе. Па ўсім відаць, не данеслі ногі да дому аматара спіртнога, які ўлёгся прама на абочыне праезнай часткі ў В. Мажэйкаве. Прыйшлося паклапаціцца пра яго бяспеку.


– Ніякай рады няма вось з такімі асобамі, – канстатаваў Андрэй Уладзіміравіч Арцюх, набіраючы нумар тэлефона маці гэтага нецвярозага вяскоўца. – І бацькі людзі прыстойныя, толькі вось з сынам нічога зрабіць не могуць. А да бяды ой як недалёка!
На шчасце, на гэты раз усё абышлося. А колькі выпадкаў, калі вось такога гора-пешахода пераязджаюць транспартныя сродкі, вадзіцелі якіх проста не чакаюць убачыць на дарозе чалавека або занадта позна заўважаюць яго ў цемнаце... Гарэлка поўнасцю затуманьвае свядомасць, прымушае не думаць пра ўласную бяспеку. Толькі чаму за такіх вось асоб павінны адказваць усе навокал, а не яны самі, няньчыцца з імі, апякаць, старацца ўберагчы ад непрыемнасцей, а ў выніку яшчэ і застацца вінаватымі, калі з аматарамі спіртнога штосьці здараецца?! Маўляў, не ўбераглі!
Нападпітку былі і некаторыя вяскоўцы, якіх мы наведалі тым вечарам. І, канечне, члены камісіі не былі жаданымі гасцямі ў іх дамах. Часам проста дзіву даешся, як жывуць людзі. Вось, напрыклад, два браты працаздольнага ўзросту пасяліліся ў сваёй бабулі. Пенсію яна атрымлівае немалую, да таго ж сталая жанчына – інвалід. Вось за яе грошы яны і прызвычаіліся жыць. А трацілі іх не толькі на прадукты, зразумела, і на спіртное. А цяпер скончылася гэта бесклапотнае жыццё. Пры садзейнічанні старшыні сельвыканкама А.Я. Жэшка, бабуля будзе змешчана на сацыяльны ложак у Жалудоцкую бальніцу, а яе пенсію гэтыя здаровыя дзецюкі больш атрымліваць не будуць. 


Падчас вячэрняга рэйду С.В. Якімовіч не толькі праводзіў прафілактычныя бяседы з жыхарамі, але і правяраў спраўнасць пячнога ацяплення, электраправодкі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Пры выяўленні парушэнняў эксплуатацыі печаў, устанаўліваў канкрэтныя тэрміны, за якія вяскоўцы павінны выправіць недахопы. Рамонту патрабуе печ і ў доме непрацуючых братоў. Адрамантаваць яе неабходна літаральна да бліжэйшага панядзелка. Акрамя таго, ім неабходна купіць “Крону” і замяніць яе ў АПА.
Ужо даўно нідзе не працуе і яшчэ адзін жыхар Тумашаўцаў. Мужчына таксама працаздольнага ўзросту, на шчасце, здаровы, не спяшаецца зарабляць уласны рубель. Матуля, у якой пасяліўся сын, сцвярджае, што грошай на выпіўку ён не патрабуе і яе не крыўдзіць. Крыніцай фінансавання становяцца выпадковыя заробкі. Вось і ў той вечар мужчына, па ўсім відаць, выпіў нямала і мірна спаў у сваім пакоі. Толькі пакінуць сітуацыю такой, як яна ёсць, члены камісіі не маглі, таму яму прыйшлося выслухаць прафілактычную бяседу участковага інспектара. Андрэй Уладзіміравіч пастанавіў канкрэтна: “Сядзець у маці на шыі не будзеш! Не кінеш піць і не пачнеш працаваць – паедзеш у ЛПП!”. Акрамя таго, члены камісіі патрабавалі, каб мужчына навёў парадак у сваім пакоі, парамантаваў столь, якая не сёння-заўтра можа зусім адарвацца (цяпер яна ледзь трымаецца). Здаецца, усё сказанае было пачута, а вось ці зрушыцца справа з месца, камісія абавязкова праверыць у бліжэйшы час. 


Дзіўнае сямейства наведалі мы яшчэ ў адным доме. Жывуць там маці, двое яе сыноў, жонка аднаго з іх і сяброўка, з якою ён пазнаёміўся падчас знаходжання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, і якая ўжо некалькі месяцаў жыве ў “гасцінных” гаспадароў. У пакоі, дзе адпачывала бабуля, было накурана так, што хоць сякеру вешай. Дый ва ўсім доме было не дыхнуць. Сяргей Валер’евіч праверыў АПА, які быў спраўны, але чамусьці не рэагаваў на папяросны дым. Члены камісіі папярэдзілі гаспадара, ад якога, дарэчы, несла спіртным, аб неабходнасці захоўваць правілы пажарнай бяспекі і не злоўжываць алкаголем. 
Не змаглі мы адразу ў цемнаце разгледзець, што за рознакаляровая куча ўтварылася каля ўваходу ў дом аднаго з вяскоўцаў. Аказалася, гэта рэчы сужыцелькі гаспадара, які такім чынам адпомсціў жанчыне за нявернасць. А каб яны не сапсаваліся, “клапатліва” прыкрыў іх цэлафанам. У доме таксама парадку не было, печка не прапалена. Як патлумачыў гаспадар, ён увесь час на рабоце, таму ўсё не паспявае. “І ў доме, і на вуліцы трэба прыбраць!” – прапанавала гаспадару Алена Яўгеньеўна Жэшка.
Наведалі мы і дом, у якім жыве жанчына, што таксама знаходзіцца ў полі зроку сельсавецкай улады і ўчастковага як аматарка спіртнога. Патрабаванні Алены Яўгеньеўны навесці парадак у доме, а старшыня сельвыканкама пабывала тут некалькі дзён таму, жанчына, можна сказаць, выканала. Цяпер ёй трэба адрамантаваць печ і замяніць “Крону” у пажарным апавяшчальніку. 
Што больш за ўсё ўразіла падчас рэйду? Усе вяскоўцы ведаюць пра гібель людзей на пажары, пра тое, колькі чалавечых жыццяў забірае вогненная стыхія. І тым не менш практычна ў кожным доме ля ложка абавязкова стаіць попельніца з акуркамі і запалкі. Так, па патрабаванні ўдзельнікаў рэйду ўсё гэта ў той жа момант выносіцца з памяшкання, але ці надоўга? Камісія за дзверы – і попельніца вернецца на месца. Толькі каму ад гэтага будзе лепш? Кілішак гарэлкі, цыгарэта ў рукі – і зноў трагедыя… Колькі ж так можа доўжыцца? Чаму людзі не шануюць сваё жыццё? І колькі б ні наведвалі гэтых аматараў спіртнога прадстаўнікі самых розных службаў, колькі б ні прасілі, колькі б ні каралі – нічога не зменіцца, пакуль яны самі не задумаюцца пра сваю бяспеку. Прычына многіх бед – спіртное, а яго ўжыванне, на жаль, стала нормай жыцця для многіх…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.