Юныя інспектары руху прынялі ўдзел у традыцыйных спаборніцтвах, якія прайшлі на днях у першай гарадской школе

Як паводзіць сябе на дарогах? Як аказаць першую дапамогу пацярпелым? Як правільна кіраваць веласіпедам? Усё гэта выдатна ведаюць юныя інспектары руху. 17 атрадаў ЮІР з устаноў адукацыі раёна прынялі ўдзел у традыцыйных спаборніцтвах, якія прайшлі на днях у першай гарадской школе.

Прывітальнае слова начальніка аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Уладзіміра Іванавіча Хільмончыка – і рабяты разышліся па чатырох пляцоўках.

У раёне школьнага стадыёна праводзіўся конкурс па фігурнаму ваджэнню веласіпеда. Трэба адзначыць, што з паласой перашкод  ідэальна спраўляліся далёка не ўсе ўдзельнікі. Але былі і такія, хто хутка і без памылак праходзіў “дарожныя” іспыты. У конкурсе “Уважлівым удзельнікам дарожнага руху” падчас прагляду слайдаў неабходна было ацаніць дарожную сітуацыю і з чатырох прапанаваных варыянтаў указаць той, які да яе не падыходзіць. Тэарэтычныя конкурсы па веданні правілаў дарожнага руху і аказанні першай дапамогі патрабавалі ад рабят асаблівай увагі.   

Падводзячы вынікі спаборніцтваў, Уладзімір Іванавіч адзначыў, што юныя інспектары руху – першыя памочнікі супрацоўнікаў ДАІ. Яны сваім уласным прыкладам павінны дэманстраваць правільныя паводзіны на дарозе, выконваць правілы дарожнага руху. Начальнік АДАІ таксама падзякаваў педагогам за добрую падрыхтоўку рабят.

Індывідуальныя граматы і падарункі атрымалі члены атрада ЮІР СШ №1 г. Шчучына Дзмітрый Стасюкевіч – ён не дапусціў ніводнай памылкі пры рашэнні шаблонаў па правілах дарожнага руху, і Уладзіслаў Шыла, які быў прызнаны лепшым веласіпедыстам.

Першыя месцы ў конкурсах па тэарэтычным веданні правілаў дарожнага руху  і фігурным ваджэнні веласіпедаў заняў атрад ЮІР СШ №1 г. Шчучына. Самымі ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху сталі рабяты з Астрынскай СШ. А вось аказваць першую дапамогу пацярпелым лепш за іншых атрымалася ў членаў атрада ЮІР СШ №3 г. Шчучына. Былі названы і самыя змястоўныя газеты: граматы атрымалі атрады ЮІР Галавічпольскага дз/с-СШ і Ляшчанскага дз/с-СШ.

 

У агульнакамандным заліку першае месца – ужо ў каторы раз! – у членаў атрада ЮІР "Святлафор" першай гарадской школы, другое – у атрада Астрынскай СШ, а трэцяе – у юных інспектараў руху з Першамайскага дз/с-СШ.  Усе яны атрымалі граматы, медалі і падарункі, а ад раённага камітэта БРСМ – яшчэ аднаго арганізатара спаборніцтваў – кубкі і салодкія падарункі.

Юныя інспектары руху СШ №1 г. Шчучына, з якімі ўжо многа год займаецца Віктар Іванавіч Ляштаеў, прадставяць наш раён на абласных спаборніцтвах, якія пройдуць з 24 па 26 красавіка ў Гродне.

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!