Самагоншчыку ў лесе не схавацца

Самае галоўнае ў папярэд­жанні права­парушэнняў і злачынстваў – прафілактыка, не перастаюць сцвярджаць праваахоўнікі. І для гэтага ўсе метады прыгодныя – ад планавых рэйдаў з удзелам суб’ектаў прафілактыкі да практыкі візітаў у кожны дом і шчырай размовы пры сустрэчы з чалавекам на вуліцы. 

Пра гэта мы гаворым са старшым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргеем Генадзьевічам Матукевічам па дарозе ў вёску Шчанец Астрынскага сельсавета. Вёска гэта асаблівая: акружаная лесам, дзве рэчкі ў наваколлі. Сапраўдны прыродны рай. Некалі шматлюдная, цяпер яна поўніцца галасамі толькі летам, калі да родавых гнёздаў з гарадоў “злятаюцца” маладыя спадчыннікі. Перабіраюцца ў бацькоўскія дамы і гараджане-пенсіянеры. Таму дамы тут дагледжаныя, будынкаў з запыленымі шыбамі нямнога. А вось зімой ваколіцы заціхаюць.
“Я жыхароў нашай вёскі па агеньчыках лічу, – дзеліцца стараста вёскі Шчанец Таіса Іванаўна Кірэй. – Вечарам выйду на вуліцу, гляну па вокнах. Колькі свеціцца – у столькіх хатах і людзі ёсць. Цяпер хто на зіму да дзяцей з’ехаў, хто ў чаканні, што забяруць... Што да мяне, то застаюся, бо гаспадарку трымаю – коз, птушку...”.
У той дзень мы адчынілі дзверы ў дамы яшчэ некалькіх добразычлівых і гаваркіх гаспадынь шчанецкіх сядзіб. Пагутарылі пра былое і сённяшні дзень лясной вёсачкі, а таксама пра бяспеку пражывання. Сяргей Генадзьевіч не прамінуў распытаць землякоў (сам ён родам з Астрыны, звыш 10 год працаваў тут участковым інспектарам. – Заўв. аўтара), ці не парушае хто іх спакой, ці не заносіць у гэты лясны куток чужых людзей, ці ведаюць мясцовыя жыхары, куды паведаміць у выпадку нейкага надзвычайнага здарэння. Наказаў ім добра зачыняць дзверы і ні ў якім разе не пускаць не тое што ў дом – на парог чужога чалавека.
Гаварылі і пра тое, наколькі для міліцыі важна дапамога насельніцтва ў барацьбе з самагонаварэннем. Прыгадалі нядаўні факт (аб гэтым пісала і наша “Дзянніца”. – Заўв. аўтара): у лясным масіве паблізу вёскі Шчанец вартавыя правапарадку выявілі міні-завод па вырабе “народнага прадукту”. Адной толькі брагі – 8 тон! “Мы з суседкай пачыталі і здзівіліся: дзе тут такое магло быць?”, – кажа адна з нашых субяседніц Зоя Уладзіміраўна Пачынчык. Афіцэр міліцыі ўдакладняе: знаходзіўся гэты бровар на тэрыторыі Дэмбраўскага сельсавета, а Шчанец – найбліжэйшы да гэтага месца населены пункт, таму і быў указаны ў зводцы. А гаспадыня наступнага дома, куды мы зайшлі, пацікавілася ў праваахоўніка, ці сапраўды перастала існаваць тая самагонная вытворчасць. Кажа, засумнявалася, бо па тэлевізары нічога пра гэта не сказалі і не паказалі... “Самагонны апарат вывезены і знішчаны. Тое ж і з прадукцыяй. Паставяць у іншым месцы – знойдзем і там!», – кампетэнтна заявіў С.Г. Матукевіч.
Дарэчы, з яго слоў і падрабязнасці гэтай «самагоннай справы». Міліцыянеры «накрылі» лясны аб’ект у той момант, калі там завіхаўся «галоўны тэхнолаг» і гаспадар «вінакурні». Ім аказаўся жыхар Гродна, які родам з раёна з даўнімі традыцыямі такога «народнага промыслу». А «адрас» незаконнай вытворчасці падказалі людзям у пагонах неабыякавыя і зоркія жыхары суседняга сельсавета. На такія бровары натрапляюць таксама леснікі і паляўнічыя. Так што і пад зялёнымі шатамі самагоншчыкам не схавацца, перакананы афіцэр. 
Дарэчы, у той дзень, калі мы пабывалі ў Шчанцы, сваё слова ў адносінах да самагоншчыка, пра якога ішла размова, сказаў суд. «Бізнесмен» заплаціць штраф у суме 25 базавых велічынь (575 рублёў). На яго таксама накладзена адміністрацыйнае спагнанне за забруджванне ляснога масіва.
«А ў вас тут самагоншчыкі не развяліся?» – цікавіцца маёр у жыхароў Шчанца. «У нас няма каму гнаць, – у адзін голас заяўляюць жанчыны. – І піць няма каму. Трэба які кілішак на свята – дык у аўтакраме купім». Пры гэтым кабеты не адмаўляюць: толк у «народным промысле» некалі ведаў і мясцовы люд. Ды толькі што было, быльнікам парасло... Цяпер шчанецкі край – не самагонны, а прыродны рай. А псуюць яго рэпутацыю «залётныя» вінакуры.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

У тэму
Як паведамілі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, за 11 месяцаў бягучага года выяўлены 102 ачагі самагонаварэння, канфіскавана і знішчана 27 апаратаў для вырабу самагону, 369,65 літра гатовай прадукцыі з градусамі і 18411 літраў брагі.

З першых вуснаў:

Д.І. Жынко – намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама:
– Праблема п’янства па-ранейшаму застаецца адной з самых сацыяльна значных і актуальных. Праваахоўныя органы пастаянна ставяць заслону алкагалізацыі насельніцтва, і зялёны змій падціснуў свой хвост. Між тым, намаганняў і сіл толькі міліцэйскага ведамства мала. Каб дабіцца жаданых вынікаў, патрэбна падтрымка грамадскасці, саміх жыхароў раёна. Прашу шчучынцаў не быць абыякавымі, інфармаваць міліцыю аб фактах п’янства, самагонаварэння і продажу спіртаўтрымліваючай вадкасці па тэлефонах 29-3-69, 27-6-93 ці 102. Таксама аб усіх вядомых фактах самагонаварэння можна кругласутачна паведаміць па телефоне “гарачай лініі” “П’янству – не!” УУС Гродзенскага аблвыканкама – 8-152-79-73-33.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!