Свечкі дагараць, а памяць не згасне

25 красавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць Радаўніцу – дзень памяці продкаў

Жыццё не можа доўжыцца вечна. Прыходзіць час і мы развітваемся з нашымі блізкімі і роднымі людзьмі. Хтосьці пакідае гэты свет маладым, у кагосьці век доўжыцца да глыбокай старасці. І невядома, як бы мы жылі, каб дакладна ведалі, колькі нам адведзена таго самага часу. 

Ёсць адна добрая прытча наконт гэтага, якую некалі мне расказаў брат. 
Ішоў Бог па зямлі. Убачыў чалавека, які будаваў дом з бярвення. Побач з ім дзеткі бегалі, жонка завіхалася. Парадаваўся за гаспадара, пайшоў далей. На другой вуліцы ўбачыў Бог, як адзінокі селянін майструе дом з саломы, і запытаў: 
– Чаму гэта ты, добры чалавек, такі ненадзейны дом будуеш? 
– Ды мне праз год усё роўна паміраць! Навошта старацца?!
З таго часу вырашыў Бог трымаць у сакрэце адмераны для чалавека час, каб кожны мог пражыць яго годна. 
Аднак, як бы там ні было, развітвацца з роднымі людзьмі надзвычай цяжка. Са старэйшым братам – айцом Віталіем – нам давялося развітацца вельмі рана. Як толькі бываю ў Астрыне, спяшаюся да яго магілы, што на ўзгорку за мясцовай царквой. На помніку – словы, якія ён любіў паўтараць: “На ўсё воля Божая”… Так яно і ёсць… 
Сваіх любімых і родных людзей мы не забываем ніколі, аднак менавіта на Радаўніцу прысвячаем памерлым цэлы дзень. Перад Вялікаднем спяшаемся на могілкі, каб навесці там належны парадак, выкінуць старыя кветкі, пасадзіць новыя.
Часам здаецца, што на могілках нашы родныя нас чакаюць, радуюцца прыходу. 
У мінулым годзе давялося разам з братам паехаць у Новы Двор, дзе пахаваны бабуля і дзядуля па татавай лініі. На жаль, не ўсе людзі своечасова наводзяць належны парадак на могілках, і часам цяжка з-за бур’яну ля старых магіл адшукаць месца, дзе пахаваны нашы блізкія. Вось і той раз мы збіліся з ног, шукаючы магілкі, хадзілі кругамі. Потым нібы штосьці спыніла нас. Калі павярнулі галовы, убачылі на ўзгорку помнікі з такім родным прозвішчам… Дзіўна, але мы спыніліся якраз насупраць іх! Паставілі лампадкі, памаліліся. 
Бацькі па мамінай лініі пахаваны на могілках, што ў Астрыне, там мы таксама частыя госці. Не магу не адзначыць, які парадак там наведзены! Няма аварыйных дрэў, старых кустоў. Могілкі абгароджаныя, пры ўваходзе – ліхтары. А яшчэ тут усіх вітае… скульптура Сына Божага. Ёсць, як і належыць, і кантэйнеры для смецця, і бочка з вадой. Так пра могілкі паклапаціўся мясцовы фермер Уладзімір Шандроха. Людзі падтрымліваюць парадак, выносяць старыя вянкі, абкошваюць траву. А як жа інакш? Шчырая малітва і належны парадак ля магілкі – усё, што патрэбна нашым памерлым блізкім... 
Дарэчы, варта яшчэ раз нагадаць усім, што могілкі – не месца для ежы! Навошта пакідаць ля помнікаў яблыкі, цукеркі, печыва, мяса? Усё гэта або згніе, або прывабіць жывёл і птушак, якія расцягнуць гэту ежу. Лепш зайдзіце ў царку і падайце запіску «аб спачыне», пастаўце свечку, аддайце пачастункі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Што датычыцца штучных кветак. Эколагі забілі трывогу. Кажуць, што іх не варта купляць на Радаўніцу. Яны забруджваюць навакольнае асяроддзе і могуць быць небяспечныя для здароўя чалавека. Выкінутыя штучныя кветкі нельга перапрацаваць, таму яны доўга вылучаюць таксічныя рэчывы, забруджваюць глебу, паветра і грунтовыя воды. А калі іх спальваць, у навакольнае асяроддзе могуць выдзяляцца цяжкія металы і дыаксіны. Таму эколагі прапануюць замяніць пластыкавыя кветкі жывымі. 
Гэта вырашаць вам. Адно павінна заставацца нязменным: на могілкі прыходзьце з чыстым сэрцам і добрымі думкамі. Маліцеся, успамінайце, якімі яны былі, вашы родныя людзі, чаму вас вучылі, што ад вас чакалі… 
Памятаю, як мой дзядуля Валодзя хацеў, каб яго пахавалі побач з грыбным месцам, дзе некалі ён вучыў мяне акуратна зразаць маладыя баравічкі. Кожны раз жартаваў: “Пералезу праз фундамент, хадзіць па грыбы восенню буду!”. Дзядуля пражыў амаль 92 гады і ўсё хваляваўся, каб ніхто таго ягонага “добрага месца” не заняў. Ніхто не заняў. Заўсёды, як прыйду на могілкі, так і ўспомню і мудрыя дзедаўскія парады, і трапныя выказванні, і тыя самыя грыбы… Цяпер дзядуля побач з бабуляй. Усміхаюцца з помніка, нібы радуюцца, што мы іх не забываем.
25 красавіка многія вернікі памоляцца за памерлых у царкве, ускладуць кветкі, запаляць на могілках лампадкі… Яны дагараць, аднак памяць пра тых, каго ўжо няма з намі, не згасне ў нашых сэрцах ніколі.
Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!