Гасцявая сям’я – значыць, гасцінная

Сацыяльная служба раёна актыўна шукае і знаходзіць новыя формы работы з людзьмі сталага веку 

Бабуля Зіна па-сапраўднаму радуецца, што свой 95-ты дзень нараджэння сустрэне ў сям’і. І няхай гэта сям’я не біялагічная (з самых родных пахавала ўжо і мужа, і сына, усе вочы выплакала), але знайшліся добрыя людзі і запрасілі старэнькую пажыць у іх утульным вялікім доме, стварылі дастойныя ўмовы, акружылі цяплом і ўвагай.
– Каб не Толік з Таццянай, мяне б, напэўна, ужо не было на гэтым свеце, – выцірае слёзы жанчына. 
– Ну што Вы, цётачка, не трэба пра ліхое. Давайце лепей будзем думаць, як Ваш юбілей адзначым! – падбадзёрваюць старэнькую Анатолій Сяргеевіч Белка і яго прыгожая “палавінка” Таццяна Пятроўна.

У аграгарадок Першамайск мы завіталі з загадчыцай аддзела сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН І.І. Данілевіч. Яшчэ па дарозе, праязджаючы вёску Старыя Паддубы, Ірына Іосіфаўна паказала старэнькую хатку З.С. Іваноўскай і распавяла пра гаспадыню. Зінаіда Сяргееўна – працаўніца тылу, прыроўненая па сваіх заслугах да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Няпросты лёс напаткаў гэту жанчыну, адна засталася на старасці гадоў. Унукі з Гродна наведваюцца, канешне, але ўсе клопаты і адказнасць на сацыяльную службу клаліся. Сацыяльны работнік Тамара Пятроўна Павукова не лічылася з асабістым часам, не абмяжоўвалася толькі функцыянальнымі службовымі абавязкамі, аднак з цягам часу ўсё адно стала зразумела: якой бы павышанай ні была ўвага, а жыць у паважаным узросце чалавек павінен у сям’і, пад надзейнай апекай.
– У рэгіёнах Беларусі ўкараняюцца такія формы сацыяльнай работы, як гасцявыя і прыёмныя сем’і для людзей сталага веку. Ёсць падобныя прыклады і ў нас на Шчучыншчыне, – канстатуе Ірына Іосіфаўна Данілевіч. – Вось і ў гэтым выпадку мы парадзіліся са старшынёй Першамайскага сельвыканкама Наталляй Мікалаеўнай Сідлярэвіч, разам падумалі, прыкінулі і … прапанавалі жыхару Першамайска Анатолію Сяргеевічу Белку ўзяць у свой дом на пражыванне Зінаіду Сяргееўну, якая даводзіцца яму сваячкай. Будучы чалавекам шырокай душы, ён не адмовіўся. І жонка падтрымала. Так З.С. Іваноўская аказалася членам сям’і ў доме гэтых добрасардэчных людзей.
Скажам адразу, ніякай матэрыяльнай кампенсацыі ні гасцявая, ні прыёмная сям’я з дзяржаўнага бюджэту не атрымлівае. Усё тут заснавана на прынцыпах міласэрнасці. Аднак складаецца дагавор «пад патранажам» тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе абодва бакі абавязваюцца паважліва адносіцца адзін да другога, праяўляць клопат. Самі ж яны абмяркоўваюць і тое, як будуць вырашаць матэрыяльныя пытанні. Такі дагавор З.С. Іваноўская і А.С. Белка заключылі яшчэ ў пачатку снежня 2016 года.
– А мы былі спакойнымі за тое, што зіма для Зінаіды Сяргееўны пройдзе ў цяпле і бяспецы. І не памыліліся, – задаволена І.І. Данілевіч.
Бабуля Зіна паказвае свой утульны пакой з круглай кафельнай печкай, што дыхае цеплынёй. Літаральна за сценкай усе бытавыя зручнасці, уключаючы шыкоўную душавую кабіну.
– А ў суботу мяне Таццяна нават у лазню звадзіла. Балазе лазню Анатоль пабудаваў прама на падворку, – тлумачыць Сяргееўна.
Тое, што для маладых звычайная рэч (з бярозавым венічкам папарыцца!), для старэнькіх – сапраўдны подзвіг.
Мы гутарым з Сяргееўнай, нібыта ведаем адна адну даўным-даўно (як высветлілася – зямлячкі!), параўноўваем колішнія часы з сённяшнімі.
– Не дай Бог перажыць вам тое, што мы перажылі. Самае страшнае выпрабаванне – гэта вайна. Які быў голад, холад, страх ад аднаго гулу самалётаў. Столькі людзей загінула! – усхвалявана, нібы зноўку перажываючы пакуты ліхалецця, гаворыць жанчына і распавядае пра перыпетыі лёсу. – Яшчэ перад вайной уся наша сям’я з Лычкаўцаў паехала на заробкі ў Расію. Мама з меншымі дзецьмі праз нейкі час вярнулася, а мы з бацькам засталіся ў Магнітагорску. Калі пачалася Вялікая Айчынная, я на цагляным заводзе працавала, а тата – на абароннай вытворчасці. 300 грамаў хлеба ў суткі – гэта ўся яда, а работа да поўнай знямогі. Я была моцна траўміравана, цудам выжыла. Цяжка ўспамінаць пра тыя часы. Дамоў на Беларусь вярнулася ў 1947 годзе, зноў многа працавала – і на сваю гаспадарку, і на калгасных дзялках…
Пакуль льецца наша бяседа, Анатолія Сяргеевіча прыспешваюць справы. Прафесія ў яго клопатная: ён майстар Першамайскага ўчастка РУП ЖКГ, у адказе за парадак у аграгарадку. Пры гэтым уласны падворак і тэрыторыя вакол яго можа служыць узорам для аднавяскоўцаў. 
А Таццяна Пятроўна – настаўніца пачатковых класаў. Ёй, педагогу, не складана знайсці агульную мову не толькі з малечай, але і са сваёй падапечнай. 
…У кухні закіпае чайнік, на стале – духмяны пірог і адмысловы хвораст, з любоўю прыгатаваны па нейкім асаблівым першамайскім рэцэпце.
– Вось мякенькі кавалачак, вазьміце, Зінаіда Сяргееўна, – гаспадыня кладзе на бабуліну талерку пачастунак.
Утульны, прыгожы дом – прыгожы найперш сваёй добразычлівай атмасферай і сардэчнасцю.

У тэму

Акрамя гасцявой сям’і, пра якую мы вам расказалі, яшчэ пяць адзінокіх людзей сталага веку пры дапамозе супрацоўнікаў ТЦСАН знайшлі надзейны прычал у кругу прыёмных сямей, якія створаны: дзве – у Шчучыне, па адной у г.п. Астрына, аграгарадку Тур’я, вёсках Дудкі і Зенеўцы. 
Дарэчы, калі вы таксама гатовы на высакародны ўчынак і можаце ўзяць да сябе на пражыванне адзінокага чалавека, па кансультацыю звяртайцеся да спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!