Да дзяцей – са спартыўнымі падарункамі

Лета – пара дзіцячых забаў, калі самы час пакатацца на роліках і на веласіпедзе, паганяць мяч, асвоіць скейт-борд… А стаміўшыся ад руху і бегатні, можна дзесьці ў цяньку ракласці лато або іншыя настольныя гульні…

Менавіта з такімі спартыўнымі падарункамі, падрыхтаванымі Шчучынскім раённым аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду, накіраваліся сёння ў сацыяльна-педагагічны цэнтр і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў г.п. Астрына начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама У.Р. Дубок і загадчыца сектара па ахове дзяцінства В.А. Янковіч.

Рабяты з сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Ляшчанцы ветліва сустракалі гасцей. І канечне ж, абрадаваліся падарункам. А ў знак удзячнасці прапанавалі паглядзець некалькі музычных нумароў. Што й казаць, сапраўдныя таленты падрастаюць!

--Мы вельмі ўдзячны за тую ўвагу, якой акружаны нашы выхаванцы, -- гаворыць дырэктар цэнтра Дзіна Яўгеньеўна Войцюль. – Сёння яны ўжо атрымалі спартыўны інвентар і слодычы ад раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу. Завіталі да нас і вясёлыя клоўны са Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з забаўляльнай праграмай. Атрымалася сапраўднае свята.

У дамах сямейнага тыпу Блінковых і Сокалаў амаль уся дзетвара таксама была ў зборы. Уладзімір Раманавіч цікавіўся поспехамі рабят, планамі па арганізацыі летняга адпачынку. Дзяўчынкам вельмі спадабаліся ролікавыя канькі. А вось хлопчыкам аказаліся дарэчы мячы і баскетбольныя кольцы.

У.Р. Дубок віншаваў усіх рабят са святам, а яны шчыра дзякавалі за падарункі. У якіх бы складаных жыццёвых умовах не аказаліся дзеці, яны ніколі не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі, ім на дапамогу заўсёды прыйдзе дзяржава. Дзяцінства павінна быць шчаслівым, нягледзячы ні на што.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!