Залог бяспекі – прафілактыка

– За апошнія пяць год на тэрыторыі Лядскага сельсавета ў пажарах не дапушчана гібелі ніводнага чалавека, – адкрываючы сельскі сход, што прайшоў днямі ў Ляшчанскім дз/с-СШ, паведаміў старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Анатольевіч Літавар. – Гэтаму садзейнічае штодзённая карпатлівая работа, якая праводзіцца з насельніцтвам па выкананні правіл пажарнай, газавай, электрычнай бяспекі. Трэба адзначыць, што людзі ў нас добра разумеюць, што іх бяспека залежыць ад іх саміх, і заўсёды прыслухоўваюцца да заўваг агляднай камісіі, ухіляюць выяўленыя парушэнні.

Цікавае і відовішчнае выступленне падрыхтавалі вучні агітбрыгады Ляшчанскага дз/с-СШ. Прадстаўленне на тэму бяспекі, а школьнікі выдатна спавіліся са сваімі ролямі, безумоўна, запомніцца дарослым. А вось кадры фільма “Недзіцячыя гульні”, што расказалі пра няшчасныя выпадкі, якія здарыліся з дзецьмі, і трагічную гібель рабят, нікога не пакінулі раўнадушнымі…
Агонь працягвае забіраць жыцці людзей. Нядаўняя гібель пенсіянера ў г.п. Астрына стала яшчэ адным пацвярджэннем таго, што грэбаванне элементарнымі правіламі бяспекі – курэнне ў пасцелі – прыводзіць да бяды. Аб гэтым гаварыў у сваім выступленні начальнік Шчучынскага РАНС А.Дз. Малюгін. Ён звярнуўся да ўдзельнікаў сходу з просьбай яшчэ раз праверыць спраўнасць сваіх печаў, комінаў, устанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. 
Тры апошнія дарожна-транспартныя здарэнні, якія сталі ракавымі для двух веласіпедыстаў і прынеслі шмат выпрабаванняў вадзіцелям і пасажырам двух аўтамабіляў, да сённяшняга дня на слыху не толькі ў жыхароў нашага раёна. Пра абставіны гэтых здарэнняў падрабязна расказаў начальнік аддзела ГАІ Шчучынскага РАУС У. І. Хільмончык. 


– У гэтым годзе на тэрыторыі нашага раёна адбылося 12 ДТЗ, у якіх загінулі чатыры чалавекі і 12 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, – прывёў сумныя лічбы статыстыкі Уладзімір Іванавіч. 
Асаблівую ўвагу начальнік АДАІ звярнуў на аварыі з удзелам дзяцей, заклікаў дарослых паказваць толькі станоўчы прыклад маленькім удзельнікам дарожнага руху. Ён нагадаў пешаходам і веласіпедыстам аб неабходнасці выкарыстання святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак, а вадзіцелям паведаміў, што з першага снежня іх аўтамабілі павінны быць “пераабутыя” у зімовыя шыны. 
На праблеме сямейнага насілля спыніўся намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дз.Ю. Гайдукевіч. 
– Сямейныя скандалы сталі, на жаль, неад’емнай часткай штотыднёвых міліцэйскіх зводак, – расказаў Дзмітрый Юзэфавіч. – Сварацца мужы з жонкамі, крыўдзяць сваіх састарэлых баць­коў дарослыя дзеці. У пераважнай большасці ініцыятары скандалаў знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Ні ў якім разе нельга ўтойваць такія факты, таму што сямейныя дэбашыры будуць адчуваць сваю беспакаранасць і працягваць здзекавацца над сваімі дамашнімі. 
Намеснік пракурора расказаў, якая існуе адказнасць за так званае рукапрыкладства, а таксама паведаміў аб тым, што адным з пунктаў закона аб прафілактыцы правапарушэнняў з’яўляецца вынясенне ахоўнага прадпісання. Яно накіравана на тое, каб забараніць сямейнаму агрэсару пэўны час знаходзіцца побач са сваёй сям’ёй. Ёсць і іншыя меры, каб абараніць яго родных і дазволіць ім жыць спакойна. 
Як паведаміў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.І. Навіцкі, галоўная задача сацыяльнай службы – абарона грамадзян пенсійнага ўзросту, інвалідаў і дапамога ім. 
– Згодна з данымі, на 1 лістапада гэтага года ў нашым раёне пражывае 1273 адзінокіх грамадзян сталага ўзросту, з іх тым, каму больш за 80 год – 567 чалавек, 7 806 – грамадзян жывуць адныя, – расказаў Андрэй Іванавіч. – Мы ўдзялем вялікую ўвагу ў першую чаргу забеспячэнню іх бяспекі, працуем у складзе аглядных камісій. 
Начальнік упраўлення звярнуўся з просьбай да ўдзельнікаў сходу не забываць пра сваіх састарэлых бацькоў, праверыць у іх спраўнасць печаў, электраправодкі, а пры неабходнасці правядзення рамонтных работ выклікаць спецыялістаў. 
Правілы электрычнай і газавай бяспекі нагадалі прысутным начальнік Энергаінспекцыі С.А. Куроўскі і прадстаўнік Шчучынскага раёна газазабеспячэння А.М. Яцкевіч.
Вынікі актуальнай размовы падвёў старшыня Ляскага сельвыканкама П.А. Літавар.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

Для выполнения электромонтажных работ, в том числе замены и ремонта электропроводки, можно обращаться в ОАО «Щучинэнерго» – 25-2-23, а также к ИП Королюку С.С. – МТС 8029 7886647. 
Если вам необходимо отремонтировать печку или установить автономный пожарный извещатель, обращайтесь к специалистам добровольного пожарного общества – 28-7-39 или к начальнику участка Алексею Фёдоровичу Богомазову – 8044 5535035. 
По вопросам замены газовых плит и других, связанных с газовым хозяйством, можно обращаться в Щучинский район газообеспечения по телефону: 28-0-97.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!