“За свае Кобраўцы мы хварэем душой!” Даведаліся, што могуць стараста і органы мясцовага самакіравання на прыкладзе адной з вёсак Астрыншчыны

Нядаўна на раённым злёце перадавікоў і лепшых па прафесіі не пакінулі без увагі ў тым ліку і самых актыўных старастаў вёсак. Сярод узнагароджаных за лепшую пастаноўку работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання была і Ганна Крываблоцкая. На Астрыншчыну мнагадзетная мама прыехала яшчэ ў 90-х мінулага стагоддзя, пусціла тут карані, заваявала аўтарытэт і павагу сярод мясцовых жыхароў...
– Ніколі не забуду пра сваё першае ўражанне ад вёскі Кобраўцы, – успамінае Ганна Віктараўна. – Іду па незнаёмай вуліцы, а адчуванне такое, што гэта маё – роднае! Адразу стала ўсё тут сэрцу міла: і людзі прыветныя, добразычлівыя – вітаюцца з незнаёмым чалавекам, і чысціня, дагледжанасць вакол дамоў, і прырода дзівосная, як сапраўдны падарунак – з возерам, лесам, грыбнымі мясцінамі! Нездарма ж улетку насельніцтва Кобраўцаў можна смела памнажаць у разы, бо ў кожнай хаце госці-адпускнікі, дзіцячы гоман. Няма ў нас безгаспадарных дамоў. Усе шануюць і даглядаюць бацькоўскую спадчыну.
Спачатку Г.В. Крываблоцкая працавала ў адпаведнасці са сваім дыпломам – аграномам-садаводам у фермерскай гаспадарцы, а потым нечакана нават для самой сябе крута змяніла прафесійны напрамак – узначаліла Кобраўскі сельскі клуб. Атрымалася! Чалавек яна творчы, душэўны, песенны дый арганізатар цудоўны. На заслужаны адпачынак Ганна Віктараўна пайшла ўжо з Навадворскага Дома культуры, дзе таксама працавала досыць працяглы час пасля закрыцця клуба ў Кобраўцах.
У рэшце рэшт энергічную, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй жанчыну сяльчане абралі старастай. І вось ужо чацвёрты год Ганна Віктараўна, што называецца, вясковы камандзір.
– Адна б я наўрад ці здолела штосьці канструктыўнае зрабіць, а вось цэлай камандай аднадумцаў і неабыякавых людзей мы гатовы горы звярнуць, – лічыць жанчына. – Кобраўцы – вёска дружная, згуртаваная. Вельмі ўдзячна за той вопыт, які мне перадала мая папярэдніца на пасадзе старасты – Лілія Мікалаеўна Козіч. Сапраўдны “жыўчык” і генератар ідэй Ірына Хільмановіч. Заўсёды своечасова ўздыме злабадзённую праблему і не будзе жыць па прынцыпе “мая хата з краю” Тамара Снацкая. Заўжды можна разлічваць на дапамогу і добрую параду з боку Марыны Адамчык. Дый увогуле, да каго б з нашых кабраўчан ні звярнуўся, людзі абавязкова адгукнуцца. Мы разам выходзім на суботнікі па добраўпарадкаванні агульных тэрыторый, з асаблівым пачуццём “наводзім прыгажосць” ля крыжоў-абярэгаў, лічым сваім святым абавязкам клапаціцца пра помнік землякам, што загінулі, абараняючы Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны…
Як і належыць, стараста вёскі Кобраўцы заўжды на сувязі са старшынёй Астрынскага сельвыканкама.
– З Наталляй Іванаўнай Лебядзевіч разумеем адна адну з паўслова, – дзеліцца Ганна Віктараўна. – Менавіта ў такім партнёрстве вырашаюцца ўзнятыя людзьмі пытанні. Вось толькі нядаўна абмеркавалі, што неабходна заняцца пусткамі за дамамі, магчыма, прадыскаваць тыя ўчасткі, акультурыць.
Трэба сказаць, сіламі мясцовага самакіравання і з падтрымкай райсавета, райвыканкама і сельвыканкама ў Кобраўцах здолелі вырашыць ужо нямала набалелых пытанняў. Напрыклад, адстаялі свой сельмаг, наяўнасць якога ўсё ж куды зручней, чым самая пунктуальная аўталаўка. Асартымент і якасць паслуг, па словах старасты, тут цалкам задавальняюць патрэбы сельскіх спажыўцоў. Вось толькі тэрыторыя вакол магазіна патрабуе добраўпарадкавання.
Бадай, самая галоўная радасць – заасфальтаваная вясковая дарога, рамонту якой у Кобраўцах дабіваліся вельмі настойліва. І гэтыя патрэбы ўлада пачула!
– Цяпер вельмі важна захаваць тое, што маем, – разважае стараста. – Перажываем, што велікагрузная сельскагаспадарчая тэхніка разбівае нашу дарогу. Будзем уздымаць пытанне на ўзроўні ААТ “АграГЖС” аб нейкіх кампрамісах, магчыма, аб абмежаванні скараснога рэжыму.
На прыкладзе Кобраўцаў і іх ініцыятыўнай грамадскасці ўвачавідкі бачна, як людзі клапоцяцца пра свой родны куточак, робяць усё магчымае, каб жылося там камфортна, бяспечна, у згодзе і радасці.
– Цудоўныя святы нам дораць работнікі культуры Астрынскага ДКіТТ, – пераключаецца на пазітыўную хвалю наша суразмоўца. – Яны часта прыязджаюць да нас з цікавай праграмай. На канцэрты, што ўлетку ладзяцца на сядзібе Хільмановічаў (нізкі наш паклон гаспадарам!), збіраюцца і карэнныя жыхары, і прыезджыя госці. Умеюць нашы людзі і папрацаваць належным чынам, і ад душы павесяліцца. Вось ужо і Вялікдзень чакаем. Па традыцыі заўжды пачынаем з генеральнай вясенняй уборкі, а потым і само свята талакою сустракаем.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра Касперчука.
