Як адзначым Дзень народнага адзінства?

 

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да Таццяны Цюсінай – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таццяна Уладзіславаўна па адукацыі гісторык, і тым больш цікава даведацца, як яна ўспрымае новае дзяржаўнае свята, зацверджанае 7 чэрвеня 2021 года прэзідэнцкім Указам № 206.

 

– У Год народнага адзінства такое свята арганічна наспела, і дата, звязаная са знакавымі падзеямі 17 верасня 1939 года, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, падыходзіць найлепш. Такім чынам сучасны кантэкст гэтага свята базіруецца на трывалым гістарычным падмурку.

 

Не выпадкова, што пасля ўз’яднання ў нашых гарадах і мястэчках пераймяноўвалі вуліцы, услаўляючы лёсавызначальную дату. Вуліца 17 Верасня ёсць у Гродне, Шчучыне, Жалудку… Сёння і нам, сучаснікам, наспеў час выразна абазначыць сваю пазіцыю да тых далёкіх-блізкіх падзей, што паўплывалі на гісторыю беларускага народа і станаўленне нашай дзяржаўнасці.

 

– Таццяна Уладзіславаўна, калі зазірнуць у каляндар заснавання арганізацый і прадпрыемстваў раёна, то ў 1939 годзе “нарадзіліся”…

 

– Перш-наперш гэта наша з вамі любімая Шчучынская раённая газета, якая пачала выходзіць пад назвай “Сцяг працы” менавіта ў верасні 1939 года. На Шчучыншчыне, акрамя заснавання сваёй раённай газеты, якая выконвала вялікую прапагандысцка-адукацыйную ролю, мабілізавала людзей на плённыя справы і будаўніцтва новага жыцця, адразу пасля 17 верасня 1939 года былі адкрыты 11 новых школ, пачалі працаваць раённая бальніца, радзільны дом, з’явіліся бібліятэкі, утварыўся райспажыўсаюз… Вясной 1940 года ў Скоржыках і Стараўшчыне сяляне арганізавалі калгасы і засеялі калектыўныя палі. На вялікі жаль, вайна перакрэсліла ўсе стваральныя планы. Але нямецкіх акупантаў чакаў народны адпор. Гераізм нашых партызан і падпольшчыкаў авеяны легендамі, нашы продкі заплацілі за свабоду і незалежнасць, а значыць, і за гэты дзень сваёй крывёю. Вельмі важна сёння аднаўляць у памяці тыя падзеі, узгадваць людзей, што ўсё гэта перажылі, захоўваць традыцыі і глыбока ўсведамляць ўрокі гісторыі, выхоўваць маладое пакаленне ў духу адзінства нацыі пераможцаў.

 

– Якія мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята народнага адзінства, плануецца правесці, каб гэты дзень сапраўды стаў адметным, запомніўся жыхарам горада і раёна?

 

– Напярэдадні, 16 верасня, маем намер арганізаваць спіч-пляцоўку для моладзі, запрасіць да дыялогу гісторыкаў, краязнаўцаў, прадстаўнікоў улады. Ва ўстановах адукацыі пройдуць тэматычныя класныя гадзіны, а ў 13.00 у нашым кінатэатры будзе дэманстравацца дакументальны фільм “Мяжа”, які дасць магчымасць акунуцца ў гістарычную атмасферу тых вераснёўскіх дзён 1939 года.

 

А непасрэдна 17 верасня масавае святкаванне пачнецца на плошчы Свабоды апоўдні. Прадпрыемствы і арганізацыі раёна разгорнуць каларытныя падвор’і, на выставе дасягненняў прадэманструюць свае адметныя навацыі і дынаміку развіцця. Словам, кожны пастараецца здзівіць і ўразіць, папулярна расказаць шчучынцам аб сваёй дзейнасці і вытворчых поспехах, якімі можа ганарыцца і наш раён, і наша рэспубліка.
З цэнтральнай плошчы ў 15 гадзін стартуе маладзёжны аўтапрабег па вуліцы 17 Верасня – дарэчы, адной з самых працяглых у райцэнтры. На гэтай жа вуліцы-імянінніцы плануецца ўстанавіць памятны знак, каб гараджане і госці Шчучына ведалі, з нагоды якой падзеі ўвекавечана дата, што аб’яднала Беларусь і беларусаў.

 

З 18 гадзін Шчучын у асобе кіраўніка раёна Аляксея Валянцінавіча Садоўскага будзе прымаць 11 дэлегацый з сельсаветаў – заслужаных людзей, ветэранаў, перадавую моладзь. Адбудуцца ўрачысты сход, святочны канцэрт, а напрыканцы – дыскатэка. Ідэя ў тым, каб дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства менавіта адсвяткаваць – урачыста, шчыра, весела. Каб адчуваліся і настрой, і парыў, і энтузіязм.

 

Зрэшты, калі ў кагосьці з чытачоў ёсць свае прапановы і бачанне канцэпцыі святкавання, вельмі рады будзем акумуліраваць усе ідэі. Мы заўжды адкрыты для дыялогу з творчымі і нераўнадушнымі людзьмі. Чакаем, сябры, усіх вас на свята!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!