З вышыні птушынага палёту контуры Васілішак нагадваюць... сэрца

 І гэта падаецца знакавым. Надзвычай душэўна сустракаюць у Васілішках кожнага госця, які цікавіцца гісторыяй і турыстычнымі славутасцямі тутэйшых мясцін, у чым мы пераканаліся асабіста, калі чарговым адрасам нашага творчага праекта “Дзянніца” кліча ў вандроўку” абралі гэты рэгіён. 

На працягу амаль паўтара дзясятка год старастай аграгарадка, а дакладней – старшынёй сельскага камітэта Васілішак, з’яўляецца Яніна Антонаўна Сяргей – былая настаўніца гісторыі, якая, здаецца, усё-усё ведае пра родныя мясціны. Яна, дарэчы, не толькі для нас выступае ў ролі гіда.
– Неяк зусім выпадкова сустрэла на васілішкаўскай вуліцы … італьянца з жонкай-беларускай, якая яму перакладала, – узгадвае Яніна Антонаўна. – Ён усё здзіўляўся, як у нас хораша ды чысцютка. Нібыта і сельская мясцовасць, а шырокія асфальтаваныя вуліцы, тратуары, прыгожая архітэктура, акуратныя газоны і кветнікі. Сучасныя адміністрацыйныя будынкі суседнічаюць з гістарычнымі забудовамі, кожная з якіх ахутана легендамі. 
Духоўны асяродак
Кажуць, надараюцца дні, калі ля касцёла св. Іаана Хрысціцеля адзін за другім спыняецца да дзясятка аўтобусаў. Турыстаў вабіць старажытны касцёл – помнік архітэктуры позняга барока. Ксёндз Станіслаў і парафіяне ў апошнія гады вельмі многае зрабілі, каб архітэктурны брыльянт меў дастойную агранку. Тэрыторыя вакол храма, дзе зачароўваюць сваім хараством скульптуры, дэндрарый і кветнікі, прыцягвае магчымасцю адпачыць душой. 
Мы сустрэліся з настаяцелем храма ксяндзом Станіславам Пыцелем, які хоць і грамадзянін Польшчы, але за 27 год служэння ў васілішкаўскім касцёле душой “прырос” і да гэтых слаўных мясцін, і да людзей, якім дорыць часцінку свайго вялікага сэрца, і да гісторыі краю. З цікавасцю мы слухалі аповед, як яшчэ ў 1658 годзе ў Васілішках быў заснаваны манастыр дамініканцаў, а пры ім пабудавалі драўляны касцёл. Цяперашні мураваны храм пачалі ўзводзіць у 1769 годзе. А ці не цуд, што 1 ліпеня 1782-га пры вялікім пажары ў Васілішках выгарала амаль усё, але касцёл уцалеў. Выстаяў ён і ў 1810-м, калі неверагоднай сілы буран сарваў дах.
Пасля таго, як было задушана паўстанне Кастуся Каліноўскага, у якім прымала ўдзел нямала васілішкаўцаў, тагачаснага ксяндза Ануфрыя Сырвіда саслалі ў Сібір, а касцёл у 1867 годзе перадалі праваслаўным, і ён быў пераасвенчаны ў царкву. Толькі пасля Першай сусветнай вайны, калі ў 1919 годзе рэгіён уваходзіў у склад Польшчы, васілішкаўскі храм зноў вярнулі католікам. 
Велічны будынак вельмі прыгожы не толькі звонку, але і ўнутры. Прыемна, што ў гэтым ёсць унёсак і саміх парафіян. Так, мясцовая ўраджэнка Тарэса Тарасевіч, якая па волі лёсу пражывала ў Чыкага, у 1996 годзе падарыла касцёлу арганы, якія былі дастаўлены з Варшавы. Іх чароўныя гукі і сёння кранаюць сваёй чысцінёй. 


– Па-добраму здзівіла і Станіслава Навагродская, якой, на жаль, цяпер ужо няма ў зямным жыцці, – распавядае святар. – Калі гэта жанчына ў 2008 годзе атрымала спадчыну ад сястры, то выказала жаданне прафінансаваць адзін з вітражоў у касцёле. Яго кошт – ні многа ні мала, а 4,5 тысячы долараў. Вось гэты сюжэт, дзе Маці Божая Вострабрамская і святы Казімір, – ксёндз Станіслаў паказвае на асвечаны сонечнымі промнямі аконны праём, – заўжды нагадвае пра шчодрасць душы нашай парафіянкі.
Сапраўднай фотазонай стаў парк ля касцёла з рамантычнай каравелай, мноствам малых архітэктурных форм і разных лавачак ды альтанак. Ідэя ператварыць былую пустку ў батанічны садок таксама належыць ксяндзу Станіславу, а ажыццяўлялі яе ўсе разам. І тут свой талент мастака і рэзчыка па дрэве праявіў мясцовы жыхар Віктар Мешчаракоў. 
Каменны госць. І не адзін!
– А пра наш Васілішкаўскі валун – прывітанне з эпохі Вялікага Ледавіка – калі-небудзь чулі? – запытвае Яніна Антонаўна Сяргей і шпарка вядзе па маляўнічай ваколіцы Васілішак, праз водарнае стракатае разнатраўе, да знакамітага каменю, якому пакланяліся нашы продкі.
Велікан, прынесены ледавіком каля 125 тысяч год таму са Скандынавіі, насамрэч унікальны помнік прыроды. Ягоная вага – 66 тон! Буйназярністы ружаваты граніт пакрыўся мохам, але не страціў сваёй прывабнасці і нейкай прыцягальнай таямнічасці. Даўжыня каменю – каля пяці метраў, шырыня – тры, а вышыня 1,7 метра. 


– Гэта ён у зямлю ўрастае, а ўвогуле яшчэ больш унушальны, – лічыць Яніна Антонаўна і дакладным рухам, нават не гледзячы, а выключна па памяці, паказвае “сядзенне” на верхавіне гранітнай махіны.
За прывілею па-царску пасядзець у адшліфаванай ямцы-крэсле малыя, бывала, не на жарт спрачаліся, але пяшчоты сівога валуна хапала на ўсіх.
– Гэты камень нам, дзецям, заўсёды здаваўся цёплым-цёплым, мо таму, што гуляць сюды збягаліся ў летнія сонечныя дні. Вунь дах нашага гумна, а там – бацькоўская хата. Ды на гэтым камяні ўсё маё дзяцінства прайшло, – настальгічна ўспамінае жанчына.
Каменная эпапея гэтых мясцін можа быць працягнута, калі паехаць у вёску Вялікія Пугачы. Там можна ўбачыць трэці па велічыне на Беларусі гранітны валун. Ён важыць 130 тон! Навукоўцы лічаць, што ледавік прынёс яго з Паўднёвай Фінляндыі каля 200 тысяч год назад. Карэнныя жыхары памятаюць, што раней “на ігрысках” на Пугачоўскім валуне ўмудраліся танчыць кадрылю ажно 12 пар адразу!
Унікальныя пячоры Старых Васілішак
Неад’емны спадарожнік аграгарадка – вёска Старыя Васілішкі. Некалі ціхмянае месца загаманіла і ажыло, калі сем год таму родная хата вядомага музыканта і кампазітара Чэслава Немэна ператварылася ў клуб-музей. Загадчык установы Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта штодзень праводзіць экскурсіі, сардэчна прымае турыстаў з усяго свету, з любоўю расказвае і пра феномен таленавітага вясковага хлопчыка, што нарадзіўся ў сям’і Выджыцкіх, і пра гісторыю роднага краю.
А яшчэ Старыя Васілішкі славяцца сваім велічным чырвоным касцёлам. Яго гатычныя шпілі бачны за многія кіламетры, а вясковыя хаткі з садамі падаюцца мініяцюрна цацачнымі ў параўнанні з гэтым элегантным гмахам.
З хваляваннем у сэрцы падыходзім да старажытных муроў. Кажуць, на фундаментных плітах былі ўпісаны імёны тых, хто ахвяраваў грошы на будаўніцтва храма, якое вялося ў 1897-1903 гадах. Надпісы былі сцёрты ў часы суцэльнага атэізму. Але традыцыю штогод у Дзень святых Пятра і Паўла ладзіць тут фэсты і ўрачыстыя набажэнствы не змог “сцерці” ніхто. 
Славутасцямі “чырвонага касцёла” ў Старых Васілішках з’яўляюцца прыгожыя вітражы і фрэскі, а яшчэ – унікальныя пячоры, што захаваліся злева ад алтара. Тут скульптурная кампазіцыя распавядае пра тое, як волхвы вітаюць нараджэнне Хрыста. Такіх пячораў няма больш нідзе ў Беларусі.


Фальваркі з гісторыяй
Мясцовыя ваколіцы – край фальваркаў. Старажытныя дакументы сведчаць, што ў васілішкаўскай акрузе іх налічвалася 17. Фальваркам лічылася сядзіба з не меней чым паўсотняй гектараў зямлі. Такія надзелы нашы продкі атрымлівалі за адзнакі ў ваенных дзеяннях ці за заслугі перад дзяржавай. 
Знаёмячыся з біяграфіяй знакамітай зямлячкі, паэткі і рэвалюцыянеркі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), даведваемся, што яе бацька Сцяпан Пашкевіч валодаў у гэтых мясцінах адначасова трыма фальваркамі: Стары Двор, Песчына і Тарасіна. У Старым Двары Васілішкаўскага сельсавета, непадалёку ад гасцінца, і пахавана наша таленавітая пяснярка. Да яе магілы, а па сутнасці мемарыяльнага комплексу, не зарастае сцяжына. Ідуць і едуць прыхільнікі яе творчасці, тыя, хто не толькі па падручніках вывучае свой край, шматлікія турысты. У некалькіх метрах ад гранітнага крыжа на ствале спілаванага дуба выразаны радкі з верша Цёткі, якія сталі сапраўды прароцкімі. Так, слынная дачка Айчыны стала “песняй у народзе”. 
Будучы ў васілішкаўскіх краях, грэх не наведаць Галавічполе і сядзібу вядомых асветнікаў Іваноўскіх. У маёнтку, пабудаваным у 1909 годзе ў стылі гатычнага мадэрну, зараз знаходзіцца дом-інтэрнат, але тут па-сапраўднаму берагуць і захоўваюць гісторыю. Наўкола раскінуўся пейзажны парк, дзе густымі кронамі шумяць волаты-дрэвы, што памятаюць, як у гэтым фальварку падрасталі тры браты – тры будучыя прафесары з сусветнымі імёнамі, адзін з якіх лічыў сябе палякам, другі – беларусам, а трэці – літоўцам. 
Праехаўшы 4 кіламетры на ўсход ад Галавічполя, можна трапіць у старажытную вёску Касцянева, дзе ішлі жорсткія баі (сама назва аб гэтым гаворыць!) у часы татара-мангольскага нашэсця. Але мы звернемся да больш позніх часоў і ўсё той жа тэмы фальваркаў. Па мясцовых паданнях, тутэйшы маёнтак паноў Кастравіцкіх будавалі … масоны і хацелі зрабіць яго месцам збору сваёй ложы. Асабліва ўражваюць падвальныя памяшканні будынка з масіўнымі цаглянымі зводамі.
А які шыкоўны парк раскінуўся наўкола! Старажылы расказваюць, што алеі 300-гадовых ліпаў утваралі калісь суцэльныя зялёныя аркі-калідоры і дарылі прахалоду ў самую экстрэмальную спёку.
І яшчэ адна славутасць ёсць у гэтых мясцінах. На паўднёва-усходнім ускрайку Касцянева знаходзіцца цікавы археалагічны помнік – гарадзішча ХІ-ХІІІ стагоддзяў. Матэрыялы раскопак сведчаць, што ў сярэднявеччы тут знаходзілася ўмацаванае пасяленне славян. Беларускі археолаг У.У. Сядоў атаясамлівае яго з летапісным горадам Вавярэскам.
…Жыве памяць, захоўваецца гісторыя, цікаўнасць да якой з году ў год толькі расце. А ў тым, што Васілішкі ўтрымліваюць першую пазіцыю ў рэгіёне па рэйтынгу наведвання гасцей, нікога пераконваць не трэба. Тут сапраўды ёсць на што паглядзець і чаму падзівіцца.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Падобныя матэрыялы: 
Сведка “халоднай вайны” – сакрэтны бункер пад тоўшчай зямлі
Гасціннасць – візітоўка аграсядзібы “Шкардзянка”
Па экалагічных сцяжынах заказніка “Котра” (добавлены фото)

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!