Па экалагічных сцяжынах заказніка “Котра” (добавлены фото)

У адным з нядаўніх нумароў нашай газеты мы паабяцалі адшукаць унікальныя мясціны на карце Шчучыншчыны і падзяліцца ўражаннямі з чытачамі. Магчыма, такія аповеды стануць штуршком, каб і вы, шаноўныя сябры, ужо не віртуальна, а рэальна сабралі турыстычны наплечнік і таксама адправіліся ў паход або паехалі на веласіпедзе, аўтамабілі ці аўтобусе вывучаць родны кут, што сэрцу мілы. 
У разгары лета – час канікулаў, водпускаў і падарожжаў. Дык гайда з намі ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Котра”, што знаходзіцца на самым ускрайку Шчучынскага раёна на памежжы з літоўскім запаведнікам “Чапкяляй”! Абодва ахоўваемыя прыродныя аб’екты маюць статус Рамсарскіх тэрыторый міжнароднага значэння, а разам ўтвараюць адзінае трансгранічнае Рамсарскае водна-балотнае ўгоддзе. Цікаўныя тут зробяць для сябе мноства адкрыццяў і абавязкова папоўняць веды па прыродазнаўстве, этнаграфіі і гісторыі, а прыхільнікі экалогіі проста адпачнуць душой. 

Гасціннасць заказніка вызначаюць … кадры
Гэту дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову ўжо на працягу сямі год узначальвае Тадэвуш Іосіфавіч Люткевіч, а вядучы спецыяліст Станіслаў Іванавіч Вербаль увогуле працуе з дня ўтварэння заказніка «Котра» – з 2003 года. Ці варта гаварыць, якія гэта ўлюбёныя ў сваю справу людзі? Як узнёсла і кампетэнтна яны расказваюць (і паказваюць!) пра дзівосы тутэйшых мясцін, дзе гняздзяцца чорны бусел і шэры журавель, дзе хоць і зрэдку, але можна натрапіць на рысь ці самога цара беларускіх лясоў – зубра. Прасторы Котраўскай пушчы насяляюць не меней за 26 відаў млекакормячых, тут мноства лясных і балотных птушак, а пад нагамі цэлыя «цывілізацыі» мурашоў, чарвячкоў, рэптылій, лічынак, мікраарганізмаў… 
А флора! Яе прадстаўляюць і распаўсюджаныя, і рэдкія расліны, сярод якіх неверагоднай прыгажосці венерыны чаравічкі і экзатычныя архідэі, што цвітуць у балотных абшарах Маторы, белыя і жоўтыя гарлачыкі, якімі пакрыты люстэркі азёр Краскова і Чорнага, зараслі сіелы (дзікай сваячкі морквы і пятрушкі!), плакун-травы і аеру, плантацыі мяты ля берагоў Котры ды лясной рачулкі Скарбянкі. 
Тутэйшыя сасновыя бары месцяцца на старажытных дзюнах, а знаўцы гэтых мясцін пакажуць вам стаянкі чалавека каменнага і бронзавага вякоў… 
Дзень, праведзены ў заказніку «Котра», мне падаўся водпускам, што аднаўляе сілы, напаўняе жыццядайнай энергіяй і … натхняе.
– Наш заказнік – сапраўдная Мекка для навукоўцаў, – сцвярджае Т.І. Люткевіч. – У нас заключана доўгатэрміновае пагадненне з Гродзенскім дзяржуніверсітэтам імя Я.Купалы, супрацоўнічаем з Інстытутам батанікі Нацыянальнай акадэміі навук, з Рэспубліканскім таварыствам аховы птушак «Бацькаўшчына». І студэнты, і навукоўцы вельмі часта прыязджаюць да нас: у заказніку «Котра» можна сабраць унікальны матэрыял для даследаванняў курсавых і дыпломных работ, для падрыхтоўкі кандыдацкай ці доктарскай дысертацыі. Дый навуковыя адкрыцці, упэўнены, тут не выключаюцца: прырода не спяшаецца выдаць чалавеку свае таямніцы. Усяго на тэрыторыі заказніка «Котра» выдзелена 18 асоба каштоўных раслінных суполак – рэдкіх для Беларусі, і 11 біятопаў, ахоўваемых у Еўропе, якія займаюць 80 % тэрыторыі Котранскай пушчы. 
Дарэчы, сам Тадэвуш Іосіфавіч і ягоны калега Станіслаў Іванавіч дапытліва вывучаюць давераную тэрыторыю і самі выяўляюць усё новыя, раней невядомыя куточкі ў котранскіх угоддзях, дзе прытаіліся рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. 
– У такіх выпадках неабходна навуковае пацвярджэнне знаходак, і нам на дапамогу прыходзяць нашы партнёры. У выніку сумеснай экспедыцыі і абгрунтавання вучоных на батанічнай карце Беларусі з’яўляюцца новыя пазначэнні. 
– А турысты часта ў вас бываюць? – не ўтрымліваюся ад злабадзённага пытання.
– Вось гэтым, на жаль, пахваліцца не можам, – шчыра прызнаюцца мае суразмоўцы. – Хоць, здаецца, для зацікаўленасці падарожнікаў зроблена нямала: распрацаваны і функцыянуюць дзве пазнавальныя экалагічныя сцяжыны – «Краскова» і «Івача – Котра», выпушчана багата буклетаў, дарожных карт, ёсць свая старонка ў інтэрнэце… 
У рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь мы на працягу двух гадоў удзельнічалі ў міжнародным праекце «Менеджмент трансгранічных асоба ахоўваемых тэрыторый Алітускага ўезда і Гродзенскай вобласці і іх інтэграцыя ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку». Абмен вопытам, сумесныя экспедыцыі і экалагічныя акцыі, выпуск добра ілюстраванай кнігі «Ад Марыхі да Котры» аб ахоўваемых прыродных тэрыторыях беларуска-літоўскага памежжа – усё гэта, безумоўна, спрыяе папулярнасці нашага рэгіёна як у краіне, так і за яе межамі.
 – Ведаю, што школьнікі і з нашага, і з іншых раёнаў Гродзеншчыны ахвотна прыходзяць сюды ў паходы….
– Усіх сустракаем з адкрытай душой. Вось зараз чакаем юных мастакоў з Гродзенскай школы мастацтваў на пленэр. Краявідаў цудоўных у нас багата, не пашкадуюць, што прыехалі, – запэўнівае Т.І. Люткевіч .
– А сталы ды грашавіты турыст чаму не цягнецца?
– Заязджала невялікая група з Санкт-Пецярбурга, іх таксама цікавіў навуковы аспект заказніка. Была і сям’я расіян-падарожнікаў, якім вельмі спадабалася вандроўка па нашым зялёным маршруце, – узгадваюць мае суразмоўцы. – Мы пастаянна запрашаем на тур выхаднога дня і калектывы нашых прадпрыемстваў: як гэта жыць у раёне і не ведаць яго прыродна-культурныя славутасці? У свой час адгукаліся на нашы прапановы масласырзавод, саўгас «Вялікае Мажэйкава», але вельмі хочацца, каб экскурсантаў было ў разы болей. 
«Нам ёсць што паказаць!» 
У гэтым я ў чарговы раз пераканалася, калі мы адправіліся па паўтаракіламетровай экалагічнай сцяжыне «Івача – Котра». Першае, што здзівіла, як праз пару-тройку метраў ад нас чорнымі стрэламі імкліва сіганулі праз дарогу дзве куніцы. Над галавой кружылі вораны. Як мне патлумачылі «гіды», воран – гэта не «муж вароны», а асобны від птушак, прычым, птушак самых вялікіх і самых разумных у сваім раду. 
У Тадэвуша Іосіфавіча Люткевіча і Станіслава Іванавіча Вербаля ў гэты дзень было запланавана абкасіць экалагічную сцяжыну, каб турысты не адчувалі дыскамфорту. Шчыра кажучы, усё на маршруце і так выглядала акуратна і дагледжана, але ў руплівых гаспадароў свае прынцыпы. 
Ну вось, як прыгаварыла! Дарогу нечакана перагарадзіла вывернутая апошнімі вятрыскамі меднастволая хвойка. На гэты выпадак у пушчанскіх «сталкераў» знайшлася піла. Некалькі дакладных, упэўненых рухаў, і мужчыны разабралі затор. 
У нізоўе, да рачной поймы, спускаемся па экстрэмальна пакручастым схіле, але, на шчасце, абсталяваным насцілам-лесвіцай, праходзім праз масткі, і вось ён – маляўнічы бераг Котры з разгалістым векавым дубам-асілкам! 
– Такія крутыя абрывы таксама пад аховай у нашай дзяржаве, – тлумачыць Т.І. Люткевіч. – Гэты ўчастак унікальнага ландшафту мы зрабілі зручным для спуску-пад’ёму са сродкаў, выдзеленых па рэспубліканскай праграме развіцця асоба ахоўваемых прыродных тэрыторый.
 Панарама, што адкрылася перад вачыма, проста зачароўвае! Нездарма супрацоўнікі заказніка менавіта тут абсталявалі адзін са шматлікіх пунктаў прыпынку для турыстаў, дзе і альтанка з навесам, і змястоўныя інфармацыйныя шчыты, і скрыня для смецця, і астатнія бытавыя зручнасці (ну, самі разумееце).
– Між іншым, экалагічная культура нашых людзей у апошні час значна павысілася, – зазначаюць супрацоўнікі заказніка. – Калі нашы госці бачаць, што да іх прыходу ўсё з любоўю і клопатам падрыхтавана, то ні ў каго рука не падымецца паперку або пластыкавую бутэльку на шаўковую траву-мураву кінуць.
І гэта праўда. Заказнік прыемна ўразіў сваёй адвечнай чысцінёй. Адчуваецца, што і мясцовы люд любіць сваю малую радзіму, беражліва ставіцца да роднай зямлі. Тутэйшае насельніцтва заўжды было цесна звязана з лесам і традыцыйнымі промысламі: зборам грыбоў і ягад, пчалярствам, рыбалоўствам, ганчарнай справай, дрэваапрацоўкай. Бачна, што да тых жа бруснічнікаў, чарнічнікаў, журавінавых плантацый – адносіны ашчадныя, гаспадарскія, хоць не сакрэт, што ў сезон для першамайцаў збор дароў пушчы – гэта і ёсць іх невялікі аграбізнес. 
– А на браканьераў знаходзіце ўправу?
– Тут у нас цеснае супрацоўніцтва і з прыродаахоўнай інспекцыяй, і з пагранічнікамі, так што браканьеры разумеюць: у заказнік няма чаго нават сунуцца. На жаль, рэгламентаванае паляванне не забаронена. І тут мы сітуацыю, безумоўна, кантралюем, – падкрэслівае Тадэвуш Іосіфавіч.

Больше фото здесь

Каб панаехала гасцей з самых розных валасцей…
То тут, то там у гэтай вандроўцы сустракаліся ўжо нежылыя сядзібы. Між тым, жыхары менавіта такіх хутароў на працягу стагоддзяў апрацоўвалі лапікі пушчанскай зямлі, ведучы земляробства, гэта дзякуючы ім да нашых дзён захаваліся лясныя рукатворныя лугі, дзе сяляне паслі кароў, касілі росныя сакавітыя травы, як гэта і зараз, па прыкладзе продкаў, узяліся рабіць супрацоўнікі заказніка.
На турыстычнай стаянцы ля хутара Івача Станіслаў Іванавіч Вербаль кіраваў газонакасілкай, а Тадэвуш Іосіфавіч Люткевіч не на жарт здзівіў, дастаючы з багажніка «Нівы» аўтэнтычную «дзедаўскую» касу. Праз пэўны час тэрыторыя выглядала ўпаўне абжытай, як у тыя часы, калі ў бліжэйшым адсюль доме жыў Іван (адзін душою!) – працавіты і кемлівы селянін-вынаходзец. Памятаю, як мы, карэспандэнты, пазнаёміліся з ім, апублікавалі замалёўку ў «Дзянніцы», а пасля таго, як гэты матэрыял з’явіўся яшчэ і на сайце газеты, Іван з Івачы стаў не меней папулярным, чым бабуля Маня з Зубрава – насельніца хутара гэтых жа мясцін, пра якую пісалі, лічы, усе беларускія СМІ. Цікавая кабета, каларытная, таксама, як тая таёжніца Агаф’я Лыкава, жыве адна і ні за што не хоча пераязджаць у цывілізаваны свет. Але, кажуць, у гэтым сезоне сваякі ўсё ж такі ўгаварылі адшэльніцу і забралі ў Вільнюс. Пакуль на родныя котраўскія прасторы бабуля не вярталася.
– А дом Івана з Івачы, калі гаспадара не стала, тут жа купілі гараджане. Самі бачыце, мясціна шыкоўная для адпачынку, – заўважаюць котранцы. – Увогуле дыхтоўныя хаты досыць хутка знаходзяць новых гаспадароў. Але галоўнае багацце нашага краю, безумоўна, гэта карэнныя жыхары – добрыя і чулыя людзі, якія беражліва перадаюць з пакалення ў пакаленне ўклад сельскага жыцця, майстэрства ткацтва, пляцення кашоў, бортніцтва, кулінарныя традыцыі, песні, казкі і легенды сваіх продкаў.
А ці ж не скарб гэта – наша беларуская гасціннасць, магчымасць дакрануцца да народных традыцый і каштоўнасцей, паўдзельнічаць у фальклорных святах і фестывалях на ўлонні такой дзівоснай прыроды? Пэўна, на падобныя «фішкі» і варта рабіць стаўку ў развіцці турыстычнага патэнцыялу гэтага рэгіёна. І тут, безумоўна, не абысціся без стварэння турыстычнага кластара, дзе ў адзін вянок завязаны вакол заказніка «Котра»: аграсядзібы (на жаль, пакуль няма такіх у першамайскім краі), турагенцтвы (ужо ўстаноўлены партнёрскія сувязі з «Немново-тур» і «Мерцаной»), турыстычныя інфацэнтры, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, культура, грамадскае харчаванне і яшчэ вельмі многія партнёры. Дарэчы, «залатое турыстычнае кальцо» можна дапоўніць наведваннем навакольных старажытных храмаў (па дарозе мы проста не маглі абмінуць старадаўні драўляны касцёл у Новым Двары), радзіму Алаізы Пашкевіч (Цёткі), дзе пахавана знакамітая паэтка і рэвалюцыянерка, гістарычныя жамчужыны берштаўскага і васілішкаўскага рэгіёнаў. Але гэта ўжо зусім другая гісторыя. Як раз такі пра яе пойдзе гаворка ў наступным выпуску нашага творчага праекта «Дзянніца» кліча ў вандроўку». Дык вы з намі?
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)