“Арсенал” святкуе перамогу

Ужо стала добрай традыцыяй штогод у аграгарадку Васілішкі на базе мясцовай школы праводзіць злёт патрыятычных клубаў. Сёлета заявіліся пра сябе 9 патрыятычных клубаў Шчучыншчыны. 
Старт спаборніцтвам даў агляд страявой падрыхтоўкі. На імправізаванай пляцоўцы каля школы чаканілі крок юнакі з усіх атрадаў. У армейскай выпраўцы не было роўных удзельнікам клуба “Арсенал” Васілішкаўскай сярэдняй школы і “Айчына” СШ №1 г. Шчучына.
Падчас такіх мерапрыемстваў заўсёды адзначаю для сябе, што ў патрыятычных клубах моладзь праходзіць сур’ёзную спартыўную падрыхтоўку. Тут вучаць рабят быць дысцыплінаванымі і мэтанакіраванымі. А яшчэ па-сапраўднаму сябраваць і працаваць у камандзе. Камандны дух асабліва адчуваўся падчас спаборніцтваў. Бачылі бы вы, як рабяты “хварэлі” за сваіх! 


Свае навыкі і ўменні прадэманстравалі ўдзельнікі патрыятычнага злёту ў ціры. Лепш за ўсіх “у яблычак” траплялі васілішкаўскія патрыёты. Яны ж сталі першымі ў плаванні. А як інакш, калі побач – цудоўны басейн, дзе можна займацца колькі хочаш! 
Ажыўлена было ў спартыўнай зале, дзе праходзіў чарговы этап спаборніцтваў – няпоўная разборка-зборка аўтамата. Тут лепшымі сталі патрыёты з клуба “Айчына” СШ №1 г. Шчучына. Яны ж лепшыя ў падцягванні на перакладзіне.
Высокую ацэнку работы патрыятычных клубаў далі і члены журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі РК БРСМ, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РАНС і ветэраны Узброеных Сіл.
Лідарамі раённага злёту патрыятычных клубаў зноў стаў клуб “Арсенал” Васілішкаўскай СШ. Юнакі пяты год запар утрымліваюць лідарства! На другім месцы — клуб “Айчына” СШ №1 г. Шчучына. Трэцяе месца ў патрыётаў з СШ №3 г. Шчучына.
Усе пераможцы атрымалі дыпломы, кубкі і падарункі ад РК БРСМ. Вызначыліся лідары і ў асабістых заліках. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!