У прыярытэце – развіццё вытворчасці і занятасць

Актуальныя пытанні занятасці насельніцтва і стварэння новых рабочых месцаў разгледжаны на выязной 41-ай сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Першым пунктам на дэпутацкім маршруце стала адкрытае акцыянернае таварыства “Васілішкі”, дзе ў вёсцы Касцянева працуе ўнікальны зернесушыльна-складскі комплекс з лініяй па падрыхтоўцы насення. Аналагаў такому аб’екту не існуе ва ўсёй вобласці.
– Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне аўстрыйскай фірмы “Cimbria”, якое дазваляе атрымліваць насенне самых высокіх кандыцый, – падкрэслівае загадчык комплексу Віктар Станіслававіч Аўсянік. – МАЗы прывозяць зерне і выгружаюць яго ў прыёмны бункер умяшчальнасцю 30 тон. Адтуль яно па спецыяльным транспарцёры адпраўляецца на ачыстку. Дзве модульныя сушылкі аб’ёмам 50 тон кожная за гадзіну прасушваюць да 20 тон залатога грузу. На выхадзе атрымліваем зерне з утрыманнем вільгаці 13-14,5%. Большасць працэсаў тут камп’ютарызаваны. Аператар сочыць за работай лініі пры дапамозе дысплэя і ўносіць неабходныя карэктывы. Асаблівую ўвагу надаём пажарнай бяспецы: спецыяльныя мікрачыпы кантралююць тэмпературу зерня і не дапускаюць, каб яна перавышала 60 градусаў. Абслугоўваюць гэты вытворчы аб’ект усяго пяць спецыялістаў.


Зацікавілі дэпутатаў сучасныя тэхналогіі вырошчвання ягад, якія шырока прымяняюцца ў сумесным таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Клубніка Плантс”. 
– Сёлета мы пасадзілі 18 гектараў суніц садовых, а таксама 21 гектар ягаднага гадавальніка, – гаворыць дырэктар СТАА “Клубніка Плантс” Тэрэза Вайцехаўна Сямашка. – Наш гонар – новы парнік тунэльнага тыпу плошчай адзін гектар, дзе высаджана 44 000 сажанцаў трускаўкі. Замест грунту расліны растуць у гаршчочках са спецыяльным валакном, прычым пладаносы аддзелены ад лістоў лескай. Тут арганізаваны капельны паліў. Дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій ураджайнасць трускавак у парніку сёлета дасягнула 420 цэнтнераў з гектара, аднак можна атрымаць і больш.
Між іншым, ужо ў кастрычніку бягучага года ў СТАА “Клубніка Плантс” плануюць прыступіць да будаўніцтва яшчэ аднаго аналагічнага парніка, які, па разліках эканамістаў, акупіцца прыкладна праз 2,5 года. З уводам аб’екта ў эксплуатацыю будуць створаны і новыя працоўныя месцы, якія, безумоўна, вельмі запатрабаваныя.
Наступным пунктам маршруту была лінія для сартавання смецця РУП ЖКГ, якая кампактна размясцілася на тэрыторыі былой ваеннай часці. Тут працуюць 6 чалавек, якія адбіраюць у асобныя кантэйнеры шкло, пластык, макулатуру, тэтрапакеты і бляшанкі.
– У дзень на нашай лініі сартуецца да 20 тон смецця, у месяц – прыкладна 400 тон, – зазначае дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – Выхад другасных рэсурсаў складае 11%, але гэта не мяжа. На жаль, далёка не ўсе гараджане выкідваюць смецце па фракцыях. Між іншым, для раздзельнага збору бытавых адходаў мы закупілі 200 спецыяльных кантэйнераў. Сабраную другасную сыравіну мы адпраўляем на перапрацоўчыя заводы ў Слонім, Гродна і Магілёў. Ужо перавыканалі даведзены райвыканкамам план па здачы пластыку ў 2 разы.


Дарэчы, сёлета ў РУП ЖКГ было створана 16 новых рабочых месцаў, і работа ў гэтым напрамку працягваецца. Зараз камунальнікі вядуць перагаворы з польскімі партнёрамі па пытаннях дрэваапрацоўкі, што дазволіць актывізаваць работу ў лесацэху.
Актыўна развіваецца і прыватнае прадпрыемства “Рынапластык”, якое ўзначальвае В.М. Чупрына.     
– Наша прадукцыя – а гэта шлангі розных дыяметраў – карыстаецца шырокім попытам не толькі ў Беларусі, але і Расіі, – не без гонару адзначае Валерый Мікалаевіч. – Каб шчучынцы маглі набыць усё неабходнае для сада і агарода па выгадных цэнах, мы адкрылі “Зялёны магазін” і тым самым стварылі чатыры працоўныя месцы. У будучым плануем размясціць тут гандлёвы офіс і пашырыць штат работнікаў. Таксама займаемся развіццём аэрасядзібы з гасцініцай, сталовай і аўтастаянкай. Упэўнены, калі будзе створана адпаведная інфраструктура, сюды палятаць на маламаторных самалётах завітаюць турысты. 


Вынікі выязной сесіі былі падведзены на пленарным пасяджэнні, у якім прыняў удзел і старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік. З грунтоўнымі дакладамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі, начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Г.С. Паўлюкевіч, дырэктар ТАА “Праймілк” У.А. Фёдараў, першы сакратар раукама ГА “БРСМ” А.С. Богдзель, дырэктар сельскагаспадарчага ліцэя г. Шчучына Д.В. Маркевіч і іншыя.
– Кожны працаздольны жыхар раёна павінен мець магчымасць рэалізаваць свае прафесійныя навыкі і тым самым прынесці карысць дзяржаве і грамадству, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі. – Развіццё вытворчасцей, стварэнне новых рабочых месцаў забяспечыць занятасць людзей і ўстойлівую работу эканомікі. 

Чытайце таксама: Время подумать о зиме
                               Только вместе, только заинтересованно и неформально
                               Альтэрнатыва цыгарэце – здаровы лад жыцця
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)