Шчырая размова. Аб стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, канкрэтных інвестпраектах і перспектыўных напрамках развіцця раёна

Справаздачы кіраўніцтва раёна перад працоўнымі калектывамі арганізацый і ўстаноў сталі звыклай формай работы мясцовай улады з насельніцтвам. У сераду старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік сустрэўся з працоўным калектывам ЦБП №424 філіяла №400 ААТ "АСБ Беларусбанк". Гаворка ішла аб стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, а таксама канкрэтных інвестпраектах, важных і перспектыўных напрамках развіцця раёна.

Кіраўнік раёна адзначыў, што Шчучын з'яўляецца развітым прамысловым цэнтрам, а вытворчая сфера прадстаўлена практычна ўсімі галінамі. У рэгіёне склаўся спрыяльны інвестыцыйны клімат для замежнага капіталу. І гэтая акалічнасць з'яўляецца станоўчым фактарам для прыцягнення інвестыцый. Прадстаўнікі розных сфер бізнесу могуць знайсці ў нашым рэгіёне кропкі прыкладання. У цэлым Шчучын адкрыты для інвестыцый у любой сферы: у рэальным сектары эканомікі, сферы паслуг і гандлю, будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, турызму.

-- Новы час дыктуе і новыя падыходы ў рабоце, - падкрэсліў старшыня райвыканкама. -- Таму інвестыцыйная дзейнасць з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, гэта найважнейшая крыніца дадатковага росту эканомікі.

У мінулым годзе завершана рэалізацыя такіх буйных праектаў, як будаўніцтва біягазавых установак, пуск першай чаргі сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні шампіньёнаў у Шчучыне. Спыняцца на дасягнутым ніхто не збіраецца. У гэтым годзе прадоўжыцца будаўніцтва вытворчага корпуса №2. Яшчэ адзін праект, які плануецца рэалізаваць, - будаўніцтва крамы «Санта» па вуліцы Заводскай у Шчучыне. Вядуцца перамовы аб будаўніцтве крамы «Віталюр»

Гаворачы аб далейшых планах, Сяргей Васільевіч адзначыў, што прапрацоўваецца пытанне адкрыцця ў перспектыве яшчэ пяці новых прадпрыемстваў са стварэннем 150 новых працоўных месцаў на кожным. А гэта і ёсць аснова асноў для росту найважнейшага паказчыка - узроўню дабрабыту насельніцтва.

Адным з галоўных прыярытэтаў эканомікі раёна з'яўляецца развіццё аграпрамысловага комплексу. Увесь спектр пытанняў галіны практычна штодня знаходзіўся ў поле зроку выканкама. Узмацненне тэхналагічнай дысцыпліны да ўтрымання і кармлення жывёлы, у ветэрынарным абслугоўванні, даенні дае значную прыбаўку ў жывёлагадоўчай галіне.

У рэгіёне працягваецца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Так, у ААТ "Шчучынаграпрадукт" практычна завершаны работы па будаўніцтве МТФ каля вёскі Скоржыкі, у СВУ «Пратасаўшчына» - рэканструкцыі МТФ каля вёскі Грамавічы. Шчучынскі раён на працягу апошніх пяці гадоў займае трэцяе месца ў вобласці па вытворчасці малака, а па выніках мінулага года падняўся па гэтым паказчыку на 12 пазіцыю ў рэспубліцы.

Добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і асфальтаванне вуліц - яшчэ адна тэма, якой кіраўнік рэгіёна надаў увагу.

-- Многае ў раённым цэнтры зроблена ў плане замены цеплатрас, што дало станоўчы эфект, -- адзначыў старшыня райвыканкама. -- Калі раней страты цяпла пры транспартаванні складалі каля 30 працэнтаў, то цяпер 11 працэнтаў пры нарматыве 12. Недапушчальна, каб праводзіліся работы па добраўпарадкаванні (на што затрачваецца нямала сродкаў), а праз некалькі месяцаў пачыналася ў гэтым двары замена цепласеткі. Зараз самы час прыкласці ўсе намаганні па асфальтаванні гарадскіх вуліц і добраўпарадкаванні тэрыторый. Што і будзе зроблена ў бліжэйшыя год-два.

Падчас сустрэчы таксама атрымалася абмеркаваць перавагу ўваходжання тэрыторыі раёна ў бязвізавую зону і аказанне турыстычных паслуг, занятасць насельніцтва, стварэнне ўмоў для заняткаў спортам. Як падкрэсліў кіраўнік раёна, на працягу года плануецца пабудаваць крытую хакейную пляцоўку, прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва пляцоўкі для заняткаў тэнісам.

Работнікі калектыву звярнуліся да старшыні раёна з пытаннямі і прапановамі. Многіх цікавіла пытанне выкарыстання тэрыторыі насупраць аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Дарэчы, тут плануюць закласці парк і ўладкаваць вяровачны гарадок. Гучала пытанне аб будаўніцтве басейна ў раённым цэнтры. Сяргей Васільевіч адказаў, што будаўніцтва дадзенага аб'екта ў бліжэйшы час не прадугледжана, але такая магчымасць разглядаецца ў будучыні.

Цікавіла людзей і якасць аказання медыцынскай дапамогі. Кіраўнік рэгіёна заўважыў, усё, што адносіцца да сферы аховы здароўя людзей, мае першараднае значэнне. Таму перад кіраўніцтвам цэнтральнай раённай бальніцы пастаўлены канкрэтныя задачы па паляпшэнні якасці аказваемых паслуг, вырашэнні пытанняў кадравага забеспячэння і ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У гэты дзень справаздачу перад насельніцтвам трымала і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях А.В. Пасюта, якая сустрэлася з калектывам цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.