Альтэрнатыва цыгарэце – здаровы лад жыцця

Органы ўлады, дэпутаты, педагогі і медыкі, сям’я і грамадскасць павінны цесна ўзаемадзейнічаць, каб не дапусціць распаўсюджання тытунекурэння сярод дзяцей і падлеткаў. Трэба павысіць эфектыўнасць сумесных мер па прапагандзе і фарміраванні здаровага ладу жыцця ў падлеткавым і маладзёжным асяродку. Такая думка рэфрэнам гучала на пасяджэнні пастаяннай камісіі Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў па дэпутацкай этыцы, пытаннях законнасці і правапарадку.

І дэпутаты, і запрошаныя да размовы былі аднадушныя: курэнне і дзеці – рэчы несумяшчальныя.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В.П. Чыжык прывяла даныя, атрыманыя пры сумесным з ЦГіЭ анкетаванні вучняў старшых класаў: каля 2-3 працэнтаў школьнікаў спрабавалі цыгарэту або зрэдку кураць. Здавалася б, сітуацыя не настолькі сур’ёзная, каб біць трывогу. Аднак старшыня дэпутацкай камісіі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму У.Р. Дубок робіць свае высновы: 2-3 працэнты школьнікаў, якія маюць жаданне пакурыць, – гэта 100 чалавек – цэлы вучнёўскі калектыў сельскай школы!

На пасяджэнні адзначылі: у раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа, каб не дапусціць дрэнную звычку ў сцены устаноў адукацыі. Задзейнічаны розныя формы і метады: індывідуальная работа з навучэнцамі, валанцёрства, бацькоўскія сходы, тэматычныя класныя часы, акцыі і праекты, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. Да прыкладу, у мінулым навучальным годзе чатыры ўстановы адукацыі былі ўключаны ў інфармацыйны праект “Школа – тэрыторыя здароўя”.

“Тым не менш самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга. Гэта пытанне здароўя нацыі. Курыць адзін – пакутуюць навакольныя”, – лічыць старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі.

Дэпутат, загадчыца дзіцячай кансультацыі УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Г.С. Сільвановіч і раённы педыятр С.П. Круповіч з урачэбнага вопыту ведаюць, што ўздзеянне тытуню і дыму на дзіцячы арганізм прыводзіць да сур’ёзных праблем са здароўем. Таму трэба актыўна выяўляць курыльшчыкаў у раннім узросце, перакананы медыкі. Да таго ж, па іх меркаванні, два-тры працэнты з анкет – толькі вяршыня айсбергу, бо даныя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя  па рэспубліцы ў разы большыя.

Галоўны санітарны ўрач раёна П.С.Волчак таксама пералічыў арсенал мерапрыемстваў, які выкарыстоўваюць супраць распаўсюджвання курэння яго калегі, – гэта кансультацыі, кінапаказы, дыскусіі, конкурсы і г.д. – і дабавіў інфармацыі для роздуму: у працэсе анкетавання навучэнцаў мясцовага сельгасліцэя 31,3% рэспандэнтаў на пытанне “Ці курыш ты?” адказалі станоўча.  Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шчучынскага ДСПЛ С.С. Марчукевіч пацвердзіла: падлеткаў, ахвочых падыміць цыгарэтай, у іх установе хапае. Таму прафілактыцы тытунекурэння, як і іншых шкодных звычак, тут удзяляецца вялікая ўвага. Ладзяцца сумесныя з цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праекты і акцыі, накіраваныя на фарміраванне і прапаганду здаровага ладу жыцця, круглыя сталы са спецыялістамі-медыкамі, Дні здароўя, прагляды відэафільмаў. Два разы на тыдзень праводзяцца лінейкі, падчас якіх абавязкова гучыць напамін аб забароне курэння ў грамадскіх месцах. Сумесна з БРСМ праходзяць пасяджэнні клуба “Выбар”. На бацькоўскіх сходах слушныя парады даюць медыкі і інспектары ІСН. Усё накіравана на тое, каб моладзь усвядоміла шкоду, якая сыходзіць ад цыгарэты, і пазбавілася згубнай звычкі, кажа Святлана Станіславаўна. І дадае: не менш важна, каб у палон да цыгарэты не патрапілі новыя падлеткі. З ёй пагаджаюцца ўсе прысутныя на пасяджэнні.

У.Р. Дубок перакананы: добры вынік можна атрымаць, калі спалучаць інфармацыйна-прапагандысцкую работу, адміністрацыйную практыку і розныя формы карыснага баўлення часу, робячы ўхіл на фарміраванне здаровага ладу жыцця. “Дарэчы, па ахопе дзяцей і падлеткаў рознымі формамі фізкультурна-аздараўленчай работы наш раён сярод лідараў у вобласці”, – ганарыцца Уладзімір Раманавіч.

– Задача сістэмы адукацыі сфарміраваць у дзіцяці імунітэт, каб пайшоўшы ў дарослае жыццё, падлетак не набыў дрэнныя звычкі – курэнне, п’янства і цягу да наркотыкаў, – адначыў старшыня дэпутацкай камісіі, падводзячы вынікі размовы.

 На пасяджэнні гаварылі таксама аб праблеме даступнасці цыгарэт у продажы, а начальнік ІСН РАУС Ю.А. Пляханаў расказаў аб адміністрацыйнай адказнасці за курэнне ў забароненых заканадаўствам месцах. Па словах першага сакратара РК БРСМ А.С. Богдзель, бацькі павінны супрацьстаяць дрэннай звычцы сваіх дзяцей, а не патураць ім.

Па абмеркаваным пытанні прынята адпаведнае рашэнне.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!