У гарадскім пасёлку Астрына прайшло выязное пасяджэнне райвыканкама. У цэнтры ўвагі – бяспека грамадзян

На выязным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося у аўторак у гарадскім пасёлку Астрына, прааналізавалі эфектыўнасць прымаемых мер па папярэджанні гібелі і траўматызму людзей пры ўзнікненні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. Падставай для дэталёвага аналізу стала трагедыя, якая адбылася ў адным з населеных пунктаў сельсавета: у аграгарадку Новы Двор на пажары загінуў чалавек.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел кіраўнікі упраўленняў, аддзелаў і службаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, старасты населеных пунктаў сельсавета, члены аглядавай камісіі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці.

- На жаль, прафілактычная работа ў гэтым накірунку не дае належных вынікаў, - адзначыў старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. - Мы ўвесь час гаворым пра тое, што наша праца павінна быць мэтанакіраванай, але выпускаюцца з поля зроку стратэгічныя напрамкі. І сёння нам трэба даць ацэнку работы ўсіх суб'ектаў прафілактыкі.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.Д. Малюгін прывёў лічбы па пажарах і гібелі людзей на іх, падрабязна распавёў пра няшчасныя выпадкі і прааналізаваў работу аглядавых камісій.

-- Праблема забеспячэння пажарнай бяспекі ў раёне была і застаецца дастаткова вострай, -- падкрэсліў Аляксандр Дзмітрыевіч. – За аналізуемы перыяд зарэгістраваны 26 пажараў, у агні загінулі 2 чалавекі. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў з’явіліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі печаў і няспраўнасць электраабсталявання. Гібель на пажарах адбылася ў Астрынскім і Першамайскім сельсаветах.

На пасяджэнні ішло абмеркаванне праблемных момантаў у дзейнасці аглядавых камісій. Было адзначана, што колькасць абследаваных гэтымі грамадскімі фарміраваннямі домаўладанняў прафілакціруемых катэгорый грамадзян у бягучым годзе склала 5519. Па выніках абследаванняў выяўлены парушэнні, якія ўяўляюць небяспеку жыццядзейнасці ў 394 выпадках, усяго 58,6 працэнта з якіх выпраўлены. Ніжэй за сярэднераённы паказчык па ўстараненні выяўленых парушэнняў на тэрыторыі Жалудоцкага, Васілішкаўскага, Каменскага, Мажэйкаўскага сельсаветаў і горада Шчучына.

Быў падрабязна разгледжаны факт гібелі ў агні інваліда 1 групы ў Новым Двары. Па меркаванні прысутных, не ўсё было зроблена з боку суб’ектаў прафілактыкі, каб выратаваць жыццё чалавека, які быў прадастаўлены сам сабе.

Аналіз склаўшайся сітуацыі паказаў, што не ў поўнай меры забяспечаны бяспечныя ўмовы пражывання пажылых людзей, грамадзян з инваліднасцю, не арганізавана належным чынам узаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі. Асаблівую трывогу выклікаюць домаўладанні, у якіх пражываюць інваліды, што застаюцца без нагляду падчас знаходжання працаздольных членаў сям’і на рабочых месцах. А такіх сем’яў у раёне 53. Дарэчы, у раёне пражываюць 14177 (36,8%) пенсіянераў і 3166 інвалідаў.

-- А гэта тая катэгорыя нашых людзей, якая патрабуе самай пільнай увагі, -- перакананы старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. -- Мы проста не маем права аставіць без увагі людзей асабліва сталага ўзросту. Работнікам сацыяльнай службы належыць кожны месяц наведваць адзінокіх і адзінока пражываючых, асоб, якія маюць першую групу інваліднасці, ведаць іх патрэбы і сумесна з усімі суб’ектамі прафілактыкі аператыўна вырашаць існуючыя праблемы, якія пагражаюць жыццю і здароўю. Асаблівы акцэнт – рабоце з мнагадзетнымі, няпоўнымі і неблаганадзейнымі сем’ямі. Суб’ектам прафілактыкі не хапае інфармацыі, з-за чаго часта несвоечасова звяртаецца ўвага на патэнцыяльна небяспечныя адрасы. Пакуль што нашы аглядавыя камісіі працуюць не так, як хацелася б. Фармалізм у рабоце па папярэджанні надзвычайных сітуацый недапушчальны. У пытаннях, якія тычацца жыцця людзей, да справы варта падыходзіць з асаблівай адказнасцю.

Па меркаванні старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, важная роля ў пытаннях бяспекі грамадзян павінна належаць старастам населеных пунктаў і проста неабыякавым людзям. Парою сусед лепш за блізкага сваяка. Усе мы ведаем, што лепш бяду адвесці, чым потым разбірацца ў прычынах трагічных выпадкаў. Калі мы не хочам пажару ва ўласным доме, то варта падумаць аб супрацьпажарнай бяспецы.

Тэма стварэння ўмоў для бяспечнага пражывання грамадзян - сур'ёзная і балючая. І абмяркоўвалася яна востра, эмацыйна і зацікаўлена. Намаганнямі толькі прафілактычных органаў, аглядавых камісій, РАНС, РАУС і сельскіх Саветаў цяжка дасягнуць станоўчага выніку, неабходна, каб і самі грамадзяне паклапаціліся пра ўласную бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх і родных. Толькі ў сумеснай рабоце мы дастукаемся да кожнага жыхара, дапаможам ці нават прымусім людзей задумацца аб гэтым.

Падчас правядзення выязнога пасяджэння выпрацаваны дадатковыя мерапрыемствы на нармалізацыю сітуацыі ў гэтым накірунку. Сярод асноўных – якаснае абследаванне домаўладанняў грамадзян і аператыўнае ўстараненне выяўленых парушэнняў.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!