Тэхнічная дапамога ад Часлава Ганцавіча. Даведаліся, як шчучынскаму майстру па рамонце складанай бытавой тэхнікі ўдаецца “закрыць” адзін са значымых сацыяльных стандартаў, і не толькі ў сваім раёне

 

Схільнасць да вырашэння тэхнічных галаваломак яго вызначала з юнацтва. З лёгкасцю давалася фізіка, а яе раздзел – механіка – выклікаў у Часлава Ганцавіча асаблівую зацікаўленасць. Вось і вырашыў юнак пасля заканчэння васьмі класаў СШ №2 г. Шчучына паступаць на толькі што адкрытае ў той час аддзяленне па рамонце складанай бытавой тэхнікі Мінскага вучылішча бытавога абслугоўвання.

 

Сёння імя Часлава Іванавіча Ганцавіча гучыць як брэнд. Яго добра ведаюць жыхары не толькі Шчучынскага, але і Мастоўскага раёна. Тэлефон знакамітага майстра не змаўкае: звоняць і гараджане, і вяскоўцы, і хутаране. Ведаюць, на заяўку кожнага ён абавязкова адгукаецца, любая паломка будзе ўхілена, а адноўленыя халадзільнік ці пральная машына, пыласос або мікрахвалевая печка яшчэ добра паслужаць. Пры гэтым майстар цану не заломіць, бо простых людзей разумее. За дзясяткі год работы Іванавіч дакладна ведае, дзе знаходзяцца і тыя ж, лічы, адрэзаныя ад цывілізацыі Арлова Гара ды Зубрава, і вёсачкі з красамоўнымі назвамі Шляхты, Рамашкі, Вампершчына або яшчэ што-небудзь не менш каларытнае.

 

– Неяк еду да кліента ў глыбінку, лес наўкола, дарога ледзь пазначана. Званю, каб пераканацца, што не заблудзіўся, а мне бабулька ў адказ: “Усё правільна, сынок, праедзеш – трактар праязджае!” Толькі ж я не на трактары дабіраўся, а на легкавушцы, – смяецца Часлаў Іванавіч. – Прыйшлося пакінуць аўтамабіль і кіламетры два пехатою ісці. Але парамантаваў жанчыне ўсё, што папрасіла.

 

 

Нездарма ж ва ўпраўленні эканомікі Шчучынскага райвыканкама даюць станоўчую ацэнку дзейнасці гэтага індывідуальнага прадпрымальніка, які, між іншым, цалкам “закрывае” адзін з сацыяльна значных стандартаў па бытавым абслугоўванні сельскага насельніцтва.

 

– Сваю справу я распачаў яшчэ напрыканцы 80-х, як толькі з’явілася адпаведнае заканадаўства, – узгадвае Ч.І. Ганцавіч. – Працуючы ў сістэме “Рамбыттэхнікі”, ніколі не мог зразумець, чаму яна стратная: мы ж, майстры, заўжды выконвалі ўсе даведзеныя заданні. Вось і хацелася самастойнасці. Аднак адарвацца ад дзяржаўнай структуры адразу не рашыўся: выкарыстаў магчымасць адкрыць ІП паралельна з асноўнай работай. Да таго ж займаўся перамоткай электрарухавікоў, браўся за любую справу, прыняў прапанову стаць дылерам ЗАТ “Атлант” па гарантыйным абслугоўванні фірменнай тэхнікі. Да гэтага часу “атлантаўцы” адпускаць не хочуць.

 

90-я гады мінулага стагоддзя прадпрымальніку ўспамінаюцца, як страшны сон. Ва ўмовах суцэльнага дэфіцыту не было дзе браць запчасткі, неабходныя матэрыялы. Прадпрыемствы і сельгасарганізацыі працавалі “па бартары”: не мелі фінансавых сродкаў і маглі папросту разлічыцца за аказаныя паслугі … свінчом. Вось і выжывай, як хочаш. У той складаны час заможная сваячка з Польшчы прапанавала Чаславу: “Пераязджай з сям’ёй да нас, купім табе майстэрню – багатым чалавекам станеш”. Ч.І. Ганцавіч прызнаецца, што нейкі час нават вагаўся адносна такой спакусы, але ў рэшце рэшт вырашыў заставацца на сваёй Бацькаўшчыне са сваімі землякамі.

 

Сёння ў Часлава Іванавіча ёсць майстэрня па вуліцы Леніна, 63 у Шчучыне. Праўда, памяшканне ён арандуе, хоць, безумоўна, марыць аб сваім уласным. Тут, акрамя яго, працуюць тры работнікі – родны брат Яўгеній, Іван Ясюкевіч і Дзмітрый Цыбульскі.

 

– Усіх лічу сваімі вучнямі і вельмі ганаруся імі – кемлівымі, тэхнічна адукаванымі, як цяпер кажуць, прадзвінутымі, – дае ацэнку вопытны майстар сваім малодшым калегам. – З імі працаваць цікава і па плячы вырашыць задачу любой складанасці. Вельмі разумныя хлопцы і па-сапраўднаму працавітыя.

 

Так, гэта невялікая, але баявітая каманда плённа супрацоўнічае з шэрагам арганізацый. Сёння пральныя машыны ўстаноўлены на кожнай ферме, як і халадзільнае абсталяванне, што мае патрэбу ў якасным абслугоўванні, а гэта значыць, што практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы – кліенты Ч.І. Ганцавіча, як і ўстановы адукацыі, райбальніца. Чаславу Іванавічу часта тэлефануюць старшыні сельвыканкамаў, каб аказаў, так бы мовіць, “тэхнічную падтрымку” адзінокім людзям.

 

Сімвалічна, што абодва сыны нашага героя пайшлі па слядах бацькі, бо змалку пасвячаліся ў таямніцы загадкавых механізмаў, разам вучыліся “ажыўляць” жалезкі і правады, быць настойлівымі ў дасягненні пастаўленай мэты. Старэйшы працуе праграмістам, а малодшы – таксама індывідуальны прадпрымальнік і спецыялізуецца на рамонце элітнай бытавой тэхнікі ў Мінску. Дарэчы, сыны з сем’ямі вельмі любяць дарыць на святы бацькам добрую бытавую тэхніку сусветных брэндаў. Гаспадыня дома Галіна Уладзіміраўна Ганцавіч з задавальненнем асвойвае навінкі і, безумоўна, ганарыцца сваімі ўважлівымі мужчынамі, цэніць іх здольнасці і таленты. А вось Часлаў Іванавіч пры выбары падарункаў жонцы аддае перавагу ўсё ж не блендарам ды міксерам, а кветкам і духам. Як сапраўдны джэнтльмен…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!