“Дружына” прыняла ўдзел у палявых зборах

Тры дні, з 28 па 30 ліпеня, недалёка ад вёскі Шчанец Шчучынскага раёна праходзілі палявыя зборы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”, якія былі арганізаваны дзякуючы намаганням кіраўнікоў Генадзія Шышкіна і Паўла Найды. Трэба адзначыць, што такія зборы з’яўляюцца традыцыйнымі і праводзяцца штогод.

 

Выхаванцы клуба жылі як аўтаномнае воінскае падраздзяленне – самі хадзілі ў каравулы, трымалі дзяжурствы па сталовай – усё па распарадку сапраўднай вайсковай часці. Важнай падзеяй збораў стала выпрабаванне на права нашэння чорнага берэта, якое праходзіла ў тры этапы. Першы этап – марш-кідок на 5 кіламетраў. Тыя, хто вытрымліваюць гэты этап, дапускаюцца да другога – паласы перашкод. І, нарэшце, трэці этап – спарынгі, арганізаваныя педагогам дадатковай адукацыі ДУА “Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі” Уладзімірам Шурупавым.

 

 

Па выніках выпрабавання Сяргей Воўчак стаў уладальнікам чорнага берэта, а Уладзіслаў Цяслюк і Андрэй Хільмончык пацвердзілі права нашэння чорнага берэта. Завяршыліся зборы традыцыйнай вячэрай ля вогнішча. Неабходна адзначыць, што кіраўнікі збораў паклапаціліся і аб адпаведным меню. Ежа простая, але вельмі смачная і каларыйная, тым больш што фізічная актыўнасць спрыяе добраму апетыту.

 

Нягледзячы на кароткі тэрмін збораў, выхаванцы клуба яшчэ больш згуртаваліся, падцягнулі фізічную падрыхтоўку, паглыбілі веды ў галіне вайсковай справы. Выніковыя летнія зборы ўваходзяць у гадавую праграму навучання праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” і з’яўляюцца завяршэннем гэтай праграмы.

 

 

 

Шчыра спадзяваемся, што выхаванцы клуба даведаліся для сябе шмат карыснага за гэты час, праведзены ў перыяд збораў. Жадаем усім добрых канікул і поспехаў!

 

 

 

Таццяна ТРАХІМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ДУА “Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі”.
Фота Генадзія ШЫШКІНА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!