Свята будзе там, дзе ты, калі на душы спакойна

Для Іны і Аляксандра Павядайка праваслаўнае Ражство – асаблівае свята, сямейнае. Можа таму, што з дзяцінства прывучаны яны жыць згодна з духоўнымі законамі і беражліва захоўваць традыцыі сваіх продкаў.

Іх пазнаёміла школа 
Вось ужо 10 гадоў як Іна і Аляксандр стварылі сваю сям’ю. Сустрэліся яны ў Астрынскай сярэдняй школе. Іна Марчык (дзявочае прозвішча) сама родам з Астрыны, сюды і вярнулася працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Аляксандр – прыехаў з Першамайска. Маладая прыгожая дзяўчына так спадабалася трэнеру-выкладчыку, што хутка ў пасёлку з’явілася яшчэ адна сям’я. Аднак абаім маладым людзям хацелася жыць у горадзе, таму Павядайкі накіраваліся ў Шчучын, дзе і пабудавалі кватэру. Хутка ў сямейным гняздзечку на радасць бацькам зашчабяталі дзеткі – Ілля і Дзіма. 
Да гэтай дружнай сям’і мы накіраваліся напярэдадні Ражства, каб даведацца, як адзначае свята шчучынская моладзь. 


Дарога да Бога
У маладой сям’і ўсё падпарадкавана патрабаванням праваслаўнай веры. Можа яшчэ і таму, што родны брат Іны – святар. Пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі айцец Ігар Марчык вярнуўся на Шчучыншчыну. Зараз ён служыць у Орлеўскай Свята-Пакроўскай царкве. Разам з матушкай Марынай выхоўвае траіх сыноў – Аляксандра, Серафіма і Мікалая.
– Мы з братам удзячны сваёй матулі за тое, што яна ў свой час прывяла нас у храм, пазнаёміла з духоўнымі законамі і на сваім прыкладзе паказала, як трэба верыць у Бога, – гаворыць Іна. – Мы заўсёды наведвалі богаслужэнні ў Астрынскай Спаса-Праабражэнскай царкве, адзначалі ўсе рэлігійныя святы. З дзяцінства бачылі, што кожны новы дзень пачынаўся і заканчваўся ў нашым доме малітвай. На жаль, мамы ўжо няма з намі. Цяпер у храм ходзім з татам Іванам Францавічам. Зараз, калі мы з братам самі сталі бацькамі, прывіваем духоўныя традыцыі нашым дзецям, удзельнічаем у богаслужэннях, якія праходзяць у храме Богаяўлення, што ў Шчучыне на вуліцы Пушкіна.
Бацькі Аляксандра – Людміла Мікалаеўна і Аляксандр Сяргеевіч – таксама людзі веруючыя, разам выхавалі траіх дзяцей. Людміла Мікалаеўна да таго ж спявае ў мясцовым царкоўным хоры. Іна і Аляксандр частыя госці ў бацькоўскім доме. 
Лепшы прыклад – асабісты 
Галоўны прынцып выхавання дзяцей у сям’і маіх герояў – уласны прыклад. Таму бацькі вядуць здаровы лад жыцця. А як інакш, калі тата – трэнер-выкладчык ДЮСШ? Усе разам Павядайкі ездзяць на веласіпедах, наведваюць басейн, што ў Васілішках, і спортзалы, бавяць час у аквапарку “Азёрны” і ладзяць імпрэзы на прыродзе. Прызналіся Іна і Аляксандр, што ёсць у іх сваё асабістае месцейка ў лесе за горадам, дзе яны адпачываюць душой. Аляксандр любіць займацца лёгкай атлетыкай, валейболам, гандболам. Любоў да спорту прывівае не толькі сынам, але і шчучынскай моладзі. 


Іна зараз працуе аператарам заправачнай станцыі “Лукойл”. Прызнаецца, што нягледзячы на педагагічную адукацыю, хацела працаваць менавіта тут. Са з’яўленнем новай працы з’явілася больш вольнага часу, які клапатлівая мама з задавальненнем траціць на сям’ю: радуе сваіх любімых духмянай шарлоткай, смачнымі піражкамі ды іншым печывам. 
– Мы ўдзяляем увагу не толькі фізічнаму стану цела, але і духоўнаму, – гаворыць Іна. – Сама я часта бываю ў паломніцтвах. Нават пэўны час жыла і малілася ў Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры. Хочацца, каб і нашы дзеці маглі пабываць у святых месцах. Так з’явілася добрая традыцыя: кожны год усёй сям’ёй мы накіроўваемся ў Жыровіцкі манастыр, а пасля малітвы адпачываем каля святой крыніцы. 
Ражство – свята сямейнае 
У Іны і Аляксандра Павядайка ёсць шмат традыцый, адна з іх – адзначаць з роднымі Ражство. 
Перад вялікім святам сям’я наводзіць чысціню і ў доме, і ў душы: часцей прымаюць удзел у богаслужэннях, больш моляцца. Што такое пост, сям’я таксама ведае не па чутках, бо заўсёды посціць напярэдадні свята. Нават ёлку мае суразмоўцы ўпрыгожваюць менавіта напярэдадні Ражства. Падарункі Дзядуля Мароз таксама прыносіць акурат у святочную ноч, каб дзеці адчувалі, што прыйшло самае галоўнае свята.
6 студзеня, на Куццю, сям’я ідзе вечарам у царкву. Дома пакідаюць адкрытым акно, каб Дзядуля Мароз змог прынесці дзецям падарункі. На змярканні накрываюць стол, за якім збіраецца ўся сям’я. Пад белым абрусам ляжыць жмуток сена, якое сімвалізуе яслі Хрыста. На стале – драўляны вярцеп, запаленая свечка і традыцыйныя стравы. Усе яны абавязкова посныя. Не абыходзіцца без куцці – кваска з грыбамі, галушак, вушак, кісялю і іншых прысмакаў. Калі гасцююць Павядайкі ў айца Ігара або ў Першамайску ў бацькоў Аляксандра, то застаюцца на ўсяночнае богаслужэнне, калі дома – уключаюць пасля вячэры трансляцыю богаслужэння з Мінскага храма. Абавязкова віншуюць Іна і Аляксандр усіх сваіх родных словамі: «Хрыстос нарадзіўся!». І ім адказваюць: «Яго славім!». Не забываюць пра дзетак, якіх хрысцілі, дораць ім падарункі. Успамінаюць напярэдадні свята і родных, якіх ужо няма на гэтым свеце, ходзяць на могілкі, падаюць запіскі за спачын у храме. 
Традыцыям жыць
Многія сем’і, з якімі сябруюць мае суразмоўцы, таксама праваслаўныя, таму яны абавязкова абменьваюцца шчырымі віншаваннямі. 
– Радуе, што нашы знаёмыя сем’і – Тарасавы, Рыбакі, Маскевічы, Дзятчыкі, – захоўваюць традыцыі і ходзяць у царкву, – гавораць Іна і Аляксандр. – А яшчэ мы перакананы, што зусім не важна, дзе чалавек адзначае свята: дома, у бацькоў або ў сяброў. Свята будзе там, дзе ты, калі жывеш па духоўных законах і ў цябе спакойна на душы. 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.