100 кіламетраў бягом амаль за 12 гадзін. Куды так спяшаўся шчучынец Антон Акрамешка?

Антон Акрамешка вярнуўся з перамогай з 10-ага юбілейнага марафону “Налібокі”, які прайшоў на базе фермерскай гаспадаркі “ДАК”, што ў Мінскай вобласці. Трасу трэйл-ультрамарафону даўжынёй у 100 кіла­метраў Антон пера­адолеў за 11 гадзін 57 хвілін. 

– За час праходжання дыстанцыі выпіў каля 7 літраў вады, – дзеліцца падрабяз­насцямі выпрабаванняў на вынослівасць Антон. – А вось есці зусім не хацелася. Напэўна, з-за моцнага перагрэву і стомленасці. Даводзілася есці праз сілу, бо разумеў, што трэба аднаўляць сілы. У выніку, я страціў амаль 5 кілаграмаў!     


Спартсмену давялося сутыкнуцца і з іншымі цяжкасцямі. Напрыклад, дзесьці на 30-м кіламетры пачалі непакоіць сутаргі, але і з гэтай непрыемнасцю Антон Акрамешка справіўся, бо за плячыма – шматгадзінныя трэніроўкі.
 У марафоне “Налібокі” ў сямейным класе таксама прынялі ўдзел Віктар Барысавіч Лісоўскі і Паліна Бараноўская. Шчучынцы занялі першае месца, пераадолеўшы дыстанцыю ў 47 км з вынікам 5 гадзін 43 хвіліны! Так трымаць, землякі!
Ганна КАСПЕР. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!