Васілішкаўскі народны ансамбль народнай песні “Васільковая раніца” стаў пераможцам ІVміжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Радзіма Перамог”

Нашым артыстам не было роўных у намінацыі “Народны вакал”.

 

Лаўрэацкім дыпломам першай ступені адзначаны як сам творчы калектыў, так і асабіста яго кіраўнік Алена Вацлаваўна Лысеня, якой арганізатары конкурсу выказалі падзяку за важкі ўклад у культуру і асвету, развіццё творчасці і падтрымку талентаў.

 

– Мы запісалі і адправілі на конкурс у Маскву песню “Рождество”, – расказвае Алена Вацлаваўна. – Прыемна было даведацца аб выніках і атрымаць узнагароды. Дыпломы падпісаны старшынёй арганізацыйнага камітэта, генеральным дырэктарам ТАА “Голд Стар” І.А. Аліевым і старшынёй журы конкурсу, заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі З.А. Бапінаевым. Прызнанне выканаўчага майстэрства нашых вакалістаў на такім высокім узроўні дарагога каштуе.

 

Землякі таксама надзвычай любяць і цэняць сваю “Васільковую раніцу”, у якой так хораша спяваюць Алена Лысеня, Юрый Барысевіч, Марыя Грэсь і Яўген Майсей. А яшчэ гэтыя таленавітыя людзі – вялікія працаўнікі. Толькі за гэта паўгоддзе яны далі больш за паўсотні канцэртаў! Іх гастрольныя туры пралягаюць як праз аддаленыя вёсачкі свайго рэгіёна, так і гарады ды мястэчкі ўсёй нашай Гродзеншчыны. Само сабой зразумела, што ніколі не застаюцца па-за ўвагай артыстаў жыхары аграгарадка Васілішкі, для якіх работнікі культуры арганізоўваюць мноства цікавых мерапрыемстваў, фестываляў, музычных вечарын.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!