“Птушынае малако” для любімай матулі. Учора Марыя Янаўна Залога – жыхарка вёскі Баяры Васілішкаўскага сельсавета – адзначыла 90-гадовы юбілей

Сустрэчы з такімі людзьмі, як Марыя Янаўна, заўсёды пакідаюць у памяці незабыўны след. Здаецца, што там незвычайнага: нарадзілася, вучылася, выйшла замуж, расціла дзяцей, шмат працавала, гадавала ўнукаў. Толькі, размаўляючы з гэтай прыемнай бабулькай, у нейкі момант ловіш сябе на думцы, што не хочаш прапусціць ніводнага слова, каб за гэты кароткі час сумець навучыцца ў яе жыццёвай мудрасці, разважлівасці, дабрыні…

Кожны год на зіму Марыя Янаўна пакідае сваю вясковую хатку і перабіраецца ў Шчучын да адной са сваіх дачок Рэгіны Эдуардаўны або Ганны Эдуардаўны, якія ўжо таксама знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Была б яе воля, і зімавала б у Баярах, але дзеці не дазваляюць. Цяжкавата, праўда, Марыі Янаўне без усялякай справы бавіць час. Яшчэ летась зімою шкарпэткі вязала, а сёлета Рэгіна Эдуардаўна катэгарычна забараніла, хоча, каб мама паберагла свой зрок. Толькі не тут то было, руплівая бабулька ўсё роўна знойдзе сабе занятак: то на імшу ў касцёл пяшком сходзіць, то газетку пачытае…
Нарадзілася Марыя Янаўна ў невялікай вёсачцы Біцеўцы. У сям’і было чацвёра дзяцей: двое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Два гады вучылася ў пачатковай школе: выкладанне вялося толькі на польскай мове. Прыходзячы на заняткі і перад адыходам дамоў дзеці абавязкова гаварылі малітвы. Пазней Марыя Янаўна яшчэ два гады вучылася ў школе, якую, як яна кажа, арганізавалі бальшавікі ў былым маёнтку пана Рыхліцкага. 
Бацькі Марыі Янаўны трымалі вялікую гаспадарку. У іх была не толькі жывёла – конь, авечкі, каровы, але і свая зямля, на якой яны маглі працаваць. 
– Я рабіла ўсё, дапамагала бацькам, – успамінае мая суразмоўца. – У той час сеялі даволі многа льну. А апрацоўваць яго было вельмі цяжка: палолі, потым, калі вырасце, рвалі, вязалі, пранікам калацілі, затым месяц на сенажаці сушылі. Пасля гэтага збіралі яго, церлі, трапалі, часалі. І толькі затым пралі і ткалі. Ой, колькі работы было! 
– Калі ў краіне пачалася калектывізацыя і сталі арганізоўвацца калгасы, усю зямлю ў людзей забралі, – расказвае Марыя Янаўна. – Выдзялялі ў карыстанне каля 30 сотак. І жывёлу выводзілі з уласных падворкаў сялян. Наша сям’я таксама вымушана была пайсці следам за іншымі вяскоўцамі. Спачатку за работу ў калгасе разлічваліся ў канцы года зернем, пазней пачалі плаціць зарплату. 
Муж Марыі Янаўны, за якога яна пайшла у дваццаць сем гадоў, спачатку працаваў нарыхтоўшчыкам, а затым – брыгадзірам у калгасе. Неўзабаве ў сям’і нарадзіліся тры дзяўчынкі. 


– Іх гадавала сястра мужа, – гаворыць Марыя Янаўна. – У мяне проста сэрца сціскалася ад жалю, калі я іх пакідала і вымушана была ісці на работу. Яны бягуць за мною следам, каб развітацца да вечара, а мне як вытрываць… Працавала ў паляводстве, а потым – на складзе. Насіла цяжэнныя скрыні з зернем. Як толькі і захавалася тое здароўе…
Пераадольваючы ўсе жыццёвыя цяжкасці, у любой сітуацыі Марыя Янаўна старалася быць справядлівай, паважала людзей, калі трэба было, шукала кампрамісы, каб не выклікаць канфлікт.
– Мама ніколі слова дрэннага ні пра каго не сказала, – гаворыць Рэгіна Эдуардаўна. – Можа таму ўсё жыццё яна і была “Іванаўна” – так паважліва ставіліся да яе людзі. І тату вельмі паважалі. Мне часам так не хапае мамінай вытрымкі і яе жыццёвай мудрасці – вельмі хацелася б быць да яе падобнай. 
За сваю сумленную работу Марыя Янаўна не аднойчы атрымлівала розныя ўзнагароды. А ў якіх незабыўных паездках яна пабывала!
– Вельмі цікава было паглядзець балет на лёдзе, – успамінае юбілярша. – А яшчэ я наведала Пскоў, двойчы ездзіла ў Ленінград…
 Нягледзячы на занятасць на рабоце, Марыя Янаўна паспявала і хатнімі справамі займацца. А яшчэ ткала разам з аднавяскоўкамі, складвала ўзоры для тканых дываноў – яна ў гэтым выдатна разбіралася, шыла не толькі сабе, але і суседкам, знаёмым. Цэлую зіму, бывала, у доме Залогаў стаялі кросны, а ў хаце збіраліся вясковыя жанчыны. Саматканыя пакрывалы да гэтай пары з любоўю захоўвае і Рэгіна Эдуардаўна. 
Марыя Янаўна з мужам выдалі замуж трох дачок, усім справілі вяселлі. Ужо амаль трыццаць год няма на свеце яе вернага спадарожніка. Але для бабулі надзейнай апорай засталіся яе дочкі, зяці і ўнукі.
– Цяпер яна – адна матуля не толькі для нас, але і для нашых мужоў, – гаворыць Рэгіна Эдуардаўна. – Іх бацькі ўжо пайшлі з жыцця, а ў нашай мамы для ўсіх хапае мацярынскай любові, цярпення, жадання выслухаць, дапамагчы, падказаць. Нашы мужы так і называюць яе: “мамуся”. 
У Шчучыне жыве не толькі старэйшая дачка Марыі Янаўны Рэгіна, але і сярэдняя Ганна. Малодшая Тарэса абуладкавалася ў Гродне. У кожнай па двое дзяцей: сын і дачка. А ў бабулі ўжо шэсць унукаў і сямёра праўнукаў. 
– Ой, вам не перадаць, як мне хочацца хутчэй дачакацца вясны, каб паехаць да сваёй хаткі, – гаворыць Марыя Янаўна. – Там у мяне цяплом расцвітае столькі кветак! Да мяне на надворак прыходзяць суседкі, пасядзець на лавачцы, паразмаўляць пра наша жыццё-быццё… Нават кошка мяне дзесьці чакае. Пакуль яна пад наглядам суседкі, а толькі я прыязджаю, адразу бяжыць дамоў! І ў каплічку можна схадзіць – яна недалёка ад майго дома. 
У свае дзевяноста Марыя Янаўна любіць пачытаць газетку (нават без акуляраў!), свабодна тэлефануе дзецям па мабільным тэлефоне, а днём ніколі не кладзецца адпачываць! Яна праціўнік лякарстваў і бальнічнага ложка, выдатна выглядае на свой узрост, чаго і ўсім нам жадае. 
– Дзякуй Богу, свае дзевяноста год я пражыла шчасліва, – крыху падумаўшы, адказвае мне бабулька-юбілярка. – Дзеці ў мяне выраслі добрыя. Я вельмі люблю сваіх унукаў, многіх з якіх я памагала гадаваць. І цяпер заўсёды чакаю ўсіх іх у госці і на канікулы. Я ніколі ні з кім не пасварылася, а старалася заўсёды быць дыпламатам. І цяпер кажу сваёй дачцэ, што ў мяне такая шчаслівая старасць, што хіба толькі птушынага малака не хапае. 
– А я знайшла цукеркі з такою назваю і купіла для мамы, – усміхаецца Рэгіна Эдуардаўна. – А яна прачытала і пачала смяяцца. Цяпер, кажа, поўны парадак. 
Развітваючыся з маімі новымі знаёмымі, я шчыра парадавалася за іх. Шчаслівыя тыя людзі, у каго доўга-доўга побач з імі ёсць самыя блізкія і родныя – іх бацькі. Няхай і Марыя Янаўна сустракае ў сваім жыцці яшчэ не адзін круглы юбілей!
Ганна РУДСКАЯ. 
Фота аўтара і з сямейнага архіва.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!