Падарыць жыццё... хутарку вырашылі крэатыўныя гараджане, якія карэнным чынам памянялі лад свайго жыцця, а гродзенскую прапіску – на сельскую

Гэты відарысны хутар праз возера ад вёсачкі Ішчальняны быў яўна асуджаны на выміранне: некалькі нежылых хацін ужо зарасталі дзікім кустоўем. Але менавіта тут у свой час набылі зямельны ўчастак гродзенцы Данат і Алёна Таранко, пабудавалі стыльны дачны домік, а ў нейкі момант адчулі, што ім не хапае выхадных, каб надыхацца гэтым неверагодна чыстым паветрам, настоеным на водары меднастволых хваін, нарадавацца вольным прасторам і хараством тутэйшай прыроды. 

 

Вяртацца ў гарадскую мітусню, у шкло і бетон пасля гэтага маленькага эдэму на зямлі? Ці варта таго ўрбанізаванае жыццё з аднастайным маятнікам “дом – работа”? Алёна стала ініцыятарам нетрывіяльнага рашэння, але яна не прыспешвала мужа: хацела, каб ён сам “саспеў” і падтрымаў яе. Урэшце такі момант настаў. 

 

– На дзіва ўсім, хто нас ведае, мы прынялі рашэнне жыць тут пастаянна, – усміхаюцца мае новыя знаёмыя, якія ўжо год, як упэўнена адчуваюць сябе вяскоўцамі, завёўшы жыўнасць, разбіўшы акуратны агародзік з цяпліцай, ачысціўшы ад зараснікаў стары, але такі рамантычны сад. Будучы топ-менеджарамі не толькі па ранейшай прафесіі, а па сваёй сутнасці, яны распрацавалі не адзін цікавы праект, звязаны з гэтымі мясцінамі, і паэтапна рэалізоўваюць задуманае.

 

Сваю аграсядзібу, дарэчы, самую маладую з амаль трыццаці зарэгістраваных на Шчучыншчыне, назвалі “Чары”. 

 

 

 – Бо зачараванне і замілаванне гэтымі мясцінамі адчувае кожны, хто трапляе сюды, – тлумачыць гаспадыня. – Вялікія спадзяванні на тое, што наш рэгіён увайшоў у бязвізавую зону. Між іншым, першыя замежныя госці – мнагадзетная сям’я з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – у нас ужо пабывалі. Яны былі проста ў захапленні ад арганізаванага для іх пікніка па халяльных традыцыях, каларытнай, “непрычасанай” прыроды, імправізаванага “палявання” для дзяцей з самаробным лукам, цікавымі аповедамі пра народныя традыцыі беларусаў.

 

Таранко выкупілі яшчэ тры суседнія са сваім участкам нежылыя падвор’і, па сутнасці ратуючы хаціны, сады і самабытную прыроду. А побач з дачай, якая перапрафіліруецца ў летнюю кухню, узводзяць сучасны жылы дом з вялікай тэрасай, прасторнай гасцёўняй і … басейнам. Справа ў тым, што Алёна ў свой час была заснавальніцай і кіраўніком фірмы па будаўніцтве басейнаў, таму напрацаваныя вопыт і веды проста грэх не выкарыстаць на ўласнай сядзібе. 

 

А вось адноўлены сялянскі дыхтоўны дом на ўскрайку хутара, за якім ужо валадараць палеткі, ператварыўся ў гасцявы. У ім, апроч гасцёўні-студыі, месціцца ўтульная лазенька, а мансарда нагадвае міні-гатэль са спальнымі месцамі для аматараў сельскага адпачынку. Арыгінальны дызайн інтэр’ера Данат Іванавіч распрацаваў сам. Увогуле на сядзібу хоць і запрашаюць майстроў, аднак літаральна да ўсяго руплівыя рукі гаспадароў дакранаюцца абавязкова. Акрамя таго, Данат працуе дыстанцыйна ў сферы ІТ-тэхналогій. Як паспявае ўсё і спалучае, здавалася б, неспалучальнае – маленькі сакрэт. 

 

 

Цікава і тое, што адшукаўшы адасоблены хутар для жыцця, сям’я Таранко насамрэч цэніць чалавечыя зносіны, часта прымае ў сябе сяброў і калег, любіць падарожнічаць і вывучаць вопыт іншых арганізатараў аграэкатурызму. Нашы героі – актыўныя члены турыстычнага кластара “Церам забаў”: разам з аднадумцамі працуюць над стварэннем такога турыстычнага прадукту, які б зацікавіў як айчынных, так і замежных турыстаў і затрымаў іх на працяглы час у сваім жаданні паглядзець дзівосы прынёманскага краю, паўдзельнічаць у анімацыях, майстар-класах, народных абрадах.

 

 – Задумак багата, – сцвярджае Алёна. – Ва ўсім свеце набірае папулярнасць гастранамічны турызм, а я даўно цікаўлюся кухняй розных народаў. Многае можна рэалізаваць дзякуючы ўніверсальнасці … рускай печы, таму да яе кладкі ў нас сур’ёзныя патрабаванні. Вось і сёння прыязджалі майстры з Гродна, разам абмяркоўвалі, якім быць галоўнаму ачагу новага дома. Хацелася б усё гатаваць з экалагічных прадуктаў, а для гэтага заняцца арганічным земляробствам і вырошчваць не толькі гародніну і садавіну, але і разнастайнае зяленіва, лекавыя расліны. У будучым возьмем у арэнду крыху зямлі. Прычым мы цэнім яе спрадвечнасць, а значыць, некранутымі застануцца і гэтыя стагадовыя ліпы, і клёны, што яшчэ пры панах высаджаны па перыметры паселішча, і сады. Дзякуючы нядаўняму перапісу мы прыкінулі, што на нашай тэрыторыі расце каля сотні старых яблынь, а вясной мы абавязкова заложым малады сад з дрэўцамі сучасных сартоў. 

 

Пабываўшы ў многіх краінах свету і нават пажыўшы за мяжой (Данат – у сястры ў Італіі, Алёна – у Тайландзе), нашы героі перакананы, што такой спрыяльнай глебы для рэалізацыі крэатыўных ідэй, як у сябе на Радзіме, яны б не атрымалі нідзе.

 

– Мы не сутыкаліся з нейкім непаразуменнем з боку мясцовай улады, адчуваем, што наш кластар падтрымліваюць на раённым узроўні, а гэта дарагога каштуе, – разважаюць мае суразмоўцы. – Значыць, тое, што цікава для нас, цікава і для грамадства.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!