Хоць бы дзянёк не сядайце за руль!

Дзесяцікласнікі гімназіі горада Шчучына сумесна з супрацоўнікамі аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС заклікалі вадзіцеляў прыняць удзел у міжнароднай акцыі "Дзень без аўтамабіля", якая па традыцыі праводзіцца 22 верасня.

З кожным годам колькасць транспартных сродкаў на дарогах павялічваецца. Навакольнае асяроддзе ўсё больш забруджваецца выхлапнымі газамі. Каб зменшыць аб'ёмы шкодных рэчываў, якія трапляюць у атмасферу, і праводзіцца аб'яўленая акцыя. Кожны вадзіцель, пакінуўшы дома свой транспартны сродак хаця б на адзін дзень, можа ўнесці пасільную лепту ў важную агульную справу – захаванне чыстага паветра на нашай планеце.

– Звычайна мяне ў гімназію падвозіць на аўтамабілі мама, – расказвае вучаніца 10 "В" класа Дзіяна Мяткоўская. – А сёння я вырашыла дабірацца сама на веласіпедзе. Гэта ж вельмі важна – захаваць навакольнае асяроддзе чыстым.

Дома пакінуў сваю машыну і інспектар ДПС Дзмітрый Яўгеньевіч Жагунь. Такім чынам ён таксама вырашыў далучыцца да аб'яўленай акцыі.

На службовым аўтамабілі прыехаў у райцэнтр работнік ААТ "Васілішкі".

– На асабістым транспарце сёння не езджу, а на службовым – прыходзіцца, работа ж не можа чакаць, – патлумачыў Валерый і дадаў, што цалкам падтрымлівае ідэю аб правядзенні падобных акцый. Хто, як не кожны з нас, можа паклапаціцца пра чыстае паветра і не забруджваць яго?

Вельмі ўжо спяшалася па сваіх справах Аліна Генрыхаўна Місевіч, таму вырашыла скарыстацца аўтамабілем. Інакш, прызнаецца, таксама прайшлася б пешшу – гэта і для здароўя карысна.

Каля 150 лістовак з заклікам прыняць удзел у міжнароднай акцыі раздалі валанцёры вадзіцелям. Інспектары дарожна-патрульнай службы Ю.Г Межва і Д.Я. Жагунь дапамагалі рабятам.

– Чаму б не падтрымаць добрую справу? – гаворыць Юрый Георгіевіч Межва. – Хацелася б, каб вадзіцелі больш актыўна далучаліся да такіх акцый.

Гімназісты ўжо чацвёрты год 22 верасня выходзяць на вуліцы горада, каб нагадаць вадзіцелям пра Дзень без аўтамабіля. Калі ў вас не атрымалася прыняць удзел у акцыі – перанясіце яе для сябе на другі дзень і абавязкова пакіньце дома ваш транспартны сродак.

Варта пачытаць: “Лесной дозор” на страже чистоты
                                                     Модернизация производства и хозяйский подход определяют успех в работе щучинских лесоводов
                                                     Грыбныя мясціны

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)