Правесці адзін дзень з аграрыямі СВУ “Пратасаўшчына”

Як вядома, вясной адзін дзень год корміць. У СВУ “Пратасаўшчына” гэта добра ведаюць. Тут палявыя работы ў самым разгары. Журналісты “Дзянніцы” накіраваліся ў адну з самых моцных гаспадарак раёна, каб даведацца, ці спраўляюцца аграрыі з пастаўленымі задачамі. 

Усе – у поле! 
Нашым гідам па гаспадарцы выступіў галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” А.В. Клімовіч. 
 – Актыўна падрыхтоўваем глебу, уносім мінеральныя ўгнаенні і адразу ж накіроўваем сеялкі ў поле, – гаворыць Андрэй Віктаравіч. – Сёлета нам трэба будзе пасеяць 290 гектараў яравых зерневых, 560 гектараў кукурузы, 70 гектараў аднагадовых і 200 гектараў шматгадовых траў. Перш-наперш узяліся за авёс, трыцікале і яравы ячмень.


З гутаркі з А.В. Клімовічам даведваемся, што ў СВУ “Пратасаўшчына” пры падрыхтоўцы глебы тэхніку задзейнічаюць па максімуму. На трактарах працуюць вопытныя механізатары, для якіх сёлетняя пасяўная далёка не першая на асабістым механізатарскім рахунку. 

Гудуць трактары на “Аэрадроме” 
Мы пятляем па сельскай дарозе. Аднекуль здалёк даносіцца мерны рокат трактароў. Гэта на ўчастку “Аэрадром” глебу пад сяўбу рыхтуюць вопытныя трактарысты Я.Я. Даменяка, А.І. Грыб і У.У. Бодак. Крыху паводдаль брыгада рабочых збірае каменне. Раптам матор змаўкае. Здагадваемся – здарылася паломка. 
– За дзень апрацоўваю 25-30 гектараў зямлі, – гаворыць трактарыст Я.Я. Даменяка. – Зямля яшчэ цяжкая, вось счэпка культыватара і не вытрымала…


Мы адразу ўявілі, наколькі марудна транспартаваць тэхніку на мехдвор, але мясцовыя механізатары знайшлі іншае выйсце. Аказваецца, у гаспадарцы на той выпадак, калі тэхніка выйшла з-пад кантролю, ёсць своеасаблівая “хуткая дапамога”. Адзін званок, і праз хвілін 15 трактарыст Яўгеній Янавіч ужо аддае свайго жалезнага каня ў надзейныя рукі калег-рамонтнікаў. 
“Хуткая дапамога” для… тэхнікі
Зваршчык Віталій Пятровіч Свірыдэнка сваю справу ведае добра. 
– Мы разам з калегам Яўгеніем Адольфавічам Хільмончыкам працуем аператыўна. Падчас пасяўной кожная хвіліна дарагая. Выехалі – узяліся за справу! 


Іскры ляцяць ва ўсе бакі. У руках майстра жалеза падатлівае. Праходзіць крыху больш за гадзіну – і трактар зноў гудзе, плугі з новай сілай “упіваюцца” ў глебу. 
Праца працай, а абед па раскладу
Неўзабаве заўважаем машыну, якая спынілася на ўскрайку поля. Аказваецца, у гаспадарцы ўсіх удзельнікаў палявых работ забяспечваюць бясплатным гарачым харчаваннем.


 – У сённяшнім меню – боршч, катлеты, макароны і кісель, – расказвае раздатчыца Жанна Іванаўна Росенік. – Абеды заказваем у кафэ “Залаты бераг”. Сёння трэба накарміць звыш 40 чалавек, а калі пачнецца ўборачная – і таго больш. 
Тым часам мужчыны адзін за другім падыходзяць сілкавацца. Як кажуць, хто працуе – той і апетыт мае. Ну а мы спяшаемся далей. 


У полі – два беларусы 
На веснавым палетку шчыруюць два беларусы – механізатар В.В. Росенік і яго верны жалезны конь “Беларус-3022”. 
– Мне даверылі самы магутны трактар у нашай гаспадарцы, – з гонарам зазначае Валяр’ян Вацлававіч. – Ужо дзявяты сезон ён працуе як гадзіннік. Здараюцца дробныя паломкі, але яны аператыўна выпраўляюцца. Пры дапамозе шасцімятровай сеялкі засяваю да 40 гектараў у дзень. У яе бункер улазіць дзве тоны зерня – гэтага дастаткова на паўтары гадзіны безупыннай работы.


Неўзабаве да трактара з сеялкай пад’язджае яшчэ адзін – з бункерам: час “дазаправіцца” зернем. Трактарыст Аляксандр Яўгеньевіч Хільмончык у гаспадарцы працуе толькі год, аднак з тэхнікай спраўляецца: за спінай – Шчучынскі сельскагаспадарчы ліцэй. На дасягнутым хлопец не збіраецца спыняцца, плануе атрымліваць вышэйшую адукацыю. На полі працуе штодзённа, вось нават свой Дзень нараджэння адзначае на працоўным месцы. 


Пакуль мы размаўляем, зерне сыплецца ў бункер. Тры хвіліны – і гатова!
Аляксандр Яўгеньевіч жвава ўзбіраецца па прыступках, правярае якасць насення. Усё цудоўна! Хвіліна – і беларускі асілак плаўна кранаецца з месца. З кабіны – поле як на далоні. Працоўнае месца абсталявана кліматкантролем, які павышае камфорт. Умовы для работнікаў не параўнаць з ранейшымі. За спінай – гектары, засеяныя зернем, наперадзе – новы фронт работы. 
Будзем з хлебам! 
У СВУ “Пратасаўшчына” актыўна вядзецца не толькі сяўба. Тут праводзяць закрыццё вільгаці, уносяць у глебу мінеральныя ўгнаенні і арганіку.


За адзін дзень мы на справе пераканаліся, што ў гэтай гаспадарцы працуюць адданыя прафесіі хлебароба людзі, якія ўмеюць якасна вырашаць пастаўленыя задачы. А значыць, увосень будзем з хлебам! 
У поле выходзілі Ганна КАСПЕР 
і Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.