На базе ААТ “Першамайск-агра” прайшоў традыцыйны раённы конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы араты”

У ім прынялі ўдзел трактарысты з розных гаспадарак раёна. Кожнаму прадстаяла пры дапамозе плуга шырынёй 3,2 метра максімальна якасна ўзараць звыш 10 гектараў зямлі.

Конкурс ладзіўся адразу на двух палетках агульнай плошчай каля 100 гектараў. Пасля кароткага інструктажу механізатары селі ў кабіны энерганасычаных трактароў і выйшлі працаваць у поле. Якасць ворыва правярала судзейская калегія, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Пры налічэнні пераможных балаў улічвалася ўсё: наяўнасць у трактарыста спецадзення і медыцынскай аптэчкі, тэхнічны стан трактара і плуга, глыбіня ворыва, задзелка пажніўных і другіх раслінных рэшткаў, выраўненасць праходаў, глыбістасць, адбіўка разваротнай паласы і іншае. Дадатковыя балы можна было атрымаць за перавыкананне плана – 10 узараных гектараў, чым скарысталіся ўсе механізатары. 


Вынікі раённага конкурсу прафесійнага майстэрства падвялі на мехмайстэрні ля вёскі Хадзілоні. Лепшым аратым раёна быў прызнаны трактарыст саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Іван Казіміравіч Пільчук, якому прафсаюзны лідар аграрыяў Шчучыншчыны Генрых Феліксавіч Шандроха ўручыў электрамясарубку. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна механізатары Анатолій Станіслававіч Аляхновіч (СВУ “Пратасаўшчына”) і Аляксей Пятровіч Серыкаў (ААТ “АграГЖС”), якія таксама атрымалі каштоўныя падарункі – мультыварку і шыкоўны набор посуду. 


– У раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы араты” я прымаю ўдзел ужо трэці раз, – гаворыць трактарыст саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Іван Казіміравіч Пільчук. Два гады таму заняў трэцяе месца, а сёлета выбіўся ў лідары. Безумоўна, вельмі прыемна, што нашу працу высока цэняць! Між іншым, сёння мы не толькі прадэманстравалі свой прафесіяналізм і абмяняліся каштоўным вопытам, але і дапамаглі аграрыям ААТ “Першамайск-агра” ўзараць вялікі кавалак зямлі. На маім асабістым рахунку 14 гектараў ворыва. Не менш плённа папрацавалі і іншыя механізатары, за што таксама дастойны шчырых слоў падзякі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.