Працоўная адаптацыя – добры старт у прафесію

З-за праблем са здароўем Аляксандру Сідлярэвічу досыць складана канкурыраваць на рынку працы, аднак ён з тых, хто настойліва ідзе да пастаўленай мэты. Набыўшы прафесію эканаміста ў каледжы, працягвае вучыцца па гэтай жа спецыяльнасці ў Гродзенскім аграрным універсітэце. А рабочае месца пачаў шукаць праз нашу раённую службу занятасці. Менавіта тут маладому чалавеку прапанавалі прайсці працоўную адаптацыю ў рамках распрацаваных на дзяржаўным узроўні мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў. І вось ужо на працягу 11 месяцаў Аляксандр адчувае сябе членам дружнага і згуртаванага калектыву ВГУП “ШчучынСпецПашыў”. Вучыцца, унікае ў прафесію эканаміста, пераймае вопыт у старэйшых калег…

Дарэчы, вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “ШчучынСпецПашыў” Беларускага таварыства інвалідаў служыць і надзейным падмуркам, і прыкладам у арганізацыі працоўнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З 54 работнікаў большасць тут людзі з інваліднасцю. Але ні на прадукцыйнасці працы, ні на іншых вытворчых паказчыках гэта, між іншым, не адбіваецца. Як раз-такі даная кагорта людзей надзвычай цэніць і сваё рабочае месца, і магчымасць самастойна зарабіць нейкі рубель, а галоўнае – быць у соцыуме. 


– Калі я страціла любімую работу з-за праблем са зрокам, перажывала сапраўдную дэпрэсію. А потым зразумела, што варта агучыць сваю праблему. І мяне пачулі, – дзеліцца набалелым Ала Уладзіміраўна Бяляева, якая таксама пачынала жыццё “з чыстага ліста” дзякуючы працоўнай адаптацыі ў гэтым жа калектыве. – Тагачасны начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Алена Пятроўна Новік, што называецца, узяла на аловак маё выступленне на адным са сходаў нашага таварыства, і калі мне пазванілі і прапанавалі магчымасць працоўнай адаптацыі, я сваім вушам не паверыла.
Сёння Ала Уладзіміраўна, можна сказаць, правая рука дырэктара прадпрыемства. Яна – агент па камерцыйных пытаннях: у адказе за кліенцкую базу, своечасовыя плацяжы заказчыкаў і г.д. З абавязкамі сваімі спраўляецца належным чынам і ў захапленні ад свайго новага калектыву – дружнага і згуртаванага.
– Шчыра ўдзячна таксама нашаму ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, начальніку дзяржаўнай службы занятасці Ганне Станіславаўне Паўлюкевіч і, безумоўна, выдатнаму, чуламу ды спагадліваму кіраўніку “ШчучынСпецПашыву” Наталлі Міхайлаўне Дзяніска, якая ніколі і нікога не пакіне без падтрымкі.
 Дарэчы, Н.М. Дзяніска да ўсяго вызначаюць і высокія дзелавыя якасці. Па выніках мінулага года прадпрыемства, якім яна кіруе, выйшла на рэнтабельнасць 9 працэнтаў, рэалізавала прадукцыі на суму 200 тысяч рублёў.
Цікавы факт. Пасля расфарміравання раённага Дома быту пад свой “сацыяльны парасон” “ШчучынСпецПашыў” узяў шэсць швачак з ліквідаванай арганізацыі, задзейнічаў і швейнае абсталяванне “бытоўкі”.
– Дзякуючы гэтаму мы ў апошні час значна пашырылі спектр паслуг, – гаворыць Наталля Міхайлаўна. – Рамантуем адзенне і абутак для насельніцтва, шыем карпаратыўную форму для ўсіх сфер вытворчасці і абслугоўвання, пасцельную бялізну, шторы і г.д. Сярод нашых заказчыкаў – дамы-інтэрнаты, дзіцячыя садкі, такія прадпрыемствы, як масласырзавод і завод “Аўтапровад”, ТАА “Праймілк”, Шчучынскі лясгас і іншыя.
…Заходзім у швейны цэх. Тут адчуваецца напружаны вытворчы рытм. Сярод работніц ёсць маладыя інваліды, якія ў 2016 годзе працаўладкаваны сюды на спецыялізаваныя рабочыя месцы, створаныя за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Сёння вынікі іх працы толькі радуюць.
– У чым розніца паміж працоўнай адаптацыяй і сталым рабочым месцам? – запытваю ў Ганны Станіславаўны Паўлюкевіч, начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці.
– Справа ў тым, што фінансавыя затраты на арганізацыю адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці кладуцца на ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. І па сутнасці любое прадпрыемства можа ўдзельнічаць у гэтым сацыяльна значным праекце, аформіўшы пакет адпаведных дакументаў, пасля чаго упраўленне заключыць з наймальнікам дагавор, і зарплата работніку з інваліднасцю падчас яго працоўнай адаптацыі будзе выплачвацца з бюджэту. Не перабольшу, калі скажу, што ў гэтай сітуацыі выйграюць усе бакі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!