З тэхнікай на “ты”. Старшы вадзіцель ПАВЧ №1 г. Шчучына Уладзіслаў Алегавіч Кахновіч у вырашыў стаць выратавальнікам тры гады таму.

Ён з кагорты маладых людзей, якія бяруць прыклад са старэйшых калег і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў.

У мінулым годзе Уладзіслаў Алегавіч прымаў удзел у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства і стаў лепшым вадзіцелем-выратавальнікам Гродзеншчыны. Ён дастойна вытрымаў выпрабаванні: прадэманстраваў выдатныя веды правілаў дарожнага руху і навыкі кіравання легкавым аўтамабілем.

– Тэхніка – гэта маё вялікае хобі, – гаворыць мой суразмоўца. – Яно вельмі дапамагае і ў рабоце: многія паломкі ў аўтамабілях магу адрамантаваць сам. Люблю, каб тэхніка была дагледжана, каб працавала надзейна і не падводзіла.

Як расказваюць яго калегі, Уладзіслаў Алегавіч можа змайстраваць і розныя прыстасаванні для таго, каб рамантаваць машыны было прасцей.

Сённяшні лепшы вадзіцель-выратавальнік вырашыў пайсці па слядах свайго дзядзі Віктара Станіслававіча Карасевіча, які ў свой час быў начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 аг. Каменка. Адслужыўшы ў арміі, ва ўнутраных войсках, Уладзіслаў прыйшоў у Шчучынскі РАНС. І сёння ўпэўнены: зрабіў правільны выбар.

– За гэты час даводзілася выязджаць на ліквідацыю розных надзвычайных здарэнняў, – гаворыць Уладзіслаў Алегавіч. – Тушылі узгаранне ў рэнтгенкабінеце ў раённай бальніцы, здымалі ката з дрэва на вуліцы Заводскай. Выратавальнікі рэагуюць на кожную просьбу аб дапамозе – такая наша прафесія.

Вельмі важна, што на службу ў Шчучынскі РАНС прыходзіць мэтанакіраваная і адказная моладзь, якая папярэдне, безумоўна, праходзіць сур’ёзны прафесійны адбор. Выратавальнікам-ветэранам ёсць каму перадаць свой вопыт.

Анна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.