Па размеркаванні – з задавальненнем!

Сёлета калектыў Ражанкаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы гасцінна прыняў у свае рады шасцярых маладых спецыялістаў

– Ды якіх! – радуецца дырэктар установы адукацыі Ала Тадэвушаўна Цівінская. – Яны ініцыятыўныя, жыццярадасныя, пазітыўныя, поўныя жадання працаваць. 

Учарашнія выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў і каледжаў заўсёды з задавальненнем едуць працаваць у Ражанку. Тут клапоцяцца аб тым, каб яны добра ўсталяваліся на новым месцы, дапамагаюць, чым могуць.
– У нас даўно наладжана цеснае супрацоўніцтва са Шчучынскім рамонтным заводам, – гаворыць Ала Тадэвушаўна. – Нашы маладыя настаўнікі заўсёды атрымліваюць пакоі ў іх інтэрнаце. У гэтым плане дырэктар прадпрыемства Аляксандр Іосіфавіч Юралевіч цалкам нас падтрымлівае. Некалькі год таму для адной дзяўчыны, якая прыехала да нас працаваць па размеркаванні, нашы настаўнікі нават мэблю збіралі, таму што з дому ёй везці ўсё гэта было вельмі далёка. Усе рэчы так і засталіся ў тым пакоі, дзе зараз жыве яшчэ адна наша маладая настаўніца. А так і рамонт дапамагаем зрабіць, і абуладкавацца на новым месцы. Акрамя таго, раз у квартал мы аплачваем пражыванне ў інтэрнаце. 
Сёння ў Ражанкаўскім д/с-СШ 13 настаўнікаў, працоўны стаж якіх – да пяці год. Гэта крыху менш, чым трэцяя частка калектыву. За апошнія гады, напрыклад, з 2012-га па 2016-ы, дзевяць маладых спецыялістаў атрымалі месцы ў інтэрнатах, у мінулым годзе – пяцёра. Згодна з калектыўным дагаворам, аднаму маладому спецыялісту, які застаўся ў школе пасля адпрацоўкі па размеркаванні абавязковага тэрміну ў два гады, аднаразова выплачана дзесяць базавых велічынь. 
Як надоўга застануцца працаваць на сваім першым рабочым месцы шасцёра маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў школу сёлета, пакажа час. Але сёння яны задаволены тым, як іх прынялі старэйшыя калегі, як сустрэлі дзеці.
Віталій Сідлярэвіч, які ў свой час закончыў Астрынскую сярэднюю школу імя Цёткі, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, і вось ужо дыпламаваным спецыялістам прыехаў у Ражанку. 
– Дзяцей люблю, з кожным з іх лёгка знаходжу агульную мову, таму, выбіраючы спецыяльнасць, падумаў: “А чаму б не пайсці па педагагічнай сцяжыне?”. Выкладаю матэматыку ў двух пятых класах, у дзявятым і дзясятым. Лягчэй працаваць са старэйшымі школьнікамі, але там і адказнасць большая – ім жа неўзабаве здаваць тэсціраванне. У калектыве прынялі добразычліва. І вельмі важна, што з жыллём не ўзнікла праблемы – пасяліўся ў інтэрнаце.
А вось Вікторыя Лебядзевіч вучыць рабят любіць родную мову і літаратуру. Спецыяльнасць “беларуская філалогія” яна атрымала ў ГрДУ імя Я. Купалы. Радзіма Вікторыі недалёка – у вёсцы Галубы Мастоўскага раёна. Разам з гадзінамі па прадмеце Вікторыя атрымала і класнае кіраўніцтва.
– Працаваць няпроста, – прызнаецца настаўніца. – Пяты клас – інтэграваны. Тут займаюцца розныя дзеткі і да кожнага трэба знайсці свой падыход. 
Напэўна, самае шырокае поле дзейнасці ў настаўніцы англійскай мовы Веранікі Бусловіч. Яе вучні – хлопчыкі і дзяўчынкі з трэцяга па дзявяты класы. І гэта ніколькі не засмучае маладога педагога. У яе амаль 30 гадзін нагрузкі, але яна ўсюды паспявае. А яшчэ завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, паколькі закончыла Ваўкавыскі педагагічны каледж. 
Настаўнік-дэфектолаг Яна Пачобут прыехала на Шчучыншчыну за сваім мужам. У яе свая спецыфіка работы: не толькі выпраўляць моўныя парушэнні ў дзяцей, а займаецца яна з дашкольнікамі і вучнямі пачатковай школы, але і дапамагаць хлопчыкам і дзяўчынкам з асаблівасцямі ў развіцці, тым, у каго ёсць пэўныя цяжкасці ў абучэнні. 
Вёску на жыхарства, пастаяннае ці не – пакажа час, выбрала гродзенка Вікторыя Собаль. Яе муж родам з Жалудка. Вось і вырашылі маладыя, якія пажаніліся толькі месяц назад, асталявацца на сяле. Вікторыя выхоўвае малышоў у дзіцячым садку, займаецца з дзецьмі ў групе падоўжанага дня і ўсім задаволена. Акрамя таго, ёй падабаецца працаваць на зямлі: толькі ў радасць пасадзіць свой агародзік, сваімі рукамі вырасціць гародніну. 
Выхавацелем у дзіцячым садку працуе і Таццяна Ясюкайціс. Ёй даверылі самых маленькіх дзетак. А знаходзіць агульную мову яна з імі ўмее – нездарма пасля заканчэння школы выбрала менавіта гэту спецыяльнасць і паступіла ў ГрДУ імя Я. Купалы.


Учарашняму студэнту, які сёння стаў педагогам, яшчэ трэба многаму навучыцца. Менавіта таму ў кожнага маладога спецыяліста ёсць у школе куратар з ліку вопытных настаўнікаў, які аказвае педагагічную падтрымку. Як правільна афармляецца журнал, як належным чынам напісаць план класічнага рабочага ўрока, дзе знайсці каляндарнае планаванне – усё гэта і іншае падкажа старэйшы калега.
– 13 настаўнікаў з’яўляюцца класнымі кіраўнікамі, – расказвае кіраўнік метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў Валянціна Людвікаўна Болтач. – Палова гэтых настаўнікаў займаюцца ў школе маладога класнага кіраўніка, што дзейнічае ва ўстанове адукацыі. 
Немалаважны факт: кожны малады спецыяліст атрымаў дастойную нагрузку, ад якой, як вядома, залежыць заработная плата. І ўсе яны вядуць гурткі для школьнікаў.
– Мне вельмі падабаюцца маладыя людзі, якія прыходзяць працаваць да нас, – гаворыць Валянціна Людвікаўна, якая і сама з задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі з маладымі калегамі. – За тое, што яны прыслухоўваюцца да нас, ва ўсім стараюцца дайсці да сутнасці, за іх камунікабельнасць і стыльнасць, за паважлівыя адносіны да сваіх вучняў…
Зусім нядаўна ўвесь калектыў школы шчыра віншаваў Яну Пачобут з вельмі важнай і сур’ёзнай падзеяй у жыцці: яна выйшла замуж. 
– А як жа інакш, – тлумачыць дырэктар Ражанкаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ала Тадэвушаўна Цівінская. – З першай мінуты работы ў нашай школе ўсе маладыя спецыялісты становяцца нашымі калегамі. І мы зробім усё магчымае, каб працаваць ім было камфортна.

Чытайце таксама: Образование региона: единство традиций и инноваций (обновлено)
                               Педагогического полку прибыло
                               Вчера – абитуриент, сегодня – студент
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!