Як мы пад Літвой пана Матыля шукалі

Рубрыку “Вёскі і вёсачкі” нашы чытачы добра памятаюць з даўніх часоў. Тады карэспандэнты газеты бралі пілігрымскі рукзак на плечы і трымалі маршрут у самыя аддаленыя куточкі нашай Шчучыншчыны, каб даведацца, як жывуць простыя людзі, якія традыцыі захоўваюць з пакалення ў пакаленне. Мы вырашылі не здраджваць добрай традыцыі і аднавіць рубрыку “Вёскі і вёсачкі”. Доўга круцілі ў руках карту раёна, раіліся-спрачаліся: куды ж перш-наперш паедзем? І вырашылі. На старт! Увага! Матылі!

Матылі, Матылі ля Скарбянкі…
Матылі – невялікая вёска Першамайскага сельсавета, былы цэнтр саўгаса «Сцяг Саветаў». Размешчана каля ракі Скарбянка, якая з’яўляецца прытокам Котры. Упершыню ўпамінаецца пад 1585 год у складзе маёнтка Васілішкі ў Лідскім павеце Віленскага ваяводства ВКЛ, у 1641 годзе, як асочніцкая вёска Астрынскага ўчастка пушчы ў Лідскім павеце. Адпаведна Ардынацыі каралеўскіх пушчаў, у вёсцы жылі 17 асочнікаў (сялян-слуг), якія ахоўвалі пушчы, ажыццяўлялі нагляд за звярынымі пераходамі і г.д. Дзясятнікам быў Давід Янковіч. Большасць жыхароў насілі прозвішчы Янковіч і Саковіч. У 1738 годзе Матылі ўпамінаюцца, як вёска ў Астрынскім старостве Лідскага павета. Шмат перамен давялося перажыць населенаму пункту, і толькі 17.06.1961 г. вёска была перададзена ў Першамайскі сельсавет.


Адкуль жа пайшла назва Матылі? У яе аснове можа быць слова балцкага паходжання motle – маці. Гэта верагодна, бо вёска знаходзіцца побач з Літвой. Аднак старажылы наконт гэтага маюць сваё меркаванне: прыгадваюць, што жыў некалі ў гэтых мясцінах заможны пан Матыль (ці Мотыль). Пачалі людзі каля яго дамы будаваць і ўтварылася паселішча. Магчыма, менавіта ад яго прозвішча пайшла назва вёскі. На жаль, ніякіх звестак пра таго пана знайсці нам не ўдалося. 

Як жывуць Іван ды Мар’я?
У дзень нашага прыезду ў вёсцы было надзвычай ціха. Яно і зразумела. Тут у асноўным засталіся пенсіянеры: хто адпачываў, хто на агародчыку шчыраваў. Нас сустрэла стараста вёскі Людміла Вікенцьеўна Павядайка. Яна і стала нашым гідам па Матылях. Праз хвіліну мы апынуліся ля дагледжанага доміка Сідлярэвічаў. 
– Пра іх кажуць Іван ды Мар’я, – усміхнулася Людміла Вікенцьеўна і пераступіла парог хаты.
Усюды – чысціня і парадак. Прыгожыя вышываныя дываны на падлозе, сурвэткі на стале. Усё гэта – справа рук гаспадынькі. Марыя Вікенцьеўна і ткаць, і вязаць, і вышываць, і шыць добра ўмее. 
– Мама, пакажы свае навалачкі з рышэлье! – папрасіла дачка Алена, якая якраз у маці гасціла. 

Марыя Вікенцьеўна дастала з шафы рукатворныя вырабы. Сапраўды вельмі прыгожа! Жанчына прызналася, што яны з мужам Іванам Аляксандравічам ні дня без работы не могуць жыць. На жаль, Іван Аляксандравіч якраз быў у бальніцы і не змог з намі пазнаёміцца, аднак яго гаспадарлівасць была бачна ўсюды. Прыгожа ў Сідлярэвічаў і ў двары. З ПЭТ-бутэлек гаспадынька майструе розныя рэчы, а гаспадар тым часам ладныя кошыкі пляце. Разам Іван ды Мар’я адбудавалі дом, выхавалі трох дачок. 
– Мы тутэйшыя, – распавядае Марыя Вікенцьеўна. – У 1963 годзе з мужам у гэты дом пераехалі. 
– А якімі ў вашай маладосці Матылі былі? – пытаю. 
– Тады не Матылі былі, а Масква-Матылі! Вялікая вёска, больш за сотню хат. Уздоўж вуліцы лаўкі стаялі, і людзі на святы выходзілі, каб пасядзець на іх, пагаварыць пра жыццё. Былі ў нас клуб, бібліятэка, ФАП, магазін, школа, пошта, сельсавет. А колькі моладзі ў вёсцы жыло! Да нас на танцы ажно з Літвы хлопцы і дзяўчаты прыязджалі. Бывала, прыйдзеш – стаць няма дзе, не тое, што танцаваць: кругом – трактары, машыны, матацыклы, ровары…
А як весела ўсёй вёскай адзначаліся святы: Вялікдзень, Ілля, Купалле, свята вёскі… Гэта сёння ў нас ціха і спакойна. Я, як са сну выб’юся, лічу да ранку, колькі ў нас дамоў пустых. Здаецца, 41… На жаль, няма ў жывых майго сваяка Валяр’яна Вікенцьевіча Руля, я б вас да яго завяла. Бачылі б вы, якія ён ладныя кошыкі ды вазы рабіў. Адну ён нават нашаму Прэзідэнту падараваў! 
Як матылёўцы з царом заморскія віны пілі
Завіталі мы ў той дзень у госці і да Віктара Казіміравіча Саковіча. Мужчына аказаўся сапраўдным знаўцам гісторыі. Няхай крыху і расчараваўся, што мы не з “сур’ёзнай” рэспубліканскай прэсы, аднак падзяліўся цікавымі гістарычнымі фактамі пра Матылі, пачутыя ў свой час ад дзядулі Аляксандра Іванавіча Саковіча. Расказваў дзед, што аднойчы давялося яму з царом заморскія віны піць (так ён называў польскага дзяржаўнага дзеяча і лідара вызваленчага руху Юзэфа Пілсудскага). Пра той выпадак яшчэ доўга ўся вёска гаварыла. А як інакш?! Юзэф Пілсудскі прыехаў са сваімі людзьмі на аўтамабілях, а іх вяскоўцы ніколі ў вочы не бачылі. За сталом цікавіўся госць справамі матылёўцаў і пытаў, як жывуць усходнія крэсы. 
Аляксандра Іванавіча Саковіча ў вёсцы паважалі. Ён меў шмат кніг, добра чытаў на стараславянскай мове і мог лячыць людзей замовамі. 
Любоў да навукі перадалася і ўнуку. Віктар Казіміравіч не ўяўляе свайго жыцця без гістарычных кніг. Да таго ж ён – дбайны гаспадар, нават сваю аўтамайстэрню меў. Разам з жонкай Марыяй Антонаўнай дабудаваў дом і выхаваў траіх дзяцей. Есць у нашага суразмоўцы і яшчэ адно захапленне – пчолы. З мядком і кнігі па гісторыі чытаць весялей. 


Не хлебам адзіным 
Не абмінулі мы і мясцовую краму. Пакупнікі, праўда, папалохаліся нашага фотаапарата і разбегліся, хто куды. Адна прадавец Алена Леанідаўна Янковіч засталася. Гандлю яна прысвяціла 28 гадоў жыцця.
– Чаму ў вялікі горад не падалася? – задумалася жанчына. – Радавое гняздо да ладу даводзіла. 
Алена Леанідаўна жыве ў доме, які ёй дастаўся ад прабабулі. Цяпер не дворык у Янковічаў, а сапраўдная казка, дзе і гусі-лебедзі жывуць, і кветкі з пластыку цвітуць, і казачныя персанажы ажываюць. 


Пішыце пісьмы!
У пункт паштовай сувязі жыхары Матылёў спяшаюцца не толькі для таго, каб адправіць ліст, выпісаць любімае выданне ці заплаціць па рахунках. Тут можна набыць прадукты, насенне і многае іншае па дэмакратычных цэнах. Працуюць у ППС аператар Марыя Антонаўна Саковіч, паштальёны Ірына Аляксандраўна Глушань і Алена Сяргееўна Саўко. Марыя Антонаўна прызналася, што для іх важны кожны наведвальнік, кожны чытач. 


– “Дзянніцу” чытаюць каля 30 жыхароў Матылёў, – далучылася да размовы Ірына Аляксандраўна Глушань, паштальён з 24-гадовым стажам. Жанчына абслугоўвае не толькі Матылі, але і Ганэлькі, Зубрава і іншыя населеныя пункты Першамайскага сельсавета. У кожным доме паштальёна чакаюць з нецярпеннем, як сябра. Таму для кожнага ў Ірыны Аляксандраўны знаходзіцца добрае слова. Доўга размаўляць з намі ў паштальёна не было часу. Хвіліна – і яна пабегла па вуліцы з сумкай наперавес. 

Сціплая стараста 
Стараста вёскі Людміла Вікенцьеўна Павядайка доўга не хацела расказваць пра сябе. Яна аказалася вельмі сціплым і цікавым чалавекам. Людміла Вікенцьеўна – маці дваіх цудоўных дзяцей, тройчы бабуля і нават ужо прабабуля. Заўважыла, што Вікенцьеўну, пакуль мы хадзілі з хаты ў хату называлі Мілай, а значыць, мілая яна людзям. І не дзіўна. Восем гадоў працавала жанчына паштальёнам, яшчэ 40 – прысвяціла бібліятэчнай справе. Столькі ж жанчына з’яўляецца старастай Матылёў, таму ведае добра ўсіх і кожнага. Людміла Вікенцьеўна як сапраўдная актывістка кожны год збірае ўсіх на суботнік, займаецца добраўпарадкаваннем мясцовых могілак. Дзякуючы яе намаганням не засталася без працы адна з паштальёнаў. Адным словам, хвалюецца стараста, як і належыць, і за людзей, і за родную вёсачку.


Колькі людзей – столькі гісторый 
У той дзень не абмінулі мы і адну з самых старэйшых жыхарак вёскі – 88-гадовую Генээфу Пятроўну Саковіч. Жанчына ўсё жыццё плённа шчыравала ў калгасе. Да працы з маленства прывучана, можа таму і па сённяшні дзень кароўку трымае. 
На жаль, не аказалася дома Ванды Станіславаўны Рамашкевіч – медыка са стажам. Шмат добрых слоў выказалі сяльчане ў адрас былога дырэктара школы – Ганны Аляксандраўны Саковіч, нашага даўняга сябра і няштатнага аўтара Генрыха Антонавіча Гоя, былога загадчыка фермы Уладзіміра Вікенцьевіча Руля і іншых. 
Развітальнае 
Мы пераканаліся, што Матылі багатыя на добрых людзей. Дарэчы, гэта радзіма вядомага паэта Уладзіміра Руля, чые вершы часта друкуюцца на старонках нашага выдання. 
Шкада толькі, што маляўнічы куточак Шчучыншчыны не абмінуў лёс многіх беларускіх вёсачак… Апантаныя жаданнем стаць гараджанамі, пакідаюць бацькоўскія сядзібы дзеці. У старэйшага пакалення свая бяда – здароўе не тое, вось і вымушаны вешаць замок на дзверы ды да дзяцей у шумны горад перабірацца. Аднак той, хто застаўся ў Матылях, на лёс не наракае, працуе на роднай зямельцы, гаспадарку вядзе. І няхай засталося ў аграгарадку 62 жылыя дамы, але ў кожным – дбайны гаспадар шчыруе. 


Эх, з колькімі цікавымі і неардынарнымі людзьмі яшчэ не сустрэлася, колькі праўдзівых жыццёвых гісторый-споведзяў не выслухала… Прашу прабачэння, што не ва ўсе дамы зайшла, не пра ўсіх дастойных людзей напісала, не зазірнула на пагранпост “Матылі”. Мы будзем рады вярнуцца сюды зноў! 
Наперадзе – шмат новых вандровак, адкрыццяў і знаёмстваў з цудоўнымі вёсачкамі і вяскоўцамі. Заставайцеся з намі, паважаныя чытачы, каб не прапусціць усё самае цікавае! 
У народ хадзіла Ганна КАСПЕР.

Средняя: 3 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)