Дзіцячая імперыя права

Так называецца трэцяя змена, падчас якой у “Касмадроме” адпачываюць 144 дзіцяці

– У нашай імперыі дзейнічаюць пяць атрадаў-праваградаў, – расказвае старшы выхавацель лагера Алена Браніславаўна Будзіловіч. – У кожным праваградзе выбраны свой мэр, створаны творчыя групы. Кожны атрад ужо падрыхтаваў сваю газету з назвай і дэвізам.

Толькі некалькі дзён прайшло з дня адкрыцця 3-й змены лагера, а рабяты ужо паспелі прыняць удзел у самых розных цікавых мерапрыемствах. Вельмі спадабалася юным насельнікам імперыі канцэртная праграма “Важаты-шоу”, з задавальненнем яны прымалі ўдзел у малых алімпійскіх гульнях. Пабывалі школьнікі і на месцы спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Шкленск, дзе быў арганізаваны мітынг. Рабяты наведваюць гурткі прававога накірунку “Правазнайка”, эстэтычнага – “Культура зно­сін” і спартыўнага, гуляюць у футбол, валейбол, тэніс. 
– Паколькі змена ў нас прававая, амаль кожны дзень у лагеры праходзіць прававая гадзіна, – расказвае Алена Браніславаўна. – Тэматыку гэтых гадзін мы распрацоўвалі сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх.
Наперадзе рабят чакае шмат прыемных сюрпрызаў: экскурсія ў цэнтр МНС у Ліду, паездка у аквапарк і ў адзін з гродзенскіх музеяў, лазертак, форум-тэатр “Скажам наркотыкам: “Не!”, Дзень навукі “Інтэлект зараз у модзе” і многія іншыя. 

А яшчэ перад усімі жыхарамі імперыі стаіць сур’ёзная задача. Дзве мінулыя змены сталі пераможцамі ў абласным конкурсе на лепшае атраднае месца, для ўдзелу ў якім неабходна адправіць тры здымкі таго цудоўнага куточка, дзе праходзяць усе атрадныя мерапрыемствы. А 25 ліпеня анлайн, аддаць галасы за атраднае месца, якое найбольш спадабалася. Эстафету пе­ра­можцаў павінны пры­ня­ць і насельнікі пра­ва­вой імперыі.
Вельмі падабаецца адпачываць у лагеры Святлане Кажухоўскай, якая жыве ў Шчучыне, а вучыцца ў Галавічпольскім дз/с-СШ.  Як сцвярджае дзяўчынка, з задавальненнем удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, знайшла сабе тут многа сяброў. Згодна з ёю і Валянціна Снапко. Яна прыехала ў “Касмадром” другі раз. Дзяўчынка скончыла шосты клас СШ №2 г. Шчучына, любіць маляваць і займацца спортам. Юлія Арлоўская, вучаніца Першамайскай школы, таксама вырашыла адпачыць у “Касмадроме”. У вёсцы Жалабы, дзе жыве дзяўчынка, не так цікава летам бавіць час, як з равеснікамі ў лагеры. Школьніца з задавальненнем наведвае прававыя заняткі і гаворыць, што ўжо даведалася шмат цікавага. 
– А ў мяне тут таксама многа сяброў, увесь наш пакой, – ганарыцца Данііл Шапавалаў, які вучыцца ў Мажэйкаўскай школе. – Учора я ўдзельнічаў у спартыўным мерапрыемстве і мне вельмі спадабалася.
Іван Бівойна, які закончыў трэці курс факультэта фізічнай культуры ГрДУ ім. Я. Купалы, прыехаў у “Касмадром” на практыку і працуе важатым, трапіў у сваю стыхію. Як прызнаецца малады чалавек, з дзецьмі лёгка знаходзіць агульную мову і займаецца з задавальненнем. Ён мае намер застацца яшчэ і на чацвёртую змену. Іван – наш зямляк, вучыўся ў Орлеўскім дз/с-СШ.
У дзень нашага прыезду касмадромаўцы сустракалі шматлікіх гасцей. Для таго, каб нагадаць правілы бяспекі, навучыць дзяцей карыстацца вогнетушыцелем і сумесна з “БРСМ” правесці акцыю “Летні патруль” – расказаць аб правілах паводзін на вадзе, у лагер прыехаў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шчучынскага РАНС Д.Ю. Пракаповіч. Кожную сераду ў “Касмадром” прыязджаюць з кнігамі і часопісамі работнікі Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі: загадчыца Святлана Іванаўна Ушкевіч і бібліятэкар Ірына Мікалаеўна Лістратава. 


– Асаблівай папулярнасцю ў нашых юных чытачоў карыстаюцца часопіс “Каламбур”, “ужасцікі”, прыгодніцкія кнігі і фантастыка, а таксама іншая літаратура, – гаворыць Святлана Іванаўна. –  Звычайна за змену мы двойчы мяняем ім кнігі і часопісы, а трэці раз прыязджаем у лагер, каб сабраць выдадзеную літаратуру. 
Хто чытае, хто гуляе ў футбол, хто малюе – галоўнае, каб дзеці знайшлі сабе занятак па душы і выдатна адпачылі. І, па ўсім відаць, гэта ў іх атрымліваецца!
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!