Ключ ад крыніц інфармацыі ў руках бібліёграфа Людмілы Аляксей

Людміла Антонаўна Аляксей працуе бібліёграфам першай катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”. Напярэдадні Дня бібліятэк журналіст “Дзянніцы” накіравалася ў госці да бібліёграфа, каб даведацца пра спецыфіку гэтай незвычайнай прафесіі.

Мы сустрэліся з Людмілай Антонаўнай у публічным цэнтры прававой інфармацыі, які забяспечвае даступнасць матэрыялаў заканадаўча-прававога характару для насельніцтва. Спецыяліст пазнаёміла з цэнтрам. Ён уключае ў сябе інфармацыйны фонд, кнігі і перыядычныя выданні па праве, тэматычныя папкі па актуальных пытаннях сучаснага жыцця. Тут ёсць доступ да электроннай базы даных прававой інфармацыі “Эталон”, якой з задавальненнем карыстаюцца многія шчучынцы. Арганізоўваюцца ў бібліятэцы і бясплатныя кансультацыі юрыста. 
Заўважаю на паліцах папкі з інфармацыяй аб рабоце ўстаноў і арганізацый раёна, з даведачным матэрыялам іншай тэматыкі. Людміла Антонаўна тлумачыць, што бібліяграфія – вельмі спецыфічная галіна дзейнасці, якая забяспечвае падрыхтоўку, распаўсюджванне і выкарыстанне інфармацыі. 
Чым жа займаецца мая гераіня? Яе задача – складанне бібліяграфічных паказальнікаў, аналітычны роспіс дакументаў. Людміла Антонаўна не проста цікавіцца перыёдыкай, яна ўважліва чытае кожны нумар газеты, часопіса, класіфікуе навіны і ўносіць іх у электронную базу дадзеных “AlisWEB”. Але сістэматызацыя інфармацыі – гэта толькі невялікая частка працы бібліёграфа. У абавязкі спецыяліста ўваходзіць даследаванне чытацкага попыту, інфармаванне бібліятэкараў аб новай літаратуры, індывідуальных абанентаў – па іх запытах, афармленне кніжных выстаў, правядзенне выязных Дзён інфармацыі на прадпрыемствах і ва ўстановах горада. Да таго ж яна дапамагае чытачам у падборы літаратуры па той ці іншай тэме, пошуку інфармацыі па прававой базе і г.д. А яшчэ бібліёграф займаецца краязнаўствам і… выдавецкай дзейнасцю! У бібліятэцы выдзелены асобны раздзел, у якім сабраны матэрыялы па гісторыі і сучаснасці Шчучыншчыны. Людміла Антонаўна таксама выдае брашуры пра “біяграфію” разнастайных населеных пунктаў Шчучыншчыны. Збірае мая суразмоўца і інфармацыю пра прыроду роднага краю, помнікі архітэктуры, знакамітых людзей. З такім вялікім аб’ёмам работы спецыяліст спраўляецца на выдатна.
– Галоўнае ў нашай рабоце – давесці інфармацыю да людзей, чым мы і займаемся, выкарыстоўваючы розныя формы і метады, – гаворыць Людміла Антонаўна. – Для гэтага ў нашай бібліятэцы ёсць добрая матэрыяльная і прававая базы, багаты кніжны фонд. 
Л.А. Аляксей вопыту не займаць: бібліятэкарам-бібліёграфам яна працуе 30 гадоў! Як здарылася так, што Людмілу Антонаўну захапіў свет кніг? 
Аказалася, што прафесію яна выбрала выпадкова, аднак ужо падчас вучобы зразумела, што гэта і ёсць яе прызванне. 
З замілаваннем успамінае Людміла Антонаўна гады вучобы ў Мінскім інстытуце культуры. Тады для простай дзяўчыны з Васілішак было за шчасце трапіць у Нацыянальную бібліятэку, якую студэнты між сабой называлі “Ленінкай”. Людміла гадзінамі прападала ў чытальнай зале – цікавілася дзіцячай літаратурай, якая была яе спецыяльнасцю. Колькі кніг перачытала – ужо і не прыгадаць, але, прызнаецца, усе тыя казкі ўспомніліся пазней, калі на свет з’явіліся любімыя сыночкі, а цяпер і ўнукі. 
Па першы вопыт маладога спецыяліста з дыпломам накіравалі ў Іўеўскую бібліятэку, дзе яна працавала бібліятэкарам. Пасля Людміла вярнулася на Шчучыншчыну і загадвала Жалудоцкай дзіцячай бібліятэкай. У хуткім часе яна пераехала ў райцэнтр і стала бібліёграфам. 
Ніколі не вабілі Людмілу Антонаўну агні вялікага горада. Кажа, там занадта шумна і шматлюдна, а ў Шчучыне душа адпачывае. Можа таму і на працу Людміла Антонаўна заўсёды спяшаецца з задавальненнем.
Нягледзячы на тое, што мы ўсё больш завісаем у інтэрнэт-прасторы, кніга была і застаецца добрай і праверанай крыніцай інфармацыі. Бібліятэка ніколі не пустуе. Наша гераіня пераканана, што навамодныя сучасныя гаджэты ніколі не змогуць замяніць кнігу з яе шурпатымі старонкамі і спецыфічным пахам друкарскай фарбы. А яшчэ ў тым, што “па-старынцы” працаваць ужо немагчыма. Сучасны бібліятэкар – гэта чалавек з вялізным творчым патэнцыялам і жаданнем працаваць. Ён павінен быць прафесіяналам, дасканала валодаць камп’ютарам, шукаць новыя формы работы. Людміла Антонаўна Аляксей – менавіта такі спецыяліст. Яе добрасумленная праца на бібліятэчнай ніве адзначана падзякай Шчучынскага райвыканкама. 
Ганна КАСПЕР.

Чытайце таксама: Вялікі майстар беларускага слова
                                 Новый формат современной библиотеки. (Дополнено).
                                 “Сердцем “городка” был Дом офицеров, а города – первая школа”.

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)