Вялікі майстар беларускага слова

Літаратурна-музычнае падарожжа пад такой назвай прайшло на базе Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі

Сёлета мы адзначаем 135-гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, паэта, драматурга і публіцыста Янкі Купалы. Супрацоўнікі бібліятэкі разам з юнымі шчучынцамі “прайшліся” жыццёвымі сцежкамі песняра, ацанілі фотагалерэю, успомнілі выдатныя радкі бессмяротных твораў аўтара, зазірнулі у таямніцы беларускай душы. З роллю вядучай мерапрыемства цудоўна справілася Вольга Курса.

Нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч у маляўнічай беларускай вёсачцы Вязынка, што пад Мінскам. Ацаніць яе хараство юныя гледачы змаглі дзякуючы відэароліку. Такое віртуальнае падарожжа па родных мясцінах паэта ўсім прыйшлося даспадобы.

Шмат цікавага даведаліся госці пра Купалу. Класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідар беларускага нацыянальнага адраджэння – гэта ўсё Янка Купала. Многія рабяты не ведалі, што нарадзіўся наш зямляк амаль на свята Івана Купалы. Пісьменніка так уразіла народная легенда пра Купалле, што ён вырашыў узяць сабе аднайменны псеўданім. Даведаліся падчас сустрэчы рабяты і пра моцнае сяброўства Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 Бліжэй з творчасцю паэта прысутных пазнаёміла госць свята – Ніна Лявонцьеўна Сыч. Чулі б вы, як натхнёна чытала яна вершы “Мужык”, “А хто там iдзе?”,  “Спадчына” , урывак са знакамітай п’есы “Паўлінка”  і іншыя творы нашага таленавітага земляка. Хораша дэкламавалі вершы Янкі Купалы і юныя шчучынцы.

На свята ў Шчучын завітаў і госць з Гродна – ветэран Узброеных Сіл, падпалкоўнік інжынерных войскаў, аўтар 20 зборнікаў вершаў Уладзімір Іванавіч Пятроў. Ён не толькі пачытаў свае творы, але і падараваў некалькі зборнікаў бібліятэцы. Цудоўны верш прысвяціў У.І. Пятроў Янку Купалу.

Яркіх фарбаў сустрэчы дабавілі песні пад гітару, якія цудоўна выканалі Яна Маркевіч, Улад і Валянцін Касцевічы.

Аматары паэтычнага слова яшчэ доўга не разыходзіліся, разглядалі кніжную выставу, прысвечаную творчасці Янкі Купалы і чыталі яго вершы.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)