Калі табе настаўнік імя. Ветэран педагагічнай працы А.І. Арлукевіч расказала пра свой шлях у прафесію і жыццёвы шлях

 

Нядаўна пашчасціла пазнаёміцца з Алінай Іосіфаўнай Арлукевіч – ветэранам педагагічнай працы, у мінулым дырэктарам Красулёўскай школы. Па просьбе журналіста яна з асаблівым душэўным хваляваннем зрабіла экскурс у мінулае. Прызналася пры размове, што лёс яе не песціў, але зламацца і спасаваць перад складанымі жыццёвымі абставінамі не дазваляў. Сёлета гэта жанчына адзначыла сваё 80-годдзе.

 

Аліна Іосіфаўна жыве ў вёсачцы з прыгожай назвай Красулі. З вокнаў яе кватэры ў “школьным доме” бачны будынак тае самае васьмігодкі, працай у якой яна ганарыцца. Тут ужо не чуваць дзіцячых галасоў: вясковая школка зачыніла свае дзверы ў 2005-ым – пасля таго, як у акрузе моцна зменшылася колькасць тых, дзеля каго яе некалі ўзводзілі.

 

– Новую тыпавую школу ў Красулях, разлічаную прыкладна на сотню вучняў, пабудавалі ў 1975 годзе, – прыгадвае Аліна Іосіфаўна. – Гэта была адметная падзея для вёскі і яе жыхароў. Узначаліў педкалектыў Аляксандр Пятровіч Васько. Я прыйшла сюды працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Вопыт на той момант ужо мела – атрымала яго ў Кемянскай і Багданаўскай школах. Крыху пазней стала завучам, а калі ў хуткім часе нашага дырэктара перавялі ў Шчучын, мяне прызначылі на яго месца. Так і пачалося маё дырэктарства, якое працягвалася 13 гадоў.

 

Тады Аліна Іосіфаўна з уласцівай ёй адказнасцю ўзялася за справу. На працу не ішла – бегла, натхнёная магчымасцю працаваць у новай школе і ў цудоўным калектыве. Расказвае, што двухпавярховы будынак васьмігодкі красаваўся на ўсе Красулі. Тут займаліся каля 80 вучняў з навакольных вёсак. Акрамя класных пакояў, меліся спартзала, майстэрня, бібліятэка, кацельня. Трэба было не проста абжываць новыя сцены, а ствараць максімальны камфорт для вучняў і настаўнікаў. Наводзіць прыгажосць дапамагаў муж Уладзіслаў Грацыянавіч, які вёў фізкультуру і меў здольнасці да афарміцельскай работы. Усе гэтыя клопаты прыносілі радасць. І гонар, бо Красулёўскую васьмігодку часта наведвалі калегі-семінарысты і пакідалі свае пахвальныя водгукі. Ды і на раённых нарадах сельскую ўстанову адукацыі і яе кіраўніка заўжды ставілі ў прыклад – і за арганізацыю вучэбнага працэсу, і за належныя ўмовы для навучання.

 

 

– Я чалавек эмацыянальны і ўражлівы, вельмі хвалявалася за работу, дакладна выконвала ўсе распараджэнні начальства. Мо таму і не мела ніводнай вымовы, – дзеліцца субяседніца. – Разам з тым старалася, каб маіх калег начальства ў раёне ўвагай не абыходзіла.

 

Але ж адказнасць, акуратнасць і стараннасць – зусім не заганныя рысы, кажу Аліне Іосіфаўне. Яна пагаджаецца і дадае, што ў часы яе дырэктарства такія якасці былі ўласцівы і тым, хто вучыў, і тым, хто вучыўся. “Добрыя педагогі былі ў калектыве і вучні добрыя, – з гонарам заўважае жанчына. – Многія ж з мясцовых – з Багданаўцаў, Тумашаўцаў... І маладых спецыялістаў да нас прысылалі. Усе ладзілі між сабой і нават сябравалі. Да гэтага часу я падтрымліваю цесныя стасункі са сваімі каляжанкамі – ветэранамі працы Марыяй Антонаўнай Васількевіч, Нінай Вікенцьеўнай Будрэвіч, Фаінай Аляксандраўнай Вішнеўскай, Валянцінай Канстанцінаўнай Танкевіч. Мы жывём дружна!”

 

 

Аліна Іосіфаўна з цеплынёй гаворыць і пра сваіх былых вучняў: “Я вельмі любіла дзяцей. Яны такія маленькія, прыгожанькія. Сядуць за парту, ручкі складуць роўненька, вачэй з цябе не зводзяць… Я іх вучыла, і сама вучылася”. Мяне гэта прызнанне ў любві да вучняў не здзіўляе, бо ўжо ведаю ад субяседніцы, што яна з дзяцінства марыла атрымаць добрую адукацыю і прафесію настаўніка, але тая здавалася ёй, вясковай дзяўчынцы з Тумашаўцаў, вельмі ўжо недасягальнай і нават святой. Таму, скончыўшы 10 класаў, Аліна не адразу асмелілася паступаць у ВНУ, спачатку пайшла вучыцца ў Гродзенскую гандлёвую школу. “Не падабалася мне там, – прызнаецца. – Мы хадзілі па вуліцах горада з вялікімі лічыльнікамі ў руках, а прахожыя з нас кпілі”. Аднак вучобу тады ўсё ж не кінула і нават крыху папрацавала ў магазіне. І тут у далейшы лёс 19-гадовай Аліны ўмяшалася… замужжа, а хутка і цяжарнасць. Успаміны пра нараджэнне дзяўчынак-блізнюкоў з адценнем смутку, даюцца цяжка: дзеткі пражылі зусім мала, а іх мама ледзь не згарэла ад высокай тэмпературы...

 

Варта сказаць пра мужа Аліны Іосіфаўны Уладзіслава Грацыянавіча. Ён таксама быў мясцовы – родам з Навасёлак, старэйшы па ўзросце і чалавек адукаваны: тры гады адвучыўся ў партыйнай школе ў Магілёве. Дарэчы, на стацыянары. А маладая жонка ўвесь гэты час чакала яго дома ў вёсцы і працавала мамай – у сям’і ўжо падрасталі дзве дачушкі… Тады ж і сама Аліна паступіла ў Гродзенскі педінстытут на завочнае аддзяленне. Матулі-студэнтцы прыйшлося адрывацца ад свайго “маленства” і на ўступныя экзамены, і на першую сесію. Дзяцей пакідала на сваю маму. Дарэчы, праз два гады ў сям’і Арлукевічаў з’явілася папаўненне – трэцяя дачка.

 

Так і раслі на радасць бацькам тры сястры – Галя, Света і Лена. А іх мама-настаўніца паспявала і дачок клопатам атуліць, і па хатняй гаспадарцы ўправіцца, і ў школу бегчы да сваіх вучняў. Дочкі сталі дастойнымі людзьмі, яны гонар Аліны Іосіфаўны. Старэйшая Галіна скончыла Маскоўскі інстытут геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі, па прафесіі інжынер-канструктар. Сярэдняя Святлана – Ленінградскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт раслінных палімераў, яна эканаміст-менеджар. А малодшая Алена мае дыплом Маскоўскага інстытута псіхалогіі і сацыяльнай работы. Дзве дачкі жывуць у Расіі, адна ў Беларусі. “Дома ўстаю і кладуся з малітвай, наведваю касцёл – малюся, каб у іх было ўсё добра”, – дзеліцца Аліна Іосіфаўна. І пасля шчырага аповеду пра выпрабаванні, якія некалі давялося перажыць, упэўнена заяўляе: – Ёсць Бог са мной”.

 

Але не будзем варушыць балючае мінулае. Лепш раскажам пра тое, як сёння жыве ветэран педагагічнай працы. Дык вось, летам Аліна Іосіфаўна актыўнічала на агародзе, дзе, па яе словах, “усё ўрадзіла”, штодзень клапоціцца пра свайго Генадзія Адамавіча, з якім ужо 10 год разам, любіць прайсціся па ваколіцах, цікавіцца навінамі ў краіне і свеце, чакае ў госці дзяцей і ўнукаў… “Я наставіла для іх закатак і нават яблыкі сушу”, – смяецца прыязная інтэлігентная жанчына на завяршэнне размовы.

 

Дзякуй за шчырасць, Аліна Іосіфаўна! Дабра ў ваш дом!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!