Ля фантана – “ЭтнаБум”!

 

Калі летась падчас традыцыйных летніх сустрэч “Ля фантана” ладзіўся творчы праект “Спяваючыя гарады” і ў госці да нас кожную нядзелю прыязджалі з канцэртамі самадзейныя артысты з Мастоў, Ваўкавыска, Ліды, Зэльвы, Свіслачы, то сёлета работнікі культуры вырашылі бліжэй пазнаёміць жыхароў райцэнтра з самабытнымі талентамі самой Шчучыншчыны.

 

Адкрылі сезон энтузіясты сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а затым перад гараджанамі штотыдзень выступалі з арыгінальнымі забаўляльнымі праграмамі творчыя калектывы з аграгарадкоў Васілішкі, Першамайск, Новы Двор.

 

Цікавосткай кожнай такой сустрэчы сталі майстар-класы па старадаўніх побытавых танцах, што ладзяцца ў рамках абласнога творчага праекта “ЭтнаБум”. Кожную нядзелю ля фантана ўсе жадаючыя вучацца танчыць “Нарэчаньку”, “Лысага”, “Падэспань”, “Кракавяк”, пэўна, дойдзе чарга і да брэндавага танца рэгіёна – “Дэмбраўскай кадрылі”.

 

– Пляцоўка ля фантана заўжды збірае мноства добразычлівых і надзвычай актыўных гледачоў, – дзеліцца вядучы метадыст РЦКіНТ Настасся Тарас. – Прыемна, што ўсе ахвотна падхапілі крэатыўную ідэю па адраджэнні культурных традыцый. Наперадзе яшчэ багата цікавых сустрэч. Так што зноў у 18 гадзін у нядзелю чакаем у скверы шчучынцаў і гасцей нашага горада. Прыходзьце самі і прыводзьце сяброў! Як вядома, добрая песня ды прыгожы танец найлепшым чынам аб’ядноўваюць людзей і робяць адпачынак незабыўным.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!