Імкнуцца да сваіх каранёў

Не ведаю чаму, але мне здаецца, што святочны калядны дух у горадзе не адчуваецца так па-асабліваму, як у вёсцы. Магчыма, такое маё меркаванне звязана з дзіцячымі ўспамінамі, калі мы ўсёй сям’ёй напярэдадні гэтага цудоўнага свята ехалі да бабулі ў вёску на куццю, гатавалі посныя стравы, устанаўлівалі прыгажуню ялінку і з асалодай удыхалі гэты ні з чым не параўнальны пах лесу… А самае галоўнае, нейкім асаблівым чынам адчувалі ўсю таямнічасць і важнасць перадсвяточнага вечара і Калядаў. З заміраннем сэрца чакалі, калі на зямлю апусціцца ноч, а на небе запаліцца першая зорачка…

Я ўспамінала ўсё гэта па дарозе ў вёсачку Ашмянцы Жалудоцкага сельсавета, дзе мелася сустрэцца з мясцовымі жыхарамі, распытаць, як яны святкуюць Каляды. А мае гіды – старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі і загадчыца Ашмянцоўскага сельскага клуба Наталля Іосіфаўна Стасевіч – расказвалі пра людзей, якія тут жывуць, пра святы, што ладзяцца, пра традыцыі…


Наталля Іосіфаўна ў сферы культуры працуе каля трох дзесяцігоддзяў, а клубам загадвае трэці год. І пастаянна стараецца арганізоўваць розныя культурныя мерапрыемствы. Яе першыя памочнікі – мясцовыя дзеці. Яны і клуб гатовы да свята ўпрыгожыць, і ялінку прыбраць, і Калядкі арганізаваць, і касцюмы змайстраваць… 
– Сёння ў Ашмянцах жывуць каля 150 чалавек, – расказвае Наталля Іосіфаўна. – І трэба сказаць, што практычна ўсе вяскоўцы – людзі адказныя, працавітыя і актыўныя. І да Калядаў рыхтуюцца загадзя. У сваёй сям’і мы таксама з нецярпеннем чакаем гэта свята. Абавязкова дамоў прыязджаюць дочкі. Упрыгожваем ялінку, гатуем посныя і святочныя стравы…
…Каля магазіна, а звычайна менавіта тут збіраюцца вяскоўцы, было мнагалюдна. Якраз даставілі пошту, а хтосьці прыйшоў у мясцовую гандлёвую краму па пакупкі. Прадавец Тамара Віктараўна Пабержына ўжо паклапацілася аб тым, каб і на яе працоўным месцы панаваў святочны настрой: развесіла агеньчыкі, прыбрала сасновыя галінкі, заказала патрэбны для пакупніка тавар. 


– Напярэдадні свята людзі найбольш набываюць селядзец, кільку, галушкі, – гаворыць прадавец. – Таму стараюся, каб гэтыя прадукты абавязкова былі ў продажы. Карыстаюцца попытам у нашых вяскоўцаў і фарш, і паўфабрыкаты, і іншыя тавары.
Тут жа ля магазіна мы сустрэлі аднаго са старэйшых і паважаных жыхароў Ашмянцоў Франца Уладзіміравіча Дзікевіча. Вось ужо пяць год ён жыве адзін: дачка з сям’ёй – у Гродне, а сын – у Зенюках. Па магчымасці дзеці наведваюцца да бацькі.
– Калі я быў малым, Каляды мы святкавалі як маглі на той час, – гаворыць Франц Уладзіміравіч. – Нашай маме прыйшлося адной паднімаць пецярых дзяцей, таму жыццё было даволі цяжкае. Сапраўднае свята адчуў, калі пайшоў вучыцца ў школу. Там ўпрыгожвалі ёлку, праводзілі навагоднія ранішнікі. А цяпер, калі здароўе дазваляе, у нядзелю хаджу ў касцёл на службу. 
Многа жыццёвых гісторый пачулі мы ў той дзень: і сумных, і радасных… У асноўным вяскоўцы прытрымліваюцца даўно ўстаноўленых традыцый святкавання Калядаў. Але ўсё ж у кожнага ёсць штосьці сваё…
Амаль 60 год разам
пражылі Ядвіга Антонаўна Чарвяк са сваім мужам Іванам Аляксандравічам. У студзені надыходзячага года Іван Аляксандравіч адзначыць 86-годдзе, а ў лютым 80–гадовы юбілей будзе святкаваць гаспадыня дома. 


– У жыцці ўсяго хапіла, – успамінае Ядвіга Антонаўна. – Але як бы там ні было, хату самі пабудавалі і траіх дзяцей вырасцілі. Помню, яшчэ зусім маладою была, усе грошы на будаўніцтва ішлі, а да нас у вёску цыганка прынесла прадаваць розныя рэчы. Мне так спадабалася газавая хустка, і я купіла яе за два рублі. Муж вяртаецца дамоў, я яму і расказваю пра сваю пакупку, а ён кажа: “ Мне дошкі з піларамы забіраць трэба, з людзьмі разлічвацца, а ты хустку купіла…” Я ўжо хацела бегчы шукаць тую цыганку, але ён мяне спыніў, пашкадаваў, напэўна, і кажа: “Пакідай, як-небудзь выкруцімся…”
Два сыны і дачка жывуць у Гродне і ўжо маюць сваіх дарослых дзяцей. 
– На гэты раз хутчэй за ўсё будзем святкаваць Каляды ўдваіх з дзедам, – мяркуе Ядвіга Антонаўна. – У дзяцей ужо не толькі свае дзеці, але і ўнукі і прыехаць да нас не заўсёды атрымліваецца. А я на куццю абавязкова звару кісель, квас, куплю галушак або абаранак, прыгатую штосьці смачненькае. Раней пякла сама і булкі, і тарты, і галушкі. А цяпер стала дрэнна бачыць і многае ўжо не па сілах. 
Дзяцінства ў Ядвігі Антонаўны было няпростым, у сям’і раслі трое дзяцей, самаму малодшаму яе браціку споўнілася толькі шэсць месяцаў, калі яны засталіся без бацькі.
– Некалі, пасля вайны, я ўставала ў чатыры гадзіны раніцы і ішла разам з дарослымі па хлеб у Жалудок, – успамінае Ядвіга Антонаўна. – Прывязуць адну скрыню, бывала, нават усім не хапала, так і вярталася ні з чым… А працаваць у мясцовую гаспадарку пайшла, калі толькі дзесяць гадочкаў споўнілася. Да гэтага вучылася ў школе. Тры класы скончыла на выдатна. Мама на бацькоўскіх сходах заўсёды ў прэзідыуме была. Падраслі браты, і яна не змагла вучыць нас траіх. Так і прыйшлося мне развітацца са школай. Працавала многа і цяжка. Жаць умела з маленства. Бывала, у калгасе маме дзялку выдзяляюць, і мне такую ж. 


– Ведаеце, яна ж у нас пявуння першая на ўсе Ашмянцы была, – дадае Наталля Іосіфаўна. – А як Антонаўна спяваць перастала, так і ўся суполка нашых сталых пявунняў разладзілася. 
Як прызналіся гаспадары дома, калядных свят заўсёды чакаюць з асаблівым пачуццём, таму што яны прыносяць многа радасці, цяпла і святла ў душы і сэрцы людзей. 
Толькі ўсе разам
збіраюцца на кожныя Каляды ў доме Ванды Іванаўны і Яна Янавіча Дзікевічаў трое дзяцей і шасцёра ўнукаў са сваімі сем’ямі. А самая вялікая радасць – гэта маленькія члены дружнай сям’і – шасцёра праўнукаў, якіх у хуткім часе, як па сакрэце паведаміла Ванда Іванаўна, будзе ўжо сем. 
– Гэта наша даўняя сямейная традыцыя, – ганарыцца гаспадыня дома. – І мы з мужам заўсёды з нецярпеннем чакаем гэтых сваіх самых дарагіх гасцей. 


Ванда Іванаўна і Ян Янавіч – карэнныя жыхары Ашмянцоў. У гэтых мясцінах жылі і іх бацькі. Дзеці, сярод якіх дзве сястрычкі-двайняшкі, выраслі і раз’ехаліся. Праўда, недалёка. І на самыя вялікія святы – Каляды, Вялікдзень і дні нараджэння бацькоў – спяшаюцца ў прасторны родны дом. А ў мінулым годзе адзначылі і залатое вяселле таты і матулі.
– Сёлета зноў чакаем усіх на Каляды, – гаворыць Ванда Іванаўна. – На куццю стол будзем рыхтаваць посны. Прыгатую квас, катлеты рыбныя, галубцы грыбныя, галушкі, кісель белы і чырвоны, вушкі з макам і грыбамі, запечаную ў духоўцы рыбу, селядзец і іншыя стравы. Перад тым, як сядаць за стол, абавязкова памолімся, а затым падзелімся аплаткам. Пасля вячэры звычайна едзем у касцёл у Жалудок. А на Каляды гатуем мясныя стравы і, канечне ж, пяку пірагі, тарты, грыбкі, арэхі.
Каляды – гэта сапраўды вялікае сямейнае свята, і вельмі важна, калі дзеці заўсёды помняць пра сваіх бацькоў…
У чаканні свята
Яшчэ адна сям’я карэнных жыхароў Ашмянцоў – Анатолій Іванавіч і Сафія Міхайлаўна Дзікевічы. На долю гэтых ветлівых прыемных людзей таксама выпалі няпростыя выпрабаванні: некалькі год таму згарэў іх дом, і яны перабраліся жыць у бацькоўскі. Цяпер трымаюць вялікую гаспадарку, добраўпарадкоўваюць сваю сядзібу і заўсёды чакаюць у госці сваіх дзяцей і ўнукаў. Сафія Міхайлаўна – гаспадыня адмысловая. І гэта не дзіўна, таму што 34 гады яна адпрацавала ў школе поварам. А Анатолій Іванавіч апошнія дваццаць год працаваў у мясцовай гаспадарцы і збіраў малако ад насельніцтва. 


– Гэтыя зімовыя святы заўсёды чакаем з нецярпеннем, – гаворыць Сафія Міхайлаўна. – Радуемся, калі дзецям з сем’ямі ўдаецца прыехаць да нас. Дачка жыве ў Лідзе, сын – у Шчучыне. Але часам яны адзначаюць святы на радзіме сваіх мужа і жонкі. У нашай сям’і захаваліся свае традыцыі, якія перайшлі нам ад бацькоў. Напрыклад, мак мы не перакручваем у мясарубцы, а расціраем у гліняным посудзе. Тады выдзяляецца многа малачка. Такім расцёртым макам мы паліваем кашу груцу (распараныя ячныя крупы). Сярод страў, якія рыхтуем на посны стол, – вушкі з макам, з грыбамі, а яшчэ з селядцом. Селядзец рэжацца кавалачкамі, а цыбуля і морква абсмажваюцца на алеі. А на Каляды – толькі сваё, хатняе. Адварваем кавалачкі мяска, рэжам хатнюю каўбаску, паляндвічку, гатуем адбіўныя, розныя салаты. Што можа быць важней, чым калі ў доме збіраецца ўся сям’я?!
На жаль, не давялося ў той дзень сустрэцца з маладымі сем’ямі, каб даведацца, як яны адзначаюць святы. Ды гэта і зразумела – усе на рабоце. Але як заверыў Генадзій Іванавіч Цывінскі, моладзь ніколькі не ўступае старэйшаму пакаленню. Таму бацькоўскія традыцыі ў Ашмянцах абавязкова захаваюцца!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.