Мама пяцярых дзетак Таццяна Грэцкая ўзнагароджана ордэнам Маці

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 6 верасня падпісаў Указ №361 аб узнагароджанні мнагадзетных матуль нашай краіны ордэнам Маці. Ёсць сярод гэтых жанчын і дзве нашы зямлячкі – жыхарка в. Сарокі Орлеўскага сельсавета Таццяна Канстанцінаўна Васюк і шчучынка Таццяна Аляксандраўна Грэцкая. Пра матуліна шчасце Таццяны Канстанцінаўны, якая разам з мужам Андрэем Станіслававічам выхоўваюць шасцярых дзетак, мы расказвалі ў маі на старонках нашай газеты. А сёння наш аповед – пра маму пяцярых дзетак Таццяну Аляксандраўну Грэцкую. 
Мая першая сустрэча з Таццянай Аляксандраўнай адбылася некалькі год таму ў дзіцячым садку аг. Тур’я, дзе яна працавала загадчыцай. Тады ў яе было чацвёра дзяцей. Не так даўно ў іх сям’і нарадзіўся пяты малыш – Елісейка. Цяпер яна знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці, аднак праз месяц-другі плануе выходзіць на работу. 


Прыемная, жыццярадасная, актыўная мая суразмоўца выдатна выглядае і ўсюды паспявае: і па доме ўсё зрабіць, і храм наведаць, і ў нядзельнай школе з дзеткамі пазаймацца. 
– Цяпер мне ўжо крыху лягчэй, – расказвае мнагадзетная матуля. – Дзеці падраслі, а старэйшыя дзяўчынкі дапамагаюць даглядаць нашага самага маленькага члена сям’і – Елісейку. 
Таццяна Аляксандраўна заўсёды марыла пра мнагадзетную сям’ю. Раздзяляў яе імкненне і муж – айцец Аляксандр Грэцкі. Толькі пажаніўшыся, яны рашылі, што ў іх будзе пяць дзетак. Вось і збылася мара гэтых клапатлівых любячых бацькоў.


Таццяна Аляксандраўна разам з мужам прыехала на Шчучыншчыну больш за дзесяць год таму. 
– Я нарадзілася і расла ў праваслаўнай сям’і ў невялічкай вёсачцы Зяновічы, што на Брэстчыне, – расказвае Таццяна Аляксандраўна. – Мама пастаянна вадзіла мяне ў храм, і з 13 год я ўжо спявала на клірасе і кіравала хорам. Увесь час марыла стаць медыкам, але з першага разу ў медвучылішча не паступіла. Як цяпер помню: паехала паступаць пасля дзясятага класа ў Брэст, не атрымалася і я накіравалася ў Жыровічы. А там якраз адчынялася рэгенцкае вучылішча. І мне прапанавалі атрымаць спецыяльнасць рэгента, каб прафесійна спяваць і кіраваць хорам. Ужо ў Жыровічах я заканчвала адзінаццаты клас: самастойна здымала кватэру, да абеду вучылася ў школе, а ў другой палове дня ішла на заняткі ў вучылішча. Дарэчы, у нашай групе было толькі тры дзяўчынкі і аж 18 хлопцаў. 


Пасля заканчэння вучылішча Таццяна Аляксандраўна па размеркаванні трапіла ў вёску Хершоны, дзе яна кіравала двума царкоўнымі хорамі – дарослым і маладзёжным, і выкладала ў нядзельнай школе. І ўсё ж ёй вельмі хацелася ажыццявіць сваю мару і паступіць у медвучылішча. Так і здарылася. Да таго ж, паралельна яна завочна атрымлівала спецыяльнасці ў Маскоўскім праваслаўным Свята-Ціханаўскім гуманітарным інстытуце, які крыху пазней стаў універсітэтам. Вынікам вучобы сталі тры дыпломы – медыцынскі, багаслоўскі і педагагічны. 
Сваю другую палавінку – будучага мужа – яна сустрэла ў Жыровічах. Напэўна, інакш і быць не магло…
– Ён прыехаў паступаць у семінарыю, – успамінае Таццяна Аляксандраўна. – Я яму спадабалася, як толькі мяне ўбачыў – менавіта так ён заўсёды гаворыць. Для мяне ён стаў вялікім сябрам: ва ўсім падтрымліваў, дапамагаў, заўсёды быў першым дарадцам. І праз нейкі час мы пажаніліся. 
Спачатку сям’я Грэцкіх жыла ў Жыровічах, потым яны перабраліся на малую радзіму мужа – у Міоры Віцебскай вобласці – і жылі разам з яго бацькамі. Там айцец Аляксандр служыў дзякам у храме.
– У матэрыяльным плане нам было вельмі цяжка, і нашы сябры прапанавалі нам перабрацца на Гродзеншчыну, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Мы так і паступілі. Муж быў накіраваны ў Шчучынскае благачынне – у Турэйскі і Ракавіцкі прыходы. Пасяліліся мы ў Сароках. 
Толькі доўга жыць там Грэцкім не давялося. На той час у іх было ўжо чацвёра дзетак, і айцец Аляксандр і Таццяна Аляксандраўна вырашаюць скарыстацца дапамагой дзяржавы: як мнагадзетная сям’я яны атрымліваюць субсідыю на пакупку жылля і перабіраюцца ў Шчучын. 
Цяпер у айца Аляксандра толькі адзін прыход – Турэйскі. Ён праводзіць там амаль увесь час. Таццяна Аляксандраўна займаецца дзецьмі, спявае на клірасе ў Богаяўленскім храме ў Шчучыне і выкладае ў нядзельнай школе. 
Таццяна Аляксандраўна, як яна сама гаворыць, матуля строгая і патрабавальная, але яна бязмежна любіць сваіх дзетак, стараецца разгледзець таленты і схільнасці кожнага, вырасціць іх сапраўднымі хрысціянамі і дастойнымі людзьмі. 
– Наша самая старэйшая Серафіма вучыцца ў адзінаццатым класе СШ №2 г. Шчучына, – расказвае пра сваю дачушку Таццяна Аляксандраўна. – Ведаеце, я заўважыла, што мае дзеці, напэўна, фарміравалі свой характар яшчэ падчас маёй цяжарнасці. Калі чакала Серафіму, я вучылася ў медвучылішчы, была актывісткай, старастам групы. Вось такая і мая Серафіма – ёй усё цікава, яна жыццярадасная і пастаянна імкнецца пазнаваць свет. Яна гуманітарый і вельмі любіць чытаць. Літары мы з ёю вучылі з двух годзікаў, а ў тры яна ўжо свабодна чытала. Куды б ні ішла – заўсёды з кнігай у руках. У яе вельмі шмат захапленняў – яна займаецца ў ваенна-патрыятычным клубе “Дружына”, у тэатральным гуртку ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі, з захапленнем вучылася шыць, ёй падабаецца археалогія. Пакуль марыць атрымаць спецыяльнасць лагапеда. А як складзецца яе жыццёвы шлях – пакажа толькі час. 
Больш спакойная і ўраўнаважаная васьмікласніца Анастасія. Яна – асоба творчая, вельмі любіць маляваць і займацца музыкай – наведвае гурток у Палацы творчасці дзяцей і моладзі і вучыцца іграць на піяніна. У яе выдатна атрымліваецца маляваць мультфільмы: спачатку піша сцэнарый, а затым ілюструе яго сваімі малюнкамі. Калі Серафіма заўсёды з кнігай, то Насця абавязкова з алоўкам. А яшчэ яна любіць гатаваць. Яе піцу заўсёды чакаюць усе без выключэння і паядаюць з вялікім апетытам!
Двайняты Мікіта і Кірыл вучацца ў пятым класе. Сёлета бацькі перавялі іх у першую гарадскую школу, каб яны маглі больш займацца спортам, таму што ў школы – спартыўны ўхіл. 
– Яны ў нас розныя, – гаворыць мнагадзетная мама. – Мікіта любіць гуляць у футбол і іншыя спартыўныя гульні, а Кірыл – гатовы канструяваць дзень і ноч. Разабраўшы мой стары фен, разам з татам яны змайстравалі верталёт. Увогуле, ведаеце, двайняты – гэта асаблівы свет, і выхоўваць іх вельмі складана. Паміж імі існуе моцная сувязь, і адзін без аднаго яны вельмі сумуюць. 
Свайго агульнага маленькага любімца, як называюць яго ўсе дамашнія, каралевіча Елісея, яны песцяць і выхоўваюць усе разам. Малыш добра адчувае гэты агульны клопат, і напэўна таму расце вясёлым, добразычлівым і кампанейскім хлопчыкам. 
– Дзеці – для нас самы вялікі скарб, самае галоўнае багацце, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Мы іх вельмі любім і, нягледзячы на занятасць нашага таты, стараемся як мага больш часу праводзіць усе разам. Добрай сямейнай традыцыяй стала асаблівым чынам адзначаць Дні нараджэнняў нашых дзетак. Кожнаму з іх мы прапануем выбраць тое месца, дзе ён хоча правесці святочны дзень. Гэта можа быць каток, тэатр, парк адпачынку і інш. Такім чынам, пяць раз на год мы абавязкова выбіраемся дзесьці ўсёй сям’ёй. Акрамя таго, выязджаем на пікнікі. Рыхтуем маленькія сюрпрызы для кожнага на Дні анёлаў. І, канечне, галоўныя і самыя доўгачаканыя для ўсіх святы – Ражаство і Пасха. Кожны дзень мы сустракаем малітвай, заўсёды молімся вечарам, перад ядой, наведваем храм. 
Ёсць у дзяцей з сям’і Грэцкіх і свае абавязкі.
– А як інакш? – разважае мама. – Кожны дзень я складаю графік, у якім указваю, хто чым будзе сёння займаецца. – Хтосьці мые посуд, хтосьці ўбірае кватэру, хтосьці прыбірае клетку марской свінкі. Але ўсё гэта выконваецца толькі пасля таго, як дзеці адпачылі пасля школы і зрабілі ўрокі. Ёсць у іх і свабодны час, калі яны могуць пагуляць, заняцца музыкай. Дарэчы, хлопчыкі-блізняты наведваюць школу мастацтваў, дзе вучацца іграць на баяне. 
Нягледзячы на ўсе хатнія клопаты і занятасць Таццяна Аляксандраўна ўсё ж знаходзіць час і для сябе. Яна – сучасная матуля: разам з мужам стварылі свой дзіцячы сайт, а некаторы час яна пісала артыкулы і для іншых сайтаў. Нядаўна закончыла курсы масажу – два месяцы вучылася ў Гродне. Цяпер у сям’і – свой масажыст!
– Я вельмі люблю ўтульнасць, прыгажосць, пастаянна наводжу ўсюды парадкі, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Напэўна, усё гэта закладзена ў маім імені, якое ў перакладзе з грэчаскага азначае “наладжвальніца”.
Я развіталася са сваёй суразмоўцай, а на душы стала светла і хораша ад такой простай жыццёвай бяседы з такім светлым чалавекам. Крыху пазней мне пашчасціла пазнаёміцца з усім сямействам Грэцкіх. Гэта добразычлівыя адкрытыя людзі, якія сапраўды паважаюць адзін аднаго і жывуць у згодзе. А вось хто мяне проста пакарыў, дык гэта самы маленькі – Елісейка! Мы з ім адразу пасябравалі. Вось дзе сапраўднае жаночае і мацярынскае шчасце – цудоўная сям’я: муж і дзеці.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!