Цэнтр прыцяжэння радзіны

Для вялікай сям’і ён знаходзіцца ў доме, дзе пад боскай апекай, акружаная клопатам блізкіх, жыве 104-гадовая Марыя Феліксаўна Турэвіч – старэйшая жыхарка Шчучына 

Мечыслаў Станіслававіч Турэвіч – шчаслівы чалавек. Кожны раз, калі ён вяртаецца з працы дамоў, насустрач яму выходзіць мама. Сэрца матулі – самы дакладны апавяшчальнік: свайго малодшанькага, якому падбіраецца пад 60, 104-гадовая Марыя Феліксаўна адчувае на адлегласці. З яго сям’ёй яна і жыве пад адным дахам. Менавіта тут, на вуліцы Маладзёжнай,11 у Шчучыне, знаходзіцца цэнтр прыцяжэння іх вялікай радзіны.

А сёння ў Марыі Феліксаўны – радасць падвоеная: з расійскага Балтыйска прыехала на малую радзіму дачка Сабіна. Яшчэ праз некалькі хвілін старэнькую матулю беражліва і з асаблівай пяшчотай прытуліў да грудзей сын Тадэвуш, які з жонкай Соф’яй Восіпаўнай прыйшоў з суседніх Навасёлак. Далучылася да кампаніі абыходлівая і ўважлівая нявестка Ірына Іванаўна – жонка сына Мечыслава. З гэтымі роднымі і блізкімі людзьмі, а таксама з васьмю ўнукамі і чатырнаццаццю праўнукамі зайшла мая гераіня ў браму даўгавечнасці, якую дараваў ёй Гасподзь. Згадзіцеся, вялікая сям’я і ёсць той важкі “пасаг”, які падрыхтавала гэта ўнікальная жанчына роднай старонцы і грамадству.
– Мама праз усё жыццё праносіць любоў да Бога, – кажа сын Мечыслаў. – У тыя часы, калі касцёл у Шчучыне быў зачынены, збіралася і ехала на набажэнствы ў Жалудок, Каменку, ішла пехатой у Лядск ці іншую вёску. А яшчэ яе прыгожы голас гучаў у касцельным хоры... 


У дома, дзе цяпер жыве старэйшая жыхарка Шчучына, свая гісторыя. Бацька Марыі Феліксаўны, калі выдаваў дачку замуж, выдзеліў ёй у пасаг надзел зямлі. Тут яны з мужам Станіславам у далёкім 1939-ым пабудавалі хату. Дарэчы, гэта быў першы будынак на пустцы за фанерным заводам (цяперашнім “Аўтапровадам”. – Заўв. аўтара). У святліцы дома стаялі пяць калысак іх дзяцей. На жаль, адно дзіцятка памерла маленькім. А цяпер вочы маці затуманьваюцца слязой, калі яна глядзіць на суседні дом: там жыў і зарана пайшоў з жыцця яшчэ адзін яе сын Станіслаў... 
Нягледзячы на “шыкоўны” ўзрост, Марыя Феліксаўна памятае ўсё да драбніц, ахвотна ўзгадвае пра былое. Як многа і цяжка даводзілася працаваць, будавацца, паднімаць дзяцей, упраўляцца з вялікай гаспадаркай, пераносіць выклікі лёсу. Былі праблемы са здароўем, але ў адчай не ўпадала. Галоўнае ў сям’і – лад і згода, сцвярджае сёння бабуля. Яны са Станіславам Адамавічам на сумесным жыццёвым шляху даўжынёй ў больш чым пяць дзесяцігоддзяў абыходзіліся без знявагі, сварак і прыдзірак. Муж з любоўю і надзвычай беражліва адносіўся да свае палавінкі. “Як гэта сёння жыць і сварыцца?” – не разумее доўгажыхарка.
Пра бязмежную мацярынскую любоў да дзяцей расказваюць дачка Сабіна і сын Тадэвуш: “Калі былі малымі, мама нас лашчыла і аберагала. А мы дапамагалі трымаць у спраўнасці гаспадарку. З гэтага і жылі”.
 Бабуля Марыя – жанчына адукаваная: скончыла 4 класы польскай школы. І яшчэ б вучылася, але трэба было працаваць – у бацькоў дзяцей было многа. Да нядаўняга часу магла чытаць. А цяпер зрок і слых пагоршыліся, скардзіцца яна. Гаваркой і ахвотнай да зносін з людзьмі жанчыне прыняць гэта цяжка. Між тым на прасторны падворак выходзіць, каб удыхнуць настоенае на травах паветра. 
 Заўважаю: Марыя Феліксаўна, гаворачы пра зямное, абавязкова усхваляе Пана Бога. 
– Хвала Богу, што ён даў мне акуратных дзяцей, – даводзіць мне пра сваю галоўную радасць доўгажыхарка. – У дрэнную справу не ўлезлі, нікога не пакрыўдзілі. І нявесткі добрыя, і зяць быў добры чалавек, а ўсе ўнукі з сумачкамі ходзяць (гэта значыць, адукаваныя – Заўв. аўтара).


Сын Мечыслаў называе матулю “польскай кветкай”. Відаць, за яе жаданне заўжды заставацца сапраўднай жанчынай, сачыць за сваім знешнім выглядам. Перад фотасесіяй Феліксаўна з непакоем пацікавілася ў дачкі і нявесткі, ці хоць добра завязана хусцінка на галаве... У ежы доўгажыхарка не пераборлівая. “Любіла есці ўсялякае”, – прызнаецца яна. “І цяпер патрабуе да стала... мяса ці каўбасу”, – расказвае нявестка Ірына – персанальны бабулін повар і галоўная апора. “Вельмі любіць слодычы, найбольш ледзянцы і... марожанае”, – з усмешкай дадае сын Мечыслаў.
Дарэчы, Мечыслаў Станіслававіч Турэвіч беражліва захоўвае памяць пра сваіх продкаў і вельмі стараецца, каб дзедаўская зямля не прыйшла ў заняпад. Бацькоўскі дом ён пашырыў па плошчы, дабавіў гарадскія выгоды. Сюды ў лютым, на дзень нараджэння бабулі Марыі, а таксама на іншыя сямейныя ўрачыстасці і вялікія рэлігійныя святы любяць з’язджацца родныя. Вось і Сабіна Станіславаўна прызнаецца, што побач з мамай, братам Мечыславам і яго жонкай Ірынай адпачывае душой. А сам Мечыслаў ганарыцца, што іх родавае гняздо на Маладзёжнай стала большым: па-суседстве пабудаваўся адзін з пляменнікаў – сын брата Тадэвуша. У кожным з трох дамоў гаспадары хлебасольныя, сваякам рады.
“А дзе старэнькая бабулька?” – з парога пытаецца 4-гадовы праўнук Косця і стрымгалоў бяжыць у пакой, каб прывітацца і падзяліцца цукеркамі. Дай Бог, каб гэтай радасці ён не быў пазбаўлены яшчэ доўга.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!